Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Старыя здымкі

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

На вінтажных фота цікавасьць выклікаюць погляды людзей, паварот галавы, колішнія моды, прадметы, краявід... Сёньня такога ня ўбачыш. Іншы настрой, іншыя паставы, іншае сонца. Водсьветы забытай гісторыі й далёкага дзяцінства пазнаюцца той часткай сьвядомасьці, што адказвае за ўмоўнае. Мы ўспрымаем іх амаль гэтаксама, як мастацтва. Гэта правіла старых здымкаў. Але з правіла ёсьць выключэньні.

Раптам у вінтажным альбоме пабачыш фота, на якім не адбіўся час. Розьніца ў часе кудысьці адступіла. Няма іншых поглядаў, павароту галавы, моды, прадметаў, краявіду... Хоць здымак зроблены шмат-шмат гадоў таму. Нават зіма не ўспрымаецца як акцэнт. Як на гэтым здымку Калядаў 1982 году ў Заслаўі. “Майстроўня”.

Каляды ў Заслаўі, 1982 год

Каб пераканацца, што гэта не памылка, адгортваю раней, у школьныя гады, і бачу на здымках сьмешныя вопраткі й полубоксы, зацяты бляск у вачах настаўніц, дзіўны прыцемак у клясе... Гартаю ў пазьнейшыя гады й трапляю на першы зьезд БНФ. Канец 1980-х. Нехта крычыць з залі, на сцэне самотныя выступоўцы, аблезлыя моўніцы, у прасторы – цяжкі нафталінавы савок. І зноў – сьмешныя вопраткі, “зыгрыбоны”, прыстрашанасьць уваччу. Калі б сказалі што падзеі адбываліся не праз 10 гадоў пасьля школы, а за 10 гадоў да яе – паводле духу на здымках – гэта б не зьдзівіла.

“Майстроўня” была першай суполкай у Беларусі, якая пачала дзейнічаць публічна. Сёлета ёй споўніцца 30 гадоў. Яе ўдзельнікі – пераважна студэнты, філёлягі й мастакі – быццам вырваліся ня толькі з саўка, але зь бюракратычных рэгулаў часу. Гэта быў такі супольны прарыў да свабоды. А дух свабоды, калі ён у нейкі момант захапляе тваё сэрца, ня можа старэць і несьці на сабе адбіткі часу. Яго эўфарыя нязьменная як палёт.

З “Майстроўні” ўсё й пачалося. Перамены. У культуры, у палітыцы, у грамадзтве, ва ўсім. “Нефармалы”, рух, фронт... Толькі далей гэта ўжо не было пазачасавым і служыла сваю зямную службу. Спрацоўвала інэрцыя таго колішняга прарыву да свабоды.

А сама “Майстроўня” засталася як фэномэн “ніадкуль”. Можна, вядома, пралічваць, з чаго яна ўзялася, але адказ ніколі ня будзе поўным. І таму на фотках “Майстроўні” я не знаходжу пылу часу й адрознасьці поглядаў, павароту галавы, моды, прадметаў, краявіду...

А можа быць, гэты прынцып унівэрсальны? І варта перагледзець увесь “альбом” нашай гісторыі, даўняй і нядаўняй, каб пабачыць, што там было фэнамэнальным, а што – не? Бо не абавязкова тое, што робіцца, нават самае маштабнае й нібыта важнае, па-за гэтым днём што-небудзь значыць. І застаецца ў гісторыі не адмысловым пачаткам чагосьці, а толькі сьмешнымі полубоксамі, рэтра-сукенкамі й забытымі позіркамі зь мінуўшчыны.

Гартаючы стары альбом, зьвярніце ўвагу на “нехарактэрныя” здымкі. Вось прайшло амаль трыццаць гадоў... А ўсё як цяпер.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Гэта быў такі супольны прарыў да свабоды. А дух свабоды, калі ён у нейкі момант захапляе тваё сэрца, ня можа старэць і несьці на сабе адбіткі часу. Яго эўфарыя нязьменная як палёт. Увы, со временем, для многих зов желудка оказался сильнее. Быстро забыли. Может, подобные публикации помогут кому-то вспомнить, а кому-то понять, что не хлебом единым...