Мнения других авторов
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 24.03 // 19:02 Алег Гайдукевіч. ДЗЕНЬ ВОЛІ. Ад БНР да Незалежнай Беларускай Дзяржавы // Статья
Другие Мнения этого автора
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 06.03 // 18:08 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Вайна Лукашэнкі // Статья
- 30.12 // 14:00 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Комплекс Саланевіча // Статья
- 09.08 // 12:33 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. «СОМ-57» і «СУ-27-М» // Статья
- 02.02 // 12:54 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. З таго свету табе адзавуся // Статья
Мнение
Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Пра два балты
Уладзімір Някляеў. Паэт, лідэр агульнабеларускай кампаніі “Гавары праўду!” |
Вёска Сабалі, што ў Брагінскім раёне, адселеная. Я быў у ёй восенню 1986 года і бачыў, як яе адсялялі. Як салдаты выганялі людзей з хат і змушалі іх (пад аўтаматамі!) грузіцца ў машыны. Скрозь плач, стогн, лямант, лаянку… “Куды вы нас гоніце, фашысты?! Лепей спалілі б нас у нашых хатах!..”
З творчай групай “Беларусьфільма” я здымаў у тую восень дакументальнае кіно. Пра трагедыю. Але не ўсё знятае ўдалося нам скарыстаць. Большую частку ў нас забралі, спалілі. “Не трэба негатыву!” І фільм выйшаў