Другие материалы рубрики «Выборы»

  1. Костусеву предлагали 100 тысяч долларов за выход из президентской кампании
    Это предложение мне поступило, когда с тем кандидатом мы были один на один в лесу. Но интересно, что сотрудники КГБ...
  2. НИСЭПИ: на досрочное голосование белорусы ходят добровольно
    К такому выводу пришли социологи в результате опроса, проведенного сразу после президентских выборов…

Выборы

Перадвыбарчая праграма Кастусёва: нацыянальныя iнтарэсы вышэй за ўсё

 

Свабода i адказнасць. Эканамiчны рост. Незалежнасць i Еўраатлантычны выбар

Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь Рыгора КАСТУСЁВА

Рыгор Кастусёў Рыгор Кастусёў i Партыя БНФ iдуць на прэзiдэнцкiя выбары, каб абаранiць карэнныя iнтарэсы беларускага народу. Партыя БНФ — старэйшая палiтычная сiла Беларусi, якая заўсёды кiравалася нацыянальнымi iнтарэсамi.

Нацыянальныя iнтарэсы вышэй за ўсё — вось наш прынцып.

На пасадзе прэзiдэнта кандыдат ад Партыi БНФ Рыгор Кастусёў зробiць усё для рэалiзацыi гэтага прынцыпу, згодна з палажэннямi дадзенай праграмы.



Свабода i адказнасць

Вяртанне да прынцыпу законнасцi i раздзялення ўладаў — першачарговая задача. Беларусь павiнна стаць прававой дзяржавай.

Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай сiстэмы прэзiдэнцкага кiравання да парламенцкай рэспублiкi. Канстытуцыйны сход павiнны вырашыць пытаннi пабудовы грамадска–палiтычнага ладу вольнай i незалежнай Беларусi, распрацаваць часовыя палажэннi i механiзм прыняцця новай Канстытуцыi, а таксама прызначыць Камiсiю па прававой рэформе i Камiсiю па люстрацыi. На пераходны перыяд дэмакратычны каалiцыйны Урад народнага даверу будзе сфармаваны па пазапартыйным прынцыпе на тэрмiн да правядзення свабодных выбараў Парламенту.

Скарачэнне дзяржапарату будзе наступнай задачай. Карупцыя, што апанавала кiруючы рэжым, — гэта ракавая пухлiна, якая паразiтуе на беларускай нацыi. Скiданне ярма бюракратыi i карупцыi будзе адбывацца адначасова са скасаваннем органаў палiтычнага пераследу i спецслужбаў, што абслугоўваюць iнтарэсы iснай уладнай групоўкi.

Сiстэма мясцовай улады будзе рэфармаваная ў адпаведнасцi з прынцыпамi Еўрапейскай Хартыi мясцовага самакiравання.

Свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Незалежныя СМI будуць сапраўднай «чацвёртай уладай», якая дапаможа знiшчыць усе праявы карупцыi. Будзе скасаваная дзяржаўная манаполiя на тэлебачанне i радыё.

Перагляд недэмакратычна прынятага заканадаўства будзе здзейснены неадкладна. Камiсiя па прававой рэформе вызначыць прыярытэтныя кiрункi рэфармавання. Мы бачым першачарговымi задачамi стварэнне заканадаўчых гарантыяў для справядлiвасцi незалежнай судовай сiстэмы i свабоды слова.

Гвалт над законам з боку аўтарытарнага рэжыму не павiнен застацца без пакарання. Мы не можам дазволiць забыцца на палiтычна матываваныя знiкненнi, збiццё дэпутатаў Парламенту i шматлiкiя факты рэпрэсiй. Усе факты парушэння законнасцi мусяць быць расследаваныя аб’ектыўна. Дзеля гэтага будзе створаная камiсiя па люстрацыi з шырокiмi паўнамоцтвамi i ясным механiзмам перадачы вынiкаў следства ў органы пракуратуры i суд.

Рыгор Кастусёў створыць нацыянальную сiстэму абароны правоў чалавека i справядлiвасцi, якая цяпер адсутнiчае ў Беларусi. Яна будзе ўключаць у сябе незалежны i справядлiвы суд, упаўнаважанага па правах чалавека. Будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Старыя спецслужбы будуць скасаваныя, КДБ будзе распушчаны, а ягоная дзейнасць, таксама як i дзейнасць ягоных папярэднiкаў, расследаваная Камiсiяй па люстрацыi. Новыя спецслужбы будуць створаныя з прафесiяналаў, не заплямленых палiтычнымi рэпрэсiямi, карупцыяй i злачынствамi.

Эканамiчны рост

Рыгор Кастусёў зробiць усё, каб у вынiку справядлiвай зямельнай рэформы была гарантаваная прыватная ўласнасць на зямлю, што створыць гаспадарчы падмурак новай дэмакратычнай Беларусi.

