Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Беларускі спектакль трапіў у атмасферу ўсерасійскай гістэрыі
    Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра скандал пасля спектакля “Бі-Лінгвы” ў Маскве…
  2. На основе почерка Янки Купалы создали компьютерный шрифт
    «Самой сложной была буква «Ф» и «Ю» большая. Это было настоящее чудо, что мы ее нашли»...


Культура

Сяброўка Быкава і Арсенневай прэзентуе кнігу ў Гродна

 

Данута БічэльДанута Бічэль (Бічэль-Загнетава) нарадзілася 1 студзеня 1938 года ў вёсцы Біскупцы (цяпер Лідскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям`і. Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты — гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Хадзі на мой голас». Аўтар паэм і кніг вершаў для дзяцей «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985). За зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож» у 1984 годзе атрымала Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы. У студзені 2008 года у залі беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі адбылася персанальная выстава Дануты Бічэль, прысвечаная яе 70-годдзю.

У жніўні гэтага года свет пабачыла першая кніга прозы — зборнік нарысаў, мемуараў і эсэ — вядомай беларускай паэткі Дануты Бічэль. Кніга «Хадзі на мой голас» была прэзентавана 3 жніўня ў вёсцы Біскупцы, на радзіме паэткі. Пагартаць зборнік, сустрэцца з культавай беларускай літаратаркай, якая памятае Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Наталлю Арсенневу, і атрымаць з яе рук экземпляр з аўтографам, сёння з’явіцца магчымасць у гродзенцаў, паведамляе БЕЛТА.

Кніга ўспамінаў Дануты Бічэль
Гэта кніга была выдадзена ў польскім Вроцлаве у межах серыі «Гарадзенская бібліятэка» пры падтрымцы аргкамітэта грамадскага руху «За свабоду» і калегіума Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Язеранскага пры Вроцлаўскім універсітэце. Раней у межах серыі «Гарадзенская бібліятэка» ужо выйшла манаграфія доктара гістарычных навук Юрыя Гардзеева «Магдэбургская Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя стасункі ў 16-18 стст.)».

Упершыню зборнік Дануты Бічэль быў прэзентаваны ў двары дома яе сястры Рэні Супрэнь. На прэзентацыю сабраліся даўнія суседзі паэткі, жыхары вёскі Біскупцы, а таксама гродзенскія літаратары, мастакі і грамадскія дзеячы.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства, грамадскі дзеяч Павал Мажэйка адзначыў тады, што асабліва важна было пачаць серыю прэзентацый менавіта з роднай вёскі паэткі. «Мы вярнуліся да каранёў, да тых мясцін, з якіх чэрпаем энергію. Беларуская традыцыйная вёска вымірае, і гэта сумна. Мы хацелі зрабіць свята для Біскупцоў, для іх чыстых і светлых жыхароў. І нам гэта ўдалося», — сказаў ён.

У кнізе, багата ілюстраванай фотаздымкамі, аўтарка ўзгадвае падзеі грамадскага жыцця ў Гродна ў 80-90 гады ХХ стагоддзя, вядомых асоб, якія ў розныя часы з’яўляліся яе сябрамі: айца Уладзіслава Чарняўскага, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Артура Цяжкага, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ірыну Крэнь, Анатоля Сыса, Хрысціну Лялько, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Наталлю Арсенневу. Ёсць у зборніку і нарыс пра Чэслава Мілаша, з якім паэтка знаёмая не была, але, па яе словах, «здаецца, што былі знаёмыя ўсё жыццё».

«Захацелася скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка — яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў, — кажа Данута Бічэль ва ўступе да кнігі. — У маёй жыццёвай прыгодзе паэткі найважнейшымі з'явамі былі людзі, якія мяне любілі, якіх я любіла. Цяпер я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш. Дасканалай мовай прозы я не валодаю. Таму атрымаліся эсэ.

