Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Детское «Евровидение» покорилось Украине
    Триумфатором детского «Евровидения-2012» стала 10-летняя Анастасия Петрик, исполнившая песню «Небо»...
  2. Юрий Хащеватский: пока не успеваю сделать то, что хотел бы
    Белорусскому режиссеру присудили российскую премию за вклад в кинолетопись…

Культура

Сяргей Міхалок: нягледзячы на абставіны, мы гатовыя сваволіць!

 

27 кастрыніка ў Pramogu Arena, што ў Вільні, з’ехалася больш за пяць тысяч беларусаў. Усе хацелі пачуць новы альбом “Рабкор” забароненага ў Беларусі гурта “Ляпіс Трубяцкі”. Амаль дзве з паловай гадзіны легендарны беларускі гурт выконваў новыя і старыя песні, у перапынках паміж якімі вялікі натоўп скандаваў “Жыве Беларусь!” Сяргей Міхалок адказваў: “Жыве!”

Удзень 27 кастрычніка на беларуска-літоўскай мяжы сабраліся даўжэзныя чэргі з машын і аўтобусаў, на якіх прыхільнікі “Ляпісаў” ехалі ў Вільню. Многія, каб патрапіць на канцэрт, пераходзілі мяжу пешкі і дабіраліся да літоўскай сталіцы на сваіх дваіх, альбо выклікалі таксоўку. Прапусціць адзін з нямногіх канцэртаў любімага гурта для беларусаў было б вялікай стратай. “Ды вы што! Гэта цэлая трагедыя – не трапіць сюды!” – кажа хлопец у саколцы з надпісам “Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы! Чаго хочаш? Долі лепшай!”, загорнуты ў бел-чырвона-белы сцяг. Сярод наведнікаў канцэрту былі заўважаныя як зусім малыя дзеткі з бацькамі, так і людзі сталага веку.

На ўваходзе ў Pramogu Arena, куды пачалі запускаць людзей за паўтары гадзіны да пачатку канцэрта, была зладжаная міні-ярмарка. Беларусы ахвотна набывалі магніты з Пагоняй, кружэлкі “Ляпісаў”, а таксама футболкі з цытатамі з ляпісаўскіх хітоў. Апошнія распрадаваліся вельмі хутка.

Пакуль зала вялікай канцэртнай пляцоўкі запаўнялася людзьмі, на сцэну выйшаў дзiджэй Дзмітрый Спірын, вакаліст гурта „Тараканы!“, які зладзіў вясёлы дзіджэй-сэт, ставячы класіку панк-року. Але людзі чакалі “Ляпісаў”. Арганізатарамі было заяўлена, што гурт выйдзе на сцэну ў 20:00, журналістам жа было сказана, што Міхалок з’явіцца не раней чым у 20:30. А восьмай людзі пачалі скандаваць: “Ля-піс, Ля-піс!”, выклікаючы гурт на сцэну. Спірын спрабаваў сцішыць натоўп, распавядаючы пра after-party, якое чакае тых, каму няма куды падзецца на ноч, альбо тых, хто хоча працягнуць адпачынак. Але людзей было не суняць.

“Ляпісы” выйшлі на сцэну ў 20:45, выклікаўшы сваім з’яўленнем вялікі ажыятаж. Як заўжды драйвова гурт выканаў амаль усе песні з новага альбома “Рабкор”, а таксама свае найлепшыя кампазіцыі з папярэдніх кружэлак. Амаль усе кампазіцыі тут жа падхопліваліся ўдзячнай публікай.

Пасля хіта апошніх гадоў “Я веру” Сяргей Міхалок першы раз звярнуўся наўпрост да людзей: “Нарэшце мікрафон у руках перастаў дрыжэць, як на першых песнях, мы справіліся з хваляваннем. Сёння насамрэч вельмі асаблівы дзень. Дзякуй гасціннай Вільні, што прыняла ўсіх нас! Атрыміваецца інтэрнацыянальны, па-сапраўднаму сяброўскі канцэрт, гэта нейкі такі моцны біямеханізм! Мы прыехалі сюды да вас з мірам! Я вельмі рады бачыць вялікую колькасць родных бел-чырвона-белых сцягоў.

Нягледзячы на ўсе абставіны, мы гатовыя сваволіць, весяліцца і радавацца жыццю! Яны, гэтыя кабінетныя сволачы, чакаюць, што мы будзем сумнымі, хочуць, каб мы былі самотнымі, каб перабягалі з аднаго кута ў іншы, схіліўшы галовы. Але яны не дачакаюцца! Мы радуемся жыццю, мы пішам новыя песні! У нас цячэ жывая кроў, і мы можам быць сапраўднымі дзікімі звярамі! Вядома, што калі дзікага звера саджаюць у клетку, ён будзе абараняцца. Калі спатрэбіцца, мы гатовыя абараняць кожны сантыметр асабістай свабоды! У нас ёсць стальныя аргументы!” .

Пасля больш чым дзьвюхгадзіннага драйву, выйшаўшы на біс адзін раз, Сяргей Міхалок падбадзёрыў беларусаў на развітанне: “Мы павінныя штодзень радавацца жыццю, распальваючы ў сабе свяшчэнны агонь. Верце ў сваю мару, верце ў сябе і пачасцей падключайце мозг!”

Таксама Міхалок зазначыў, што ён верыць у тое, што аднойчы гурт прыедзе з канцэртамі ў родны Мінск, будзе ездзіць па ўсёй Беларусі.

“Мы не такія старыя, каб граць па тры-чатыры гадзіны пад акустыку. Мы адчуваем сябе ўсё яшчэ пачынаючымі артыстамі, дастаткова перспектыўнай камандай!” – адказаў лідар “Ляпісаў” натоўпу, які не хацеў адпускаць яго са сцэны.

Пасля канцэрту для беларусаў, якім няма куды падзецца да раніцы, была зладжаная after-party у клубе Loftas з удзелам дзіджэя Спірына, а таксама літоўскіх музыкаў.

Віленскі канцэрт – адна з чатырох “ключавых” прэзентацый апошняга альбома гурта “Рабкор”. Папярэднія ўжо адбыліся ў Піцеры, Маскве і Кіеве.

Канцэрт быў зладжаны пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Поўны фотарэпратаж

Оценить материал:
Средний балл - 4.16 (всего оценок: 75)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...