Будуць створаныя вольныя ўмовы для развiцця малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва, спрыяльныя ўмовы для крэдытавання бiзнэсу праз развiццё мiкрафiнансавання, стварэнне канкурэнцыi на рынку банкаўскiх паслуг, у тым лiку праз прыцягванне замежнага банкаўскага капiталу. Галоўнае для бiзнэсу — стабiльнасць правiлаў гульнi: частыя i беспадстаўныя змены заканадаўства будуць спыненыя.

Мытныя пошлiны на ўсе вiды тавараў, якiя не вырабляюцца на тэрыторыi Беларусi, павiнныя быць скасаваныя.

Эканамiчная iнтэграцыя з Еўрасаюзам азначае доступ нашай прадукцыi на еўрапейскiя рынкi. Але пры гэтым для нашай краiны для захавання канкурэнтаздольнасцi ў глабальным асяроддзi жыццёва неабходная мадэрнiзацыя эканомiкi. Рэжым аднаасобнай улады як састарэлая форма кiравання ёсць вынiкам захавання састарэлых формаў вытворчасцi. Прыярытэтам у iнвестыцыйнай палiтыцы будзе прыцягненне еўрапейскiх сродкаў дзеля стварэння сучаснай прамысловасцi i новых працоўных месцаў.

Па iнiцыятыве новага прэзiдэнта будзе створаны празрысты i некарумпаваны парадак заахвочвання замежных iнвестыцыяў.

Увядзенне моцнай нацыянальнай валюты — талера — арыентыр для грашова–фiнансавай палiтыкi. На блiжэйшы перыяд мэтай будзе правядзенне пiсьменнай i разважлiвай грашова–фiнансавай палiтыкi з мэтай пераадолення наступстваў сусветнага фiнансава–эканамiчнага крызiсу. Падаткавыя стаўкi будуць iстотна паменшаныя, а дзейнасць правяраючых органаў упарадкаваная.

Канкурэнтаздольная эканомiка немагчымая без сучаснай сiстэмы адукацыi i навукi. Мы скасуем усе абмежаваннi на мiжнародныя кантакты беларускiх навучальных установаў, будзем заахвочваць стажыроўкi, абмены, сумесныя праекты для прыцягвання ў краiну сучасных ведаў i тэхналогiяў. Прымусовае размеркаванне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага месца працы. Беларусь павiнная далучыцца да Балонскага працэсу i ўвесцi еўрапейскiя адукацыйныя стандарты, мусiць быць забяспечанае прызнанне айчынных дыпломаў у Еўропе. Павiнныя быць створаныя ўмовы для вяртання ў Беларусь Еўрапейскага гуманiтарнага ўнiверсiтэта, якi цяпер вымушаны працаваць па–за межамi краiны, а таксама для адкрыцця ў Беларусi фiлiялаў вядучых замежных унiверсiтэтаў.

Незалежнасць i еўраатлантычны выбар

Нацыянальныя iнтарэсы, а не зацiкаўленасць асобных груповак павiнны быць асновай знешняй палiтыкi дзяржавы. Беларусь ёсць неад’емнай часткай еўрапейскай цывiлiзацыi. Таму еўрапейскi шлях нашай краiны — гэта не пытанне геапалiтычнага хiстання памiж Масквой i Бруселем, а свядомы i асэнсаваны ўдзел у еўрапейскiх структурах у якасцi паўнапраўнага суб’екта.

Перагляд усiх мiжнародных дамоваў, якiя не адпавядаюць нацыянальным iнтарэсам, стане гарантыяй незалежнасцi нашай дзяржавы. Выхад з Мытнага саюзу, Саюзнай дзяржавы i падобных утварэнняў парве ланцугi, што прывязваюць Беларусь да Крамля.

Незалежнасць краiны ня будзе трывалай, калi яна не забяспечваецца культурнымi чыннiкамi. Новаабраны прэзiдэнт вярне спрадвечную нацыянальную сiмволiку — Пагоню i Бел–Чырвона–Белы сцяг. Будуць створаныя дзейсныя механiзмы падтрымкi i пашырэння ўжывання беларускай мовы. Органы дзяржаўнай улады i iншыя дзяржаўныя арганiзацыi павiнны функцыянаваць па–беларуску, а законы i iншыя нарматыўна–прававыя акты мусяць стварацца на беларускай мове. Галоўнаму аэрапорту краiны будзе нададзенае iмя народнага пiсьменнiка Васiля Быкава.

Энергетычная незалежнасць ёсць неабходнай умовай палiтычнай незалежнасцi. Мы выступаем за развiццё як альтэрнатыўнай энергетыкi i энергазберагальных тэхналогiй, так i даказаўшых сваю эфектыўнасць еўрапейскiх падыходаў да развiцця атамнай энергетыкi. Энергетычнае супрацоўнiцтва з iншымi дзяржавамi мусiць стаць альтэрнатывай расiйскаму iмперыялiзму.

Цяперашняя дэмаграфiчная сiтуацыя пагражае незалежнасцi i самому iснаванню беларускай нацыi. Кожная сям’я пры ўзяццi шлюбу павiнна атрымлiваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якiм зможа скарыстацца пры нараджэннi другога дзiцяцi. Вырашэнне дэмаграфiчнай праблемы немагчымае без умацавання сям’i. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у якi будуць пераведзеныя сродкi з усiх прэзiдэнцкiх фондаў i грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палiтычнага пераследу.

Дзеля ратавання беларускай нацыi ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы будзе рассакрэчаная поўная iнфармацыя аб уплыве яе наступстваў на здароўе нацыi; санiтарныя нарматывы, датычныя радыяцыйнага забруджвання, будуць прыведзеныя да стандартаў Еўрасаюза; будзе палегчаная працэдура iмпарту лекаў, неабходных для лячэння анкалагiчных захворванняў; уведзеныя льготы, якiя б стымулявалi дабрачынную дзейнасць па арганiзацыi лячэння за мяжой i ўвоз лекаў i медтэхнiкi; забяспечаная магчымасць рэгулярных бясплатных абследаванняў для выяўлення ракавых захворванняў сярод дзяцей i падлеткаў; павялiчанае фiнансаванне адпаведных медычных установаў з перанакiраваннем на гэтыя мэты сродкаў, што сёння выдаткоўваюцца на фiнансаванне iдэалагiчнай вертыкалi.

Будзе пастаўленая заслона нелегальнай iмiграцыi. Мяжа з Расiяй будзе ўсталяваная i надзейна ўмацаваная, каб забяспечваць бесперашкодныя стасункi памiж добрасумленнымi грамадзянамi, але абараняць Беларусь ад крымiналу.

Новы прэзiдэнт прыкладзе ўсе намаганнi для няўхiльнага далучэння Беларусi да Шэнгенскай прасторы. Пры гэтым грамадзяне Расii змогуць атрымлiваць беларускiя нацыянальныя вiзы бясплатна.

Арганiзацыя Паўночнаатлантычнай Дамовы павiнна стаць гарантам незалежнасцi нашай краiны, што патрабуе далучэння Беларусi да палiтычных, а ў перспектыве — i да вайсковых элементаў еўраатлантычнай сiстэмы бяспекi. Перагляд вайскова–палiтычнай дактрыны будзе iнiцыяваны пасля кансультацыяў з асноўнымi палiтычнымi суб’ектамi, кiраўнiцтвам Мiнiстэрства абароны i Генеральнага штабу, з улiкам меркавання маючага адбыцца Канстытуцыйнага сходу. Мы выступаем за прафесiйнае войска.

Далучэнне Рэспублiкi Беларусь да Еўрапейскага Саюзу мусiць быць арыентырам беларускай знешняй палiтыкi. Але гэтае далучэнне магчыма толькi на ўмовах, якiя будуць выгодныя беларускаму народу i адпавядаюць iнтарэсам беларускай дзяржавы. Мы не згодныя пазбавiцца культурнай адметнасцi дзеля кароткачасовых гаспадарчых перавагаў.

Шаноўныя сябры i аднадумцы!

Для ўсiх нас Беларусь ёсць адзiнай i непаўторнай Бацькаўшчынай. Нашая агульная будучыня непарыўна звязаная з лёсам беларускай нацыi. Разам мы здольныя дамагчыся годнага, свабоднага i незалежнага жыцця на беларускай зямлi. Новы прэзiдэнт Беларусi ад Партыi БНФ скарыстае ўсе прэзiдэнцкiя паўнамоцтвы для дасягнення гэтай мэты.

Калi Вы падтрымлiваеце гэтую праграму — галасуйце за Рыгора Кастусёва i ахвяруйце сродкi для агiтацыi на рахунак 3014000000379 у ААТ «АСБ Беларусбанк» код 795.

Предвыборные программы других кандидатов в президенты:

Предвыборная программа Александра Лукашенко

Предвыборная програма Николая Статкевича

Предвыборная програма Ярослава Романчука

Предвыборная программа Алексея Михалевича

Оценить материал:
Средний балл - 3.83 (всего оценок: 12)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Интересно, а по какому орфографическому словарю белорусского языка и правилам белорусского языка будут писать государственные чиновники по-белорусски? На основе "люстрации" - "кастрации" действующих словаря и правил?
  • Новое в "люстрации" - "кастрации" - без смертной казни.

Интересные Факты

Загрузка ...