Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Стрэльнікаў.ТАЕТР. Сны аб тэатры

 

Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік.
Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

Мінулы 2008 год нічым не змяніў расклад у беларускім тэатры, і нават самыя гучныя яго падзеі толькі пацвердзілі асноўныя трэнды мінулых гадоў: драматургія, недзяржаўныя тэатральныя формы, мастацкае кіраўніцтва тэатраў, пошукі адэкватнай рэчаіснасці сцэнічнай формы. Хіба раней смела можна было перад назвай кожнай тэмы ставіць слова "крызіс". Зараз у сувязі з падзеямі ў сусветнай эканоміцы прыходзіцца шукаць іншую тэрміналогію. Раз-пораз нават здзіўляешся, што не так усё блага, як падавалася. Беларускі тэатр не развальваецца, а знаходзіцца ў "спячцы" – і ў любы момант можа "прачнуцца". Справа толькі за валявым зрухам. Але нешта знешне ніякага празрыстага адказу на пытанне "навошта нам тэатр?" не паступае, ды і ўнутраныя працэсы нікуды не штурхаюць. Таму працягваем сачыць за самнамбулічным працэсам тэатральнага існавання. У гэтым годзе ўсё ж было за чым сачыць.

Галоўная падзея года адбылася ягонымі апошнімі днямі. А менавіта трупе купалаўскага тэатра было абвешчана, што мастацкі кіраўнік Валер Раеўскі сыходзіць са сваёй пасады. З пункту гледжання гісторыі важны менавіта гэты факт, а ніяк не даўгачаканае прышэсце ў тэатр Мікалая Пінігіна. У інтэрнеце параўналі дабравольны сыход мастацкага кіраўніка купалаўцаў з даўнішнім ельцынскім навагоднім "я ухожу"... Раеўскі прыйшоў у тэатр пасля дзесяцігадовай "чэхарды" галоўных рэжысёраў, прыйшоў і даў тэатру стабільнасць. На яе фундаменце купалаўцы выдавалі важныя, эпахальныя спектаклі адзін за адным. Апалагет "рэжысёрскага" тэатра, ён тым не менш захаваў Купалаўскую трупу, якая дагэтуль адназначна самая моцная ў рэспубліцы, і не толькі. Пры гэтым спектаклі ставілі самыя розныя рэжысёры, так што вельмі цяжка казаць пра «дыктатуру Раеўскага». Што такое захаваць тэатр у 90-я гады, што такое захаваць яго цяпер – нам тое яшчэ трэба будзе ўсвядоміць.

І хоць тэатр – не музей, і яго мэта не захаванне, а рух наперад, Раеўскаму мы абавязаны тым, што ёсць чаму рухацца.

Што датычыцца будучага мастацкага кіраўніцтва тэатра, то яму будзе і складана, і лёгка адначасова. Складана, бо перад Мікалаем Пінігіным як перад кіраўніком галоўнага тэатра краіны не стаіць дакладна сфармуляванай задачы. Што ён павінен з тэатрам рабіць? Захоўваць яго далей? Рэфармаваць, каб з тэатра паўстаў дынамічны творчы механізм, а акцёры не ладзілі ў ім "бунтаў"? Разам з тым, ён носьбіт той тэатральнай культуры, якая сышла назаўсёды. Вярнуць яе у будынак аднаго канкрэтнага тэатра не атрымаецца. А лёгка Пінігіну, бо яго даўно чакалі. Такога крэдыту даверу, які ён мае, няма ні ў каго ў беларускім тэатры. З чаго б Пінігін ні пачаў, у яго павераць артысты, цэха, адміністрацыя, а галоўнае – паверыць купалаўскі глядач. Тым не менш, нейкіх зменаў не варта чакаць адразу, вунь у Рускім тэатры новы галоўны рэжысёр працуе ўжо год, і гэта ніяк пакуль не праявілася.

Пакуль буйныя тэатры вырашаюць свае кадравыя пытанні, самым важным спектаклем года асабіста для мяне стала другая паўнафарматная работа рэжысёра Каці Агароднікавай − "Піць, пець, плакаць". Як і спектакль "Дванаццатая ноч", з якога пачаўся Сучасны мастацкі тэатр, гэтая прэм'ера цалкам па-новаму раскрывае шэраг ужо вядомых артыстаў. Але калі "мужчынскі тэатр Кацярыны Агароднікавай" арыентаваўся на моладзь, якую лёгка "раскрываць па-новаму", то ў "Піць, пець, плакаць" абсалютна нечаканую ролю выконвае, напрыклад, Зоя Белахвосцік. А ўвогуле спектакль вызначаецца ансамблевасцю, насычанасцю дзеі, добрым літаратурным гумарам (што з'яўляецца адметнасцю стыля драматурга Ксеніі Драгунскай) і музычнай вынаходлівасцю акцёрскіх рашэнняў. У спектакля толькі адзін недахоп − за ўвесь яго паказалі толькі чатыры разы. Па аб'ектыўных прычынах.

Артыстам года варта прызнаць Віктара Манаева. Летам ён справіў свой 50-цігадовы юбілей. Відаць, у падарунак яму Мікалай Пінігін і ставіў "Пінскую шляхту". Юбіляр, па сутнасці, ператварыў спектакль ў свой бенефіс. Без Манаева на сцэне адбываецца вадэвіль, з ім − вострая сацыяльная сатыра. Надзвычай проста ў вобразе Кручкова пабачыць пэўны эківок у бок уладаў, альбо алюзію на "жахлівую руку Масквы". Я схільны, аднак, разглядаць ключавым эпізодам спектакля сцэну "сватання": Кручкоў, можа, нават больш беларус, чым уся тая "шляхта", якая заслугоўвае такога да сябе стаўленне, якое мае.

Адзінае, чым, напэўна, запомніцца 2008 год, гэта вялікая колькасць фестываляў. Гэта і ёсць тэндэнцыя года. Нават у сталіцы паміж "Панарамамі" звычайна наставала тэатральнае зацішша, якое перарывалі рэдкія гастралёры. У гэты год адсутнасці галоўнага тэатральнага фестываля не адчувалася: да нас прыязджалі Някрошус, Фаменка, тэатра "АХЕ", да таго ж вялікая колькасць гасцей з дальняга замежжа. Ды гаворка нават не пра Мінск − пяць фестываляў адбылося ў рэгіёнах, для якіх фестывальны рух застаецца адзіным сродкам падтрымліваць сябе ў належным культурным тонусе. Брэст і Віцебск даўно былі фестывальнымі гарадамі, куды Латэнас і Някрошюс прыязджалі значна ранней, чым у Мінск. Цяпер дакладна да іх ліку далучыўся Магілёў. Раз-пораз фестывалямі разраджаюцца Гомель і Бабруйск. На жаль, фестывальныя праграмы з большага аднастайныя: у Беларусь больш ахвотна прыязджаюць калектывы з расійскай правінцыі (сярод якіх час ад часу сустракаюцца вельмі моцныя), чым тэатры з еўрапейскіх сталіц. Але значна больш важна, што, дзякуючы фестывалям, наладжваюцца сувязі паміж тэатрамі і спецыялістамі, вырастае культурная інфраструктура, выхоўваецца глядач. Таксама важна, што пачынае назірацца дэверсіфікацыя фестываляў. Магілёў цісне на "маладзёжны" кантэнт, ходзіць пагалоска, што брэсцкая "Белая вежа" павінна перанесціся на больш цёплы сезон, каб ахапіць плынь вулічных тэатраў, якіх у Беларусі проста няма, перад Бабруйскам пастаўлена задача працаваць з нацыянальнай драматургіяй. Залішней тут будзе эйфарыя, трэба цвяроза ацэньваць агульны ўзровень беларускіх тэатральных форумаў, ім па-ранейшаму не стае канцэптуальнасці, а без гэтага сёння фестываль не прызнаюць хоць трошкі прэстыжным. Але замоўчваць поспехі рэгіёнаў таксама нельга, а яны наяўныя − беларуская фестывальная геаграфія ўсё часцей мільгае на гастрольных картах самых розных тэатраў свету.

Яшчэ адно вельмі важнае пачынанне, якое прэтэндуе, на званне прарыў году, звязана са "Свабодным тэатрам". Яго кіраўнікі не раз падкрэслівалі, што не жадаюць быць часткай "беларускага тэатра", і асноўная дзейнасць калектыву даўно крочыла за межы краіны. Тым не менш стварэнне тэатральнай студыі "Фанцібрас" − значная падзея менавіта для беларускай тэатральнай свядомасці. Беларускі аматарскі і прафесійны тэатры існуюць нібы паралельна, часам паўтараючы адзін аднаго. Рэдкі выпадак, калі аўтарытэтны рэжысёр або акцёр удзельнічае ў аматарскім тэатральным праекце. А члены "Свабоднага тэатра" пачалі мэтанакіравана далучаць да сваёй дзейнасці непрафесійных акцёраў, што ў выніку вылілася ў стварэнне студыі. Тут нават важны не вынік, а сам феномен. У свой час з такіх студый паўставалі цэлыя тэатры, а зараз альтэрнатывы дзяржаўнай тэатральнай адукацыі няма ўвогуле, ад чаго ў немалой ступені пакутуюць тыя ж рэгіёны. Будзем спадзявацца, што пачынанне "Свабоднага тэатра" падхопяць іншыя.

Для тэатра новы год пачаўся на добрай ноце. Будзем спадзявацца, што так ён і пройдзе, і нас чакае яшчэ не мала цікавых сюрпрызаў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева