Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Владимир Некляев: в Минске состоялась моя жизнь
    «Мы состоим из всех лет, которые прожили. И чем больше лет, тем хуже качество состава…»
  2. Автор «Стабилизатора»: если за мной придут, то вряд ли кто-то защитит
    Мрачное будущее Беларуси нарисовал в своем новом романе писатель Сергей Антонов — тотальная изоляция от внешнего мира, исправительные лагеря...

Культура

На кніжнай выставе прэзентавалі першы беларускі раман пра нашага Робін Гуда

 

У сераду на кніжнай выставе-кірмашы, што працягнецца ў мінскім выставачным комплексе "Белэкспа" да 10 лютага, выдавецтва "Рэгістр" прэзентавала першы беларускі раман. Малавядомы беларусам пісьменнік Якуб Брайцаў напісаў твор "Сярод лясоў і балот" у 1916 годзе — на чатыры гады раней за стварэнне Ядвігіным Ш. рамана "Золата", які беларускімі літаратуразнаўцамі традыцыйна лічыцца першым беларускім раманам. 

 

Раман "Сярод лясоў і балот" напісаны па-руску, бо ў тыя часы "мала хто пісаў па-беларуску, ды і ўлічваючы, што Якуб з Магілёўшчыны, многае становіцца зразумелым", кажа ўкладальніца кнігі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка

 

Гэты раман забытага нашчадкамі беларуса чакаў свайго выхаду ў свет амаль сто гадоў. У свой час яго хацеў апублікаваць сын пісьменніка, пасля пра яго выданне рупіўся паэт Алесь Пісьмянкоў, а для Ганны Запартыкі выданне твора стала сапраўды мэтай жыцця. Кніга нарадзілася дзякуючы выпадку. Неяк па зусім іншай справе да Ганны Вячаславаўны прыйшла рэдактар выдавецтва "Рэгістр" Таццяна Фалалеева. У кабінеце дырэктаркі архіва-музея была размешчаная выстава Якуба Брайцава.

“Я зацікавілася, хто гэты чалавек, — узгадвае Таццяна. — І Ганна Вячаславаўна распавяла мне цікавую і дзіўную гісторыю пра невядомага, на жаль, сёння, але вельмі таленавітага пісьменніка, творы якога выходзілі напрыканцы пазамінулага стагоддзя. Паколькі ў нашага выдавецтва тады была ідэя знайсці і выдаць нешта незвычайнае, забытае, нестандартнае, нам было вельмі цікава працаваць з гэтымі тэкстамі"

 

"Мне вельмі хочацца, каб Якуб Брайцаў, які так імкнуўся выдаваць свае творы пры жыцці, убачыў і пачуў нас з нябёсаў — і парадаваўся разам з намі, — усхвалявана і натхнёна кажа Ганна Запартыка. — У гэтага чалавека ўнікальная біяграфія. Вельмі авантурная, прыгодніцкая. Натуральна, што і яго творы вельмі біяграфічныя. Але раман, што даў назву гэтай кнізе — "Сярод лясоў і балот", — напісаны па біяграфіі іншага слаўнага прыгодніка таго часу Аляксандра Савіцкага. Гэта быў вельмі неардынарны чалавек, які прывёў у незвычайны рэвалюцыйны рух усю Магілёўскую губерню ў свой час, а таксама Чарнігаўскую, а можа, і яшчэ далей… Ён шукаў прыгодаў і славіўся тым, што яго нават сталі называць беларускім Робін Гудам. Якуб, варта адзначыць, рамантызаваў гэтую асобу. Але тым больш цікава прачытаць твор пра людзей таго часу, якія сваімі ўчынкамі мянялі ход гісторыі".

Паводле Ганны Запартыкі, першы беларускі раман напісаны вельмі цікавай мовай. “Натуральна, сяляне, якія жывуць на старонках рамана, размаўлялі па-беларуску, але ж раман сам напісаны па-руску, і словы сялян пададзеныя пісьменнікам у рускай транскрыпцыі, у якой адразу пазнаецца беларуская мова”, — кажа ўкладальніца кнігі. Ганна Запартыка зрабіла акцэнт на тым, што нягледзячы на тое, што тэкст напісаны на рускай мове, гэта беларускі раман. У ім пададзеныя ўнікальныя паданні Магілёўшчыны, Якуб Брайцаў распавёў, як на пачатку мінулага стагоддзя святкаваліся нацыянальная беларускія святы. Таму для нас Брайцаў — яшчэ і цікавы фалькларыст. 

 

Нельга сказаць, што Якуб Брайцаў не быў прызнаны сваімі сучаснікамі. Так, частку з яго апавядання пераклаў Максім Гарэцкі і апублікаваў у сваёй хрэстаматыі, Яўхім Карскі ўзгадваў імя Брайцава ў сваім знакамітым выданні "Беларусы". Высока адзначаў пісьменніцкі талент Якуба і класік рускай літаратуры Леў Талстой

У каментары для Naviny.by Ганна Запартыка адзначыла, што "можна весці гаворку пра першы рускамоўны беларускі раман. Справа літаратуразнаўцаў — чый раман лічыць першым. Давайце іх усе лічыць першымі: і раман Ядвігіна Ш., і Якуба Брайцава. Давайце не будзем забываць і пра Кузьму Чорнага. Якуб дваццаць год пражыў у Маскве, дзе ў яго не заладзіўся кветкавы бізнес і ён быў вымушаны вярнуцца ў Беларусь… Я думаю, што гэта кніга будзе цікавая найперш беларускай моладзі, бо тут ёсць і каханне, і каварства, і здрада, і крымінальныя гісторыі, і вобраз таго самага беларускага Робін Гуда. Моладзь жа любіць такія захапляльныя рамантычныя рэчы. З іншага боку, гэты раман зацікавіць і літаратуразнаўцаў. Думаю, мы павінныя больш шырокім колам вывучаць жыццё і творчасць Брайцава. Пакуль жа ён застаецца існаваць у так званым архіўным кантэксце. Спадзяюся, што яго імя ўздымецца на пэўны ўзровень цытавання, пазнавання — тады можна дудзе думаць аб выданні поўнага збору твораў Якуба Брайцава".

Наклад першага беларускага рамана "Сярод лясоў і балот" 500 асобнікаў, кошт — 97 тысяч беларускіх рублёў.

Фота: выдавецтва "Рэгістр"

Оценить материал:
Средний балл - 4.20 (всего оценок: 10)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...