Вядома, гэтая кніжка няроўная. Я не ўсюды дала рады сваім эмоцыям. На мяжы паміж паэзіяй і прозай, калі ўдаецца заскочыць за далягляд думкі, дзе пачуццё і думанне зліваюцца ў адно, мае эсэ атрымаліся. Заходзьце да мяне, хто ў смутку, душа кніжкі заўсёды адчынена…
»

Назваць сваю кнігу сказам-поклічам паэтку прымусіў голас Васіля Быкава, які паклікаў яе за сабой.

«Мы былі ў Скідзелі, на нейкай вечарыне, выйшлі з клуба, было цёмна, ішоў дождж, вакол стаялі лужыны, і ён гукнуў: «Хадзі на мой голас». І мне падумалася — як ён добра сказаў, бо я ўсё жыццё ішла на яго голас. І калі шукалася назва для кнігі, я ўспомніла гэты выпадак і гэту фразу», — прызналася Данута Бічэль у інтэрвью «Радыё Свабода».

Паэтка кажа, што для мемуараў выбірала тых людзей, якія сапраўды ўпрыгожылі яе жыццё, каб не дзяліцца дрэнным, каб «не ўсё на продаж». Тым не менш, некаторыя героі яе жыцця так і не патрапілі ў кнігу, бо пакуль што на іх проста не знайшлося словаў.

Пісаць пра Быкава, па словах Дануты Бічэль, было складана, хацелася выбіраць лепшыя словы, не пакрыўдзіць нікога дробяззю. А эсэ пра дагэтуль не рэабілітаваную беларускай дзяржавай Ларысу Геніюш атрымалася лёгкім, светлым, да яго дадалася і перапіска дзвюх паэтак. Першае ліставанне, праўда, не захавалася — было спалена яшчэ ў 1967-м…

Ларыса Геніюш у гэтай кнізе займае першае месца. «Яна сапраўды — мая духоўная маці, яна мяне стварыла. Я пра гэта пішу, — кажа Данута Бічэль. — Мне вельмі прыемна, што кніга «саспела» якраз перад днём нараджэння Ларысы Антонаўны».

Паэтка лічыць, што да стагоддзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш патрэбна выдаць усю яе перапіску.

«А ўвогуле трэба выдаць усе творы Геніюш ад пачатку да канца — вершы, прозу, успаміны, паэмкі яе ўсе — і ўдалыя, і няўдалыя», — адзначае Данута Бічэль.

З кнігі «Хадзі на мой голас»

У 1988 годзе ў Беластоку я даведалася адрас Наталлі Арсенневай і напісала ёй ліст. Яна адказала. Яна не верыла ўжо, што можна хоць лістком даляцець да Беларусі. За паўстагоддзя жыцця на чужыне. Перапіска наша была нядоўгай. Наталля мне адказвала з доўгімі перапынкамі, і лісты ішлі доўга. Яна хварэла, яе блізкія хварэлі, яе ўнучка перанесла траўму, трапіла ў аварыю. Яе нявестка памерла маладой, пакінула двое дзетак і старых бацькоў, паэтка дапамагала сыну апекавацца ўсімі.

Яна прыслала мне том вершаў «Між берагамі» з надпісам:

«Дарагая Данута! Дзеляць нас з Вамі адлегласці ў тысячы міляў, але чуемся мы, быццам лучыць і нас, і нашу творчасць нешта непадзельнае і чарадзейнае, а гэта слова — Беларусь! Ці ж не? Хай жа ж будзе яно, гэта слова, і з намі заўжды і ўсюды. Наталля Арсеннева, кастрычнік 1989 года».

Шкадую моцна, што я не напісала ёй пра яе паэзію ўсіх добрых слоў. Як яна натхняла мяне, захапляла ад першых спатканняў у віленскім часопісе «Калоссе», які я чытала ў гродзенскім архіве яшчэ студэнткай. Яе вершы — гэта шквал пачуццяў, гэта як усё роўна нехта ўзнімае цябе — і ты даеш нырца ў блакіт, у асвяжальны моўны вір — і робішся такой жа шматколернай, стракатай і свежай, як яе вершы. Адкуль на фоне нашай ціхай зеляніны гэтая шматбарвовасць, гэта пачуццёвая буйнасць, інакшасць, гэтая святочнасць?! Як Ніягарскі вадаспад — такая высокая, глыбокая, акіянская, такая нястрымная, як бы яна прадчувала сваё будучае жыццё не ў сціплай прыродзе, а там, сярод індзейскіх і негрыцянскіх цёмных рваных рытмаў, хрысціянская і язычніцкая, яна лавіла сваім чуццём гэтую ўсю непамернасць і знішчала спакой традыцыйных дактыляў, анапестаў. I мова яе беларуская — як бы не наская гэта мова, мова слоўнікаў братоў Гарэцкіх і Ластоўскага, нібыта сялянская, а зусім элітная.

«Італьскае віно пагарай праліецца...» «Пакуль павесіць ноч на чорным небе ветах, я кужалем сівым няўзнак датку свой верш...»

Вядома, цякла ў яе паэзіі кроў Міхаіла Лермантава, які быў яе продкам па жаночай лініі, вядома, ужо былі створаны гарадскія вершы Максіма Багдановіча...

А Іосіф Бродзкі яшчэ не нарадзіўся. Ён найбліжэй да яе па творчай манеры, — гэтаксама нанізваў вобразы, грувасціў іх, як Наталля Арсеннева.

У часопісе «Калоссе» я разглядвала фотку Наталлі Арсенневай і Максіма Танка: яны неяк інтымна прытуліліся, як два галубкі, двое шчаслівых у сва-ёй духоўнай сяброўскасці, лучнасці...

А містычна — з другога боку — я каля Максіма Танка бачыла Ларысу Геніюш. Не спытала ў яе і не ведаю, ці спрабавала Ларыса напісаць Наталлі ў ЗША, ці хоць калі яны сустрэліся... Затое Анатоль Іверс апавядаў, як у вайну прыехаў у Слонім беларускі тэатр з Мінску, у якім Наталля Арсеннева працавала, загадвала літаратурнаю часткаю. Былі яны знаёмыя па віленскім друку, таму Наталля з даверам сказала, што немцы хутка пакінуць Беларусь, а ёй давядзецца выехаць на эміграцыю. Анатоль Іверс прапаноўваў ёй сувязь з падполлем, але яна ведала, што камуністы яе не пашкадуюць, — муж працаваў у Самапомачы...

«Дык дай мне роднага парогу

даткнуць, пакуль замкнецца кола...» —

Прасіла паэтка малітоўна ў Бога. Кола замкнулася, там засталася Наталля Арсеннева — за акіянам, а лісткі яе думак, яе вершаваных радкоў прынеслі пошта і любоў да нас. Да нас, якія «паміж берагамі...» Толькі не рака нас разлучала, а нябёсы. Ці ёсьць у іх берагі?

Натальля Арсеньнева вытрывала паўстагоддзя жыцця на эміграцыі. Была яна духоўна дужай, мела Бога ў сэрцы, мела слова роднае, за якое трымалася, мела сям’ю і «запраўдную» сяброўку Яню Каханоўскую — бабулю Данчыка Андрусішына з роду Луцкевічаў (памерла 17.07.2005 году).

На эміграцыі людзі не жывуць, а ў большасці выжываюць, трымаюцца ад сустрэчы да сустрэчы за Бога і ўспаміны, якія перабіраюць у памяці.

Некалі да апошняй вайны нашы дзяды ездзілі ў Амерыку па заробкі на хлеб. I вярталіся. Жыць чалавеку трэба дома, чалавек — не дрэва, і без магілаў продкаў ён засыхае. Або прыжываецца на чужым дрэве, як прышчэп.

Вялікая беларуская паэтка Наталля Арсеннева перад разьвітаннем пісала мне ў лістах — пра Беларускі Крыж, усталяваны ў Канадзе, пра Чарнобыль, пра надвор’е, пра баравічкі, якія яна збірала ў парку, быццам яны прараслі праз зямную цвердзь з Беларусі, яна цытавала сама сябе. Яна бачыла і разумела чужое, але жыла толькі сваім. На чужыне няма шчасця.

«Гарадская» прэзентацыя зборніка пачнецца ў 18:30 па адрасе: Гродна, вул. Будзёнага 48а-44.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева