Другие материалы рубрики «Бизнес-новости»

  1. Прыём прац на шосты AD.NAK! працягнуты да 8 чэрвеня ўключна
    Па стане на 1 чэрвеня ўсяго на намінацыі і конкурсы пададзена больш за 200 работ...
  2. Апошні тыдзень, каб паспець на шосты AD.NAK!
    Завяршэнне прыёму працаў на фестываль AD.NAK! — ужо 1 чэрвеня.


Бизнес-новости

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачаў прыём працаў 15 сакавіка


Фестываль AD.NAK! у гэтым годзе атрымаў лагічны працяг і развіццё. Конкурсная праграма фестывалю 2011 года будзе значна пашыраная за кошт новых тэм і кірункаў, якія існуюць на камунікацыйнай прасторы Беларусі.

AD.NAK!

Другі фестываль AD.NAK! у гэтым годзе мае тлумачальны дадатак — фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі.

Галоўная адметнасць Другога фестывалю: разам са звычайнай рэкламай і PR значная ўвага надаецца працам, скіраваным на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаныя і прасоўваліся да аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі.

Такім чынам, апроч рэкламы і прамоцыі, у фестывалі возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты, напрыклад, фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастановы і інш. культурніцкія і грамадскія праекты.

Акрамя гэтага, адбор працаў на Другі фестываль і іх ацэнка будуць весціся паводле іншых, больш жорсткіх прафесійных крытэраў, што, безумоўна, павысіць каштоўнасць узнагародаў і перамогаў. Як і ў мінулым годзе, удзел у фестывалі будзе бясплатным.

Збор працаў будзе весціся з 15 сакавіка па 6 чэрвеня. Асноўны фестывальны дзень пройдзе 23 чэрвеня. Цягам гэтага дня будуць ладзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікатыўнага рынкаў Рэспублікі Беларусь. Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Фестывалю 2011 года.

Па выніках правядзення Фестывалю ў 2010 годзе стала зразумела, што як для спажыўцоў, так і для яе вытворцаў і рэкламных агенцый, рэклама і камунікацыя на беларускай мове цікавыя. Але яны пакуль не з’яўляюцца падмуркам для камунікацыі, а ў сваёй большасці ўспрымаюцца толькі як нейкае вылучэнне з агульнага шэрагу.

Галоўнай мэтай фестывалю AD.NAK! арганізатары лічаць далейшую выпрацоўку нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошук новых формаў камунікацыі, адзначэнне найбольш эфектыўных сярод даўно існых, высвятленне, наколькі якасным камунікацыйным інструментам з’яўляецца беларуская мова, наколькі эфектыўнай з’яўляецца нацыянальна арыентаваная рэклама.

“Апошнім часам павялічваецца зацікаўленасць рэкламістаў да выкарыстання ў сваіх працах беларускай мовы, аднак да мінулага года амаль ніхто ўсур’ёз не займаўся сістэматызацыяй і аналізам беларускамоўнай рэкламы, — адзначыла на урачыстым мерапрыемстве з нагоды пачатку Другога фестывалю каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. — На жаль, рэкламадаўцы пакуль збольшага не выкарыстоўваюць вялізны патэнцыял беларускай мовы. Рэклама на беларускай мове часцей за ўсё ўспрымаецца толькі як сродак вылучыцца ў агульным рэкламным шэрагу. Акрамя таго, у рэкламе пакуль слаба выкарыстоўваецца арыентаванасць на нацыянальныя адметнасці і ментальнасць нашага народа”.

Мэтай Першага фестывалю AD.NAK! у 2010 г. было імкненне акрэсліць становішча беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе і сабраць максімальную колькасць працаў і ўдзельнікаў. Таму спаборніцкі акцэнт, які ўласцівы фестывалям рэкламы, быў адсунуты на другі план.

“Сёння рэкламы ў яе класічным і чыстым выглядзе робіцца ўсё менш, і часцей за ўсё прафесійныя гульцы гэтага сегменту рынку ўжываюць тэрмін “камунікацыя”, таму што сучасны свет развіваецца і ўдасканальваецца. Сёння на першы план выходзяць эфектыўнасць і пошук новых, крэатыўных формаў камунікацыі, — адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурса Marketing.by. — Эра лічбавых тэхналогій (Digital Age) дазваляе брэндам лепей ведаць і разумець свайго спажыўца. І ў гэтай новай камунікацыі значнае месца, безумоўна, належыць мове”.

