Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Здароўе і смерць


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Вялікія сэнсы хаваюцца часта ў дробных і не заўважных на першы погляд падменах.

«Дазвольце пажадаць вам, у першую вочарадзь, здароўя!» «Сама глаўна — здароўе!» «Напярэдадні Новага году беларусы традыцыйна жадаюць адзін аднаму здароўя, што ўжо стала нашай нацыянальнай асаблівасцю». «Было б здароўе, а ўсё астатняе прыложыцца»...

Перагорнутая з ног на галаву логіка і сапраўды стала нашай «асаблівасцю». А таму нічога асаблівага да гэтага самага «здароўя» ў нас і не прыкладаецца. Бо само па сабе здароўе — гэта як канечны пункт, вяршыня вяршынь, апошняя рыса, за якой — смерць. Жадаючы здароўя, мы жадаем адно аднаму не жыцця, а ўсяго толькі дажывання. Нездарма найбольш наракаюць на здароўе вясковыя бабулькі: усё цяпер, унучок, у нас ёсць, толькі б жыць ды жыць, але ж во — здароўя няма.

У народнай традыцыі сустракаем — будзь здаровы, як лёд калядовы. Здаровы — як дуб. Здаровы — кажуць на вялікага мардатага дзядзьку без асаблівых прыкметаў інтэлекту. Таму ў знакамітай песні Адама Русака пажаданне здароўя выказваецца далікатна, каб не абразіць, — «бывайце здаровы». Гэта значыць літаральна — хоць бы час ад часу не хварэйце.

Калі б мы ўмелі падслухаць пераднавагоднія пажаданні дваравых катоў ці сабак на выгуле, мы абавязкова пачулі б гэта самае: «у першую вочарадзь»... «сама глаўна»... «а ўсё астатняе прыложыцца». Толькі ж тым чалавек і адрозніваецца ад жывёлы, што яму здароўе патрэбнае не само па сабе, а — ДЛЯ ЧАГОСЬЦІ большага. Для таго якраз, чаго мы і мусілі б адзін аднаму жадаць на святы. Бо інакш выглядае, што нам у гэтым жыцці нічога не трэба, «нас і тут нядрэнна кормяць».

За савецкім часам на паштоўках людзі пісалі адзін аднаму стандартную трыяду: поспехаў у працы, шчасця ў асабістым жыцці і здароўя — моцнага маладым і добрага старым. Сёння якія там поспехі ў працы?! І шчасце — такое перакручанае праз мясарубку тэлевізійных серыялаў і ток-шоў. Вось і засталося адно здароўе. Выходзіць, мы страцілі нават тую савецкую ілюзію, што можам самі быць творцамі свайго шчасця, дабрабыту, актыўнымі ўдзельнікамі свайго ўласнага лёсу.

Дзіўна, што людзі ў масе сваёй не жадаюць адзін аднаму, каб нарадзіліся дзеці, каб пасадзілася дрэва, каб напісалася кніга, каб зарабілася болей грошай. Каб вандроўніку была ўдача ў дарозе, а агародніку каб спрыяла надвор’е. Каб ва ўсіх нашых задумах нам быў поспех. Не жадаем, каб у жыцці стала болей праўды і свабоды. Наадварот. У параўнанні з савецкім часам ужо без той унутранай сарамлівасці гатовыя ледзьве не з гонарам заяўляць — ад нас нічога не залежыць, галоўнае не як прагаласуем, а як падлічаць. «Дзякуючы» тэлевізару, наша свабода волевыяўлення і наша праўдалюбства зайшло ў тупік нашае смеласці казаць пра сваё рабства як пра непарушную дадзенасць. Пры гэтым чым далей, тым больш бессаромнымі і безвыходнымі робяцца такія шчыраванні.

Жадаю вам добра паспаць, смачна пад’есці, лёгка схадзіць... Адным словам, здароўя.

Не магу пазбыцца ад думкі, што гэта ўсё не само сабой так адбываецца, а што гэта хтосьці наўмысна дзяржыць цэлую нацыю маладых душою і целам, адукаваных, таленавітых і амбіцыйных людзей на стойлавым утрыманні, дзе самамэтаю робіцца добры харч і крэпкі сон. І толькі адганю ад сябе гэтую думку, як зноў аднекуль данясецца, што «сама глаўна» і што «ў першую вочарадзь», і яшчэ, і яшчэ — што гэта для нас такая важная мэта, самая важная на свеце і ў жыцці, што хай гэты Новы год стане для нас цэлым годам здароўя. Не годам аховы зароўя, не годам медыцыны ці годам фізкультуры. Не здароўя для руху, для поступу і для поспеху. А здароўя — самога па сабе, для сябе, як канечнага пункту, як вяршыні вяршынь, як апошняе рысы, за якой — смерць.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


 

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Абсолютно согласен с Сергеем Дубовцом. В контексте праздников добавил бы ещё кое-что на эту же тему. Перед Новым годом говорят: "с наступающим Новым годом, всего тебе наилучшего..." и т.п. Это нормально. Но меня всегда удивляли слова, произносимые 1-го, 2-го января. "С наступившим тебя..." или вообще кошмарное "с прошедшим праздником тебя". Я объясняю, что праздник-то как раз сейчас, 1-го января! Вот он – Новый год, вот он – первый день нового года. Большинство удивлённо смотрят и не понимают. И ещё одно. У нас вошло в дурную привычку ощущать праздник перед, собственно, праздником. 23 декабря для многих – это практически Новый год, а вот 2-го января уже трудно видеть радостные лица, слышать поздравления... Очень жаль, многое искажено.
  • Малайчына, Сяргей! У кропку. Выканання жаданняў!!!! І добра, што не бачу зараз сярод калумністаў нізкамаральнага халуя, якога брыдка і за стол садзіць... Не заходзіў на сайт ужо месяц, бо не мог маральна трываць сярод думак Дубаўца і Класкоўскага розныя плявузгі хама...