Мнения других авторов
- 24.03 // 12:52 Наталья Рябова. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Крабий бюджет // Статья
- 23.03 // 17:37 Сергей Зикрацкий. БИЗНЕС В ЗАКОНЕ. Индивидуальные предприниматели — новый формат работы или уклонение от уплаты налогов? // Статья
- 23.03 // 12:44 Брюс Бакнелл. ЕВРОПА. Мы помним о том, что произошло в Крыму год назад // Статья
- 22.03 // 13:47 Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Як дзеці. Как дети // Статья
- 21.03 // 12:20 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Спровоцируют ли кровавый майдан на День Воли? // Статья
Другие Мнения этого автора
- 04.09 // 10:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Антыблогер // Статья
- 27.08 // 10:52 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. 50 // Статья
- 19.08 // 11:11 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыя двухногіх зэдлікаў // Статья
- 12.08 // 11:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Зямля пад крыламі хімеры // Статья
- 05.08 // 11:27 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Краіна хакераў // Статья
Мнение
Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Да пятага калена
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
Эх, вярнуцца б у тыя мястэчкі ды маёнткі, дзе сядзібы патаналі ў квецені, дзе ў вёсках не сціхалі песні і дзе векавечныя дзяды маглі распавесці векавечную гісторыю твайго роду. Вярнуцца немагчыма, але намацаць сваю ўласную кроўную сувязь з тымі сядзібамі проста абавязкова трэба. Не можа быць так, каб мы прыйшлі зніадкуль, каб наша ўсё сканчалася дзесьці ў мінскай «амерыканцы» ці ў гулагаўскім УСЛОНе ці ў спаленай Хатыні. З чым тады мы ідзем па жыцці і што збіраемся перадаць далей? Вуглі, руіны і кантрольны стрэл у скронь? Ці — тую гламурную пустату, што віхраста буяе на руінах духу, на вуглях ды чарапах?
Ёсць такая норма для цывілізаванага чалавека — ведаць сваіх продкаў хоць бы да пятага калена. Пасля 20 стагоддзя ды яшчэ ў сялянскім родзе такія звесткі здабыць зусім няпроста. Калі, вядома, не хадзіць па архівах. Хоць, з уласнага досведу пераканаўся, што калі цікавасць абудзіцца яшчэ ў юначым узросце, ты маеш шанец даведацца пра пятае калена ад жывых бабуляў — калі не ад сваіх родных дык з іхняй вёскі.
Што з гэтага вынікае? Прывяду свой прыклад. Нас з сястрою ў бацькі двое. У ягонага бацькі — Каленіка -- ўсяго было дзевяцёра. Вайна, зямлянкі, разруха... Перад Каленікам быў Адам — у яго васьмёра. Камбеды, камуны, калгасы... Бядота, адным словам. Але на гэтым, калі праглядаць гісторыю ў адваротным накірунку, савецкая эпоха сканчаецца. Далей ідзе сям’я, што сфармавалася да пачатку мінулага стагоддзя, гэта значыць, яшчэ ў 19-м. У таго Івана дзяцей было ўсяго двое. І гэта не ад хваробы ці якой іншай бяды. Наадварот. Закончыў свой шлях Іван у 80 гадоў — упаў з каня. Значыць, быў спраўны гаспадар і тое, што дзяцей усяго двое, сведчыць, як ні парадаксальна, пра заможнасць сям’і. Так было і ёсць паўсюль і заўсёды. (Мне, чамусьці, адразу перад вачыма — Афрыка.) У часы ліхалецця, вайны, голаду і бядоты нараджаецца шмат дзяцей. У часы спакою, у эпоху фальваркаў і маёнткаў двое — лічыцца, аптымальны варыянт. Як цяпер.
Дык вось. Той Іван — маё пятае калена — не быў арыгіналам у сваім часе. Якраз наадварот. Чым далей туды, у 19 стагоддзе зазіраеш, тым больш бачыш заможных гаспадароў і тым болей дагледжаны край. Варта згадаць, што каля 10 адсоткаў тагачаснай Беларусі складала шляхта — дваране (пераважна збяднелыя, натуральна). Словам, сацыяльныя параметры той краіны моцна нагадваюць сённяшнія. І не толькі сацыяльныя.
Што б ні казалі нам пра ролю бальшавіцкай рэвалюцыі ў гісторыі беларускай нацыі, але факты ўпарта сведчаць, што задоўга да рэвалюцыі беларусы былі ў той самай нацыянальнай «кандыцыі», што і цяпер. Дастаткова ўзяць лічбы афіцыйнага перапісу 1897 году (за год да першага з’езду РСДРП) і параўнаць з сённяшнімі. 6 млн. жыхароў краю назваліся беларусамі, 74 адсоткі роднай мовай назвалі беларускую. Усё амаль як у нядаўнім перапісе. Прынамсі, супастаўляць можна.
Вось да якіх высноваў вывеў мяне мой продак Іван. А можа быць, так задумана — пра пятае калена, што якая б страшная і знішчальная ззаду нас ні заставалася гісторыя, а менавіта там, на пятым прыстанку, калі адкруціць сто гадоў назад, у нас заўсёды ёсць шанец знайсці нармальнасць і зразумець сваю чалавечую і культурную прыроду і тое, чаго мы працяг?
Праўда, а што тады ў сваім пятым калене разгледзяць нашы ўнукі? Камбеды з ГУЛАГам і пасляваенныя зямлянкі, у якіх туляцца сем’і па дзевяць дзяцей? Не ведаю. Магчыма, запрацуе механізм гістарычнай метафізікі, і святло гісторыі пераломіцца для іх нейкім іншым чынам. Адно, што ведаю дакладна — што ва ўнукаў будзе маё веданне, а значыць, іх веданне вырасце ўжо да сёмага калена. І, як ні пафасна гэта гучыць, тым большым будзе іх корань, заглыблены ва ўласнай зямлі і тым больш трывалай будзе іхняя пастава. А калі наша веданне будзе прырастаць і далей, дык можна сабе ўявіць, што некалі ў родзе з’явяцца сапраўдныя волаты, якіх не змяцеш ніякай навалай.
Вось толькі чаго я пра гэта загаварыў? І чаму гэта не цікавіць майго суседа альбо не надта цікавіла маіх дзядоў? Ёсць нейкія невядомыя нам законы, якія ў пэўны гістарычны час абуджаюць у людзях тую ці іншую патрэбу. Не з пустое цікаўнасці, а таму, што гэта пачало ўяўляцца табе важным. І той, хто кіруе нашымі лёсамі, падказвае, што сёння трэба падумаць менавіта пра гэта? Фальваркі, засценкі, маёнткі...
А што ў вас? Ці ведаеце вы сваіх продкаў да пятага калена?
В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева