Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Вялікае непаразуменне


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Я так доўга чакаў, калі ж гэтая разгубленасць наведае і мяне. І вось, здаецца, яна прыходзіць...

А пачалося ўсё роўна дваццаць гадоў таму, такім самым восеньскім днём. У рэдакцыі «Гомельскай праўды», дзе я працаваў паводле размеркавання, была такая практыка — штогод да нас прыязджалі два журналісты з Чэхіі, а наўзамен двое нашых адпраўляліся ў братнюю тады яшчэ Чэхаславакію. Ясна, што падарожнічалі правераныя, і мне такі ваяж ніякім бокам не свяціў. Але, паколькі я часта ездзіў у Мінск дадому, аднойчы рэдактар прапанаваў мне праводзіць дзвюх чэшскіх журналістак да Мінска, каб там яны пераселі на пражскі цягнік. Была такая місія ветлівасці і апекі, бо чэхі ў нас пачуваліся не асабліва як дома.

На першы погляд, дзве замучаныя газетнай цякучкай цёткі, гружаныя сумкамі, не ўявіліся мне цікавай кампаніяй. Пра што з імі размаўляць? А па выніку атрымалася, што мы прагаварылі ўсю дарогу, гэта значыць, усю ноч. І чым далей, тым болей размова заварожвала мяне. Тады ўпершыню я і адчуў тую адмысловую разгубленасць, з якой і пачаў гэты аповед.

Мы бясконца курылі ў тамбуры, вярталіся ў купэ, і зноў ішлі ў тамбур курыць. За адчыненым вакном цягніка пралятала халодная жлобінская ноч. А я ўсё слухаў і слухаў незнаёмыя і нерэальныя для нашых краёў гісторыі. Пра тое, як не шкадуе чэхаў гэты бязлітасны перыяд у іхным жыцці, як з-за перакананняў людзі страчваюць працу, як за вольналюбства студэнтаў выключаюць з універсітэтаў, як з-за палітыкі распадаюцца сем’і ды ірвуцца сяброўскія повязі, як з’язджаюць у бестэрміновую эміграцыю блізкія людзі... І ўсё гэта — масава. Чэшкі распавядалі з вялікай горыччу і нават слязамі. А я адчуваў сябе Каем, якому чужая сляза капнула на ледзяное сэрца савецкага маладзёна, і раптам свет навокал пачаў адтайваць. Зусім не рай пасяляўся ў душы і не ідылія, але колькі ў гэтым было страшнаватага і адначасова салодкага трапятання сэрца — як па-над абрывам! Няўжо і сапраўды нешта можа змяняцца ў жыцці? Не ў тваім прыватным, а ва ўсіхным? Не ў нашым, вядома, закончаным і спыненым. А хоць бы недзе, далёка... Няўжо гэта можа быць — калі знікае рамка, у якую ты быў устаўлены, нібы фотаздымак, і цяпер трэба штосьці вырашаць самому? Чэшкі выказвалі сваю роспач, а мне здавалася, што яны жывуць у захапляльнай прасторы перамен, дзе ўсё цяпер занепадае, але, самае галоўнае, усё рухаецца, а значыць, не можа не выйсці да лепшага...

Мне так здавалася, але ўсё, што я меў для іх — гэта свой кардонны аптымізм. І я ўзяўся суцяшаць! Я вёрз нешта пра тое, што ўсё наладзіцца, сябры вернуцца з эміграцыі, студэнты вернуцца ва ўніверы, а рабочыя на заводы і... сонца зноў заззяе ў небе. Хоць дальнім розумам я разумеў, што нічога не вернецца. Нічога не наладзіцца. Проста будзе зусім іншае жыццё. Можа быць, лепшае, чым было, але не ў працяг таго, што было. Іншая праца, іншае атачэнне, іншы быт. Іншыя законы. Чым больш усё застойваецца, тым болей ад нас патрабуецца стратаў, горычы і высілкаў для таго, каб пачаўся новы рух.

Шмат пазней я вычытаў гэты настрой у Кундэры:

«Быў трэцi дзень акупацыi. Я сядзеў за рулём аўта недзе памiж Прагай i Чэшскiмi Будэёвiцамi (месца, дзе Камю змясцiў сваё «Непаразуменне»). На дарогах, на палях, у лясах — паўсюль табарылiся расійскiя салдаты. Потым маё аўта спынiлi. Тры ваякi пачалi аглядаць яго. Калi агляд скончыўся, афiцэр, што кiраваў аперацыяй, спытаў у мяне: «Как чувствуетесь?» i тады: «Як чуецеся?» Пытанне не было анi злаўмысным, анi iранiчным. Наадварот — афiцэр працягваў: «Гэта ўсё — вялiкае непаразуменне. Але тут неабходна навесцi парадак! Вы павiнны ведаць, што мы любiм чэхаў. Мы, русские, вас любим!»

І вось гэта ўсё паўтарылася зноў, як дэжавю. Зусім нядаўна. Мы размаўлялі з шаноўным чэшскім дыпламатам і колішнім дысідэнтам. Спадар Румл спытаўся пра маё разуменне таго, што адбываецца цяпер у Беларусі. Я адразу ўспомніў той гомельскі цягнік, але пачаў не з адчуванняў, а з канструкцый.

Рэвалюцыі мы не можам зрабіць, а бунту нам і за так не трэба. Вось вам і ўся сітуацыя ў Беларусі, — казаў я. Мы стаім перад патрэбай Вялікай Трансфармацыі. Ва ўладзе, у апазіцыі, у розумах людзей найперш. Каб не даводзіць справу да Вялікага непаразумення, калі адныя сядуць у танкі, а другія ў турмы. Бо акупацыя, калі яна ў нас і ёсць, дык, сапраўды, унутраная. Унутраная і глыбока схаваная. І калі не адбудзецца Вялікае Трансфармацыі, яна некалі абавязкова вылезе на паверхню і тады мала не падасца нікому...

Што да стану людзей, дык тут Вялікае непаразуменне ўжо настала. І я прыгадваю даўнюю размову з дзвюма чэшскімі журналісткамі ў начным цягніку. Гэта было дваццаць гадоў таму...

Па вачах спадара Румла я ўбачыў, што далей можна не працягваць. Мы былі на хвалі таго самага адчування.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Пісьменьнікі і журналісты ствараюць публічную сфэру. І калі праўды няма ў сем"ях, між блізкімі ды калегамі, яе няма і ў публічнай сфэры. Якраз пісьменьнікі часта клічуць яе, правакуюць на яе публіку. Для нас, да прыкладу, такім адкрыцьцём была Геніюш. Яна проста казала тое, што адчувае насамрэч. Тое самае тычыцца і 87-га году. У друку зьяўляліся адкрыцьці, але нішто яшчэ не кранула нас усіх па сутнасьці. Яшчэ не паехалі ў Канаду сем"і прыяцеляў, ратуючы дзяцей ад Чарнобылю і пакідаючы тут старых бацькоў паміраць у безвыходнасьці ды адзіноце. Яшчэ ні ў кога не паехаў дах ад новай свабоды. А некаторыя яшчэ толькі рыхтаваліся ўступіць у КПСС, палячы масты між сябрамі маленства. Яшчэ ніхто не "завіснуў" дзесьці ў эміграцыі, разумеючы сваю там недарэчнасьць, але ня маючы ані сіл, ані магчымасьцяў вярнуцца. Яшчэ нікога з нашых знаёмцаў не закапалі жыўцом хаўрусьнікі так, што праўды не дазнаецца ніхто і ніколі... Такія дзялы. Я не пра выпадкі кажу, а пра -- тыповае. А ў спадарожніц маіх гэткімі драмамі ды стратамі перапаўнялася душа. Вось ад чаго яны былі разгубленыя. Новае жыцьцё? Час перамен? Гэта я жыў прадчуваньнем усяго гэтага. А ім ужо дасталося напоўніцу. У гэтым была розьніца паміж намі. Мяне заварожваў агонь будучыні, а іх ён ужо парадкам абпаліў.
  • Дубавец: "я разумеў, што нічога не вернецца. Нічога не наладзіцца. Проста будзе зусім іншае жыццё. Можа быць, лепшае, чым было, але не ў працяг таго, што было. Іншая праца, іншае атачэнне, іншы быт. Іншыя законы. Чым больш усё застойваецца, тым болей ад нас патрабуецца стратаў, горычы і высілкаў для таго, каб пачаўся новы рух". А гэта, як разумею, Дубавец узору 2007, няхай 2000, які "апусціў" сваё сёняшняе разуменне сітуацыі ў 1987 год. Што да (майго ці ўсіхнага) пераканання 1987 году, што "рэжым паляціць", прызнаю, я трохі спрасціла сітуацыю, але ўсё роўна незразумела, адкуль тая разгубленасць у чэшак: іхны рэжым пачынаў "ляцець", а яны быліт такія разгубленыя... Хіба перадсмяротныя канвульсіі чэшскага рэжыму былі асабліва моцныя... Вашу важную фразу аб тым, што мы развучыліся казаць праўду пра свае адчуванні, я паправіла б так: мы ніколі асабліва і не ўмелі гэтага рабіць. Маю на ўвазе найперш многіх пісьменнікаў і журналістаў.
  • У тым і рэч. Я таксама не паверыў. А тады ўсё пралічыў, і аказалася, што ня мой сёньняшні вобраз таго часу праўда, а тагачасныя адчуваньні, якія ня хлусяць. Мне здаецца, мы развучыліся казаць праўду пра свае адчуваньні -- былыя і цяперашнія. Нават самім сабе. Адсюль наша Вялікае непаразуменьне і, магчыма, такі сьвет вакол нас. Ня думалі мы ў 1987-м пра тое, што "рэжым паляціць", а разам з ім і ўсё ранейшае жыцьцё. Гэта -- праўда. А ў чэшак ужо "ляцела" па-сапраўднаму. Адсюль іхная разгубленасьць, якая мяне так заваражыла.
  • Я прачытала не так, як Шупенька чытаў Пташнікава, а як Карскі Гарэцкага. І скажу: ня веру. Увосень 1987 года ў нас ужо добра ткі развінулася перабудова (к 70-гадоваму юбілею рэвалюцыі Огонек разгарнуўся будзь здароў), а ў чэхаў - prestavba. Упэўненасць, што рэжым паляціць, была ў нас, а ў чэхаў -- пагатоў. З тэксту выглядае, што быў яшчэ які 1983-ці год... Атрымліваецца, што ў 1987 годзе аўтар мог думаць, што дзве чэшскія журналісткі -- гэта нецікавыя суразмоўцы. Але ж то былі чэшкі, аўтар быў "іншадумец", сябра якога Вячорка цікавіўся нават тагачаснай Албаніяй. Няўжо праўда, што ў 28 год (узрост немалы!) аўтар быў такім дзіцем?...