Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. З гісторыі байнэту

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

У адрозьненьне ад кнігі, тэатру або кіно грунтоўных манаграфіяў з гісторыі беларускага сеціва яшчэ няма, затое ёсьць адчуваньне, што пік экспансіі гэтага жанру ўжо пройдзены. Побач з арміяй тых, хто ўсё яшчэ верыць ва ўнівэрсальныя магчымасьці інтэрнэту, існуе нямала й тых самых першых інтэрнаўтаў, якія проста перасталі “хадзіць”, у сыстэме каштоўнасьцяў якіх сеціва заняло сваю нішу аднаго зь відаў камунікацыі, інфармацыі й культуры.

Кожны такі від зьяўляўся ў свой час як паводка, як вялікае перасяленьне, як новая рэлігія, і здавалася, што ён, абсалютны, выцесьніць усе ранейшыя. Але ўрэшце ён уваходзіў у свае берагі, разнастаіў калектыўны партрэт новымі тварамі, уступаў у свой “экумэнічны” дыялёг. Словам, дадаваў новую фарбу, якая мусіла ўжывацца са старымі.

Чаму ў свой час кіно не праглынула тэатар, а тэлевізія – кіно, хоць прароцтвы такія былі? (А колькі было прагнозаў канца кнігі й друкаваных СМІ!) Прычым гаворка не пра тэхнічныя й камунікацыйныя магчымасьці, а пра сутнасьць, калі хочаце, пра “душу” жанру. “Душы” ў кнігі, кіно, інтэрнэту – розныя.

Хочацца... узяць у рукі часопіс ці кнігу, дзе не было б прысмаку кампутарнай электроннасьці й прафанскага хаосу “народнай журналістыкі”. Хочацца ўзважанага, прафэсійна прамоўленага, статычнага слова, якое б ты перачытваў, знаходзячы ў ім кожнага разу новыя сэнсы, тое, чаго зь першага разу не ўлавіў...

Інтэрнэт выпрацоўвае рэактыўнае ўспрыманьне: учытвацца ў тэкст ня трэба, дастаткова выхапіць зь яго слова, фразу й пазыцыянаваць аўтара: свой ці чужы. У выніку мысьленьне зводзіцца да знакаў – плюс-мінус. Гэта ня добра й ня дрэнна, але тут гэта так. Інтэрнэтны інтэлектуалізм часта – “блышыны”, бо будуецца на кавэрзах, а не на праўдзівых сэнсах. Ты прыходзіш не каб пачуць, а каб крыкнуць у адказ.

Ілюзія ўнівэрсальнасьці сеціва тычыцца ня толькі літаратуры ці аналітыкі.
Тыя ж электронная пошта і скайпы з аськамі – гэта зусім іншыя дачыненьні, чым размова жыўцом або праз тэлефон або праз пісаныя рукою лісты. Нішто не пакрывае сабою ўсяго. І новыя камунікацыйныя магчымасьці ня робяць нас больш чалавечнымі, не разьвіваюць нашых здольнасьцяў. Наадварот, тут добра відаць амбівалентнасьць усеагульнага разьвіцьця: чым больш дасканалыя тэхналёгіі, тым больш чалавек робіцца падобным да пэрсанажаў Animal Planet.

Я згадваю бум сеціўнага дызайну – гадоў 10 таму. Бог ты мой, як важна было зрабіць крутую эстэтыку й наваротаў паболей! Сёньня чагосьці новага ў гэтым сэнсе знайсьці немагчыма, а навароты пачалі раздражняць. Прынамсі, ніяк не па дызайн і новыя сайты заходзіш у інтэрнэт. А для інфармацыі, здаецца, дастаткова плятформаў Wordpress ці LJ.

Стварыць новы навінавы сайт, які б канкураваў з найбольш раскручанымі, робіцца ўсё больш цяжка, дорага, а можа быць і немагчыма. Ужо сёньня дзясяткі й сотні такіх сайтаў апынуліся па-за масавай увагай ці проста зьніклі.

Ты хацеў бы чагосьці новага й неверагоднага, блізкага табе паводле духу? Але такое нараджаецца не з тэхналёгіяў, а з душы. А сайты зьяўляюцца ўсё больш ад мэтазгоднасьці, а не ад жывога пачуцьця. Таму “блізкім табе” па-ранейшаму можа быць часопіс, а ня сайт.

Зразумела, нішто са здабыткаў ня зьнікне й не памрэ. Будуць жыць і квітнець інтэрнэт-выданьні, электронная пошта, сеціўныя крамы. Але ня варта ўжо сёньня падманваць сябе, ня варта расчалавечвацца.

Шмат каму з інэрнаўтаў здаецца, што яны выйшлі ў адкрыты космас, а насамрэч – аб’ядналіся ў клюб аматараў аўтаматычнай пралкі Whirlpool і жыва абмяркоўваюць яе вартасьці й недахопы, як тыя цётачкі каля пад’езду абгаворваюць сваіх суседзяў.

Нехта адводзіць душу ў сацыяльных сетках, хтосьці чаціцца ў аськах... Наўрад ці ты знойдзеш чалавека, якому “не хапае інтэрнэту”. Яшчэ не хапае, бадай, толькі як даведніка, дапаможніка, слоўніка, бібліятэкі, энцыкляпэдыі. Але, скажу шчыра, у мяне асабіста, як у карыстальніка гэтай функцыі, усё меней бывае прабелаў. І тыя імкліва запаўняюцца.

Што да ўсяго іншага, дык, я думаю, “монстар” пабушаваў, паказаў свае магчымасьці, і цяпер будзе спакваля аддаваць “нарабаванае”. І я зноў буду чытаць літаратуру ў часопісе, разглядаць карціны на выставе, хадзіць на спэктаклі ў тэатр, а навіны глядзець у тэлевізары.

Як і ранейшыя жанры, інтэрнэт адбярэ сабе ня месца кіно ці газэты, а кавалак аўдыторыі – нейкую частку інтэрнаўтаў — побач з кінаманамі ды тэатраламі, што не вылазяць зь сеціва, арыентуюцца ў тэхналёгіях і прадукуюць сваю субкультуру.

Што да абсалютнае масы людзтва, дык для яе сеціва стане нечым накшталт бюро паслугаў. Прагледзець пошту, скачаць кніжку ці фільм, аплаціць рахункі...

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Дубовцу. Не обращайте внимания на форумских пацанов. Нахамить под ником - милое дело. Лично я, как всегда, прочитал с удовольствием. И с выводами согласен. Так держать.
  • Дубавец вылез з падзямелля і ўбачыў, што інтэрнет - усяго толькі сродак сувязі, як яно выглядала і 10 год таму. І нічога, што пра значэнне і месца інтэрнету напісана мільярды літарак больш кампетэнтнымі людзьмі. Дзядзька ж не чытацель - дзядзька пісацель.