Значна пашыраная колькасць намінацый у катэгорыі “Інтэрнэт-рэклама”, а таксама “Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды інш. праекты”. Гэта зроблена, каб павялічыць колькасць удзельнікаў у гэтых катэгорыях.

“Мы звернем адмысловую ўвагу і на новыя медыі: як працуюць на беларускай мове лідары меркаванняў і блогеры, хто з іх самы цікавы, якія яшчэ з’явіліся адметныя прадукты ў гэтым кірунку. Заўважым, што новыя медыі — гэта і электронныя гульні, і інш.”, — дадае Сяргей Скараход.

Сёлета ўпершыню будзе дзейнічаць спецыяльная намінацыя «Беларускаарыентаваная рэклама і камунікацыя», якая звяртае ўвагу на выкарыстанне асаблівасцяў беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці (ментальнасці беларусаў). Гэтая намінацыя ўведзеная для рускамоўных ці часткова рускамоўных працаў. Галоўная мэта намінацыі — заахвоціць тых, хто імкнецца распрацоўваць тэму беларускаментальнай рэкламы.

Для тых, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў, будзе дзейнічаць антыпрэмія «Каша сувораўская», якая вызначыць найбольш непрафесійныя працы і падыходы ў рэкламе.

Удзельнікамі Фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцыі, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.

Арганізатары ўпэўненыя, што Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! стане пляцоўкай, якая аб’яднае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яго галоўная мэта — звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу, выкананую на беларускай мове.

Працы ад удзельнікаў прымаюцца Аргкамітэтам фестывалю па адрасах: [email protected] і [email protected] з 15 сакавіка па 6 чэрвеня 2011 года.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо па e-mail [email protected] . Уся падрабязная інфармацыя пра Фестываль, яго конкурсную праграму і ўмовы ўдзелу змешчаная на сайце Фестывалю ADNAK.BY.

AD.NAK!

ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЮ ўключае:

Конкурсную праграму, якая дае магчымасць усім прадстаўнікам прафесійнай галіны прадставіць і зрабіць адметнымі свае працы.

Адукацыйную праграму, якая будзе праходзіць увесь фестывальны дзень 23 чэрвеня і ўключыць серыю майстар-класаў і семінараў вядучых рэкламістаў Беларусі, круглых сталоў і сустрэч з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікатыўнага рынку Рэспублікі Беларусь. Гэта дасць магчымасць удзельнікам падвысіць узровень ведаў у прафесійнай галіне, а таксама стане пляцоўкай для прафесійнай камунікацыі і зносін.

Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Фестывалю 2011 года.

У межах Фестывалю прадугледжаныя наступныя НАМІНАЦЫІ:

A. Тэлевізійная і кінарэклама:
A-1. Рэкламны ролік;
A-2. Прома-, прэзентацыйны, мультымедыйны ролік альбо фільм;
A-3. Ролік для сеткі Інтэрнэт.

B. Друкаваная і вонкавая рэклама:
B-1. Рэклама ў друкаваных СМІ;
B-2. Вонкавая рэклама;
B-1. Indoor-рэклама (шырокафарматная рэклама ў гандлёвых пунктах).

С. Дызайн & Art Direction:
С-1. Шматстаронкавыя выданні (кнігі, буклеты, карпаратыўныя выданні, каталогі, гадавыя справаздачы, медыя-kit і інш.);
С-2. Каляндар (карпаратыўны, мастацкі);
С-3. Карпаратыўны стыль;
С-4. Лагатып;
С-5. Рэкламны фотаздымак;
С-6. Этыкетка і ўпакоўка;
С-7. Паштоўкі, флаеры, запрашэнні і інш.;
С-8. Постары;
С-9. Вокладкі часопісныя, кніжныя, CD;
С-10. Выставачны дызайн;
С-11. POS-матэрыялы: аздабленне месцаў гандлю, элементы мерчандайзінгу;
С-12. Рэкламныя сувеніры і бізнэс-падарункі.

D. Радыё- ці аўдыёрэклама:
D-1. Ролікі для радыёэфіру і для эфіру ў залах гандлёвых аб’ектаў

E. Інтэрнэт-рэклама (банеры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.):
E-1. Web-сайт (micro-сайт, web-сайт, выкананыя для кампаніі, брэнду альбо прадукту, у тым ліку прома-сайт);
E-2. Банер i іншая медыйная рэклама (розныя тыпы банераў, у тым ліку rich media; pop-up і інш., пры неабходнасці трэба паказаць працу ў кантэксце сайта, на якім адбывалася размяшчэнне);
E-3. Інтэрактыўная рэкламная кампанія з ужываннем не менш чым 2 розных інструментаў (напрыклад, банер, прома-сайт, блог, форум і г.д.);
E-4. Кампанія ў сацыяльных сетках, суполках, вірусная рэклама; крэатыўныя рашэнні для гульняў, блогаў;
E-5. Іншая інтэрактыўная рэклама і лічбавыя рашэнні, якія не могуць увайсці ў пералічаныя катэгорыі (гульні, рэклама для мабільных тэлефонаў, смартфонаў і інш.).

F. Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты:
F-1. Найлепшая праграма ў галіне sales-promotion, або Найлепшая прома-кампанія;
F-2. Найлепшая праграма ў галіне event-маркетынгу (улічваючы спонсарства);
F-3. Найлепшая праграма ў галіне трэйд-маркетынгу (улічваючы мерчандайзінг);
F-4. Найлепшая рэкламная кампанія з выкарыстаннем аднаго канала медыяў;
F-5. Найлепшая кампанія з выкарыстаннем двух і больш каналаў медыяў (напрыклад, in store, прома, інтэрнэт);
F-6. Найлепшая PR-кампанія з выкарыстаннем любых камунікатыўных сродкаў (навіны, рознафарматныя публікацыі, суполкі ў сацыяльных сетках і інш.);

G. Грамадска значныя праекты ў галіне мастацтва і культуры:
G-1. Фестывалі, канцэрты, выставы, галерэі, культурныя мерапрыемствы, спартыўныя мерапрыемствы, вечарыны, тэатральныя пастановы, забаўляльныя праекты, кнігі, фільмы, DVD, CD з запісамі і г.д.

H. СМІ альбо медыя-праекты
H-1. ТБ, радыё, часопіс, газета, інфармацыйны інтэрнэт-партал (у тым ліку беларускамоўная версія інфармацыйнага парталу).

I. Сацыяльная рэклама:
I-1 ТБ, вонкавая рэклама, постары і інш.

J. Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект:
J-1. Праекты, якія свае канцэпцыі грунтуюць на асаблівасцях беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці (ментальнасці беларусаў); беларускія “маркёры” без прывязкі прадукту да мовы.

K. Антыпрэмія «Каша сувораўская»:
K-1. Для тых, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў, заснаваная антыпрэмія «Каша сувораўская» (выкрыванне непрафесійнага падыходу ў рэкламе).

У межах Фестывалю прадугледжаныя наступныя КОНКУРСЫ:

L-1. Конкурс падрыхтаваных канцэптаў і ідэй, якія не знайшлі практычнай рэалізацыі;
M-1. Конкурс маладых беларускіх рэкламістаў (да 28 гадоў);
N-1. Рэкламны фотаздымак;
O-1. Пародыя на рэкламу (ролік, банер, постар і інш);
P-1. Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган;
Q-1 Конкурс на найлепшае пераагучванне рэкламнага роліка сусветнага брэнду.

Агульныя патрабаванні да падачы работ:

Удзельнікамі Фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцыі, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.

Работы прымаюцца Аргкамітэтам Фестывалю з 15 сакавіка па 6 чэрвеня 2011 года.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца рэкламныя прадукты і камунікатыўныя праекты, прынятыя замоўцам і рэалізаваныя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў і якія не ўдзельнічалі ў Першым фестывалі AD.NAK!.

Таксама у асобных намінацыях могуць узяць удзел падрыхтаваныя і створаныя канцэпты і ідэі, якія не знайшлі практычнай рэалізацыі і грамадска значныя праекты ў галіне мастацтва і культуры: фестывалі, канцэрты, выставы, галерэі, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, вечарыны, тэатральныя пастановы, забаўляльныя праекты, кнігі, фільмы, DVD, CD з запісамі і г.д.




Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 1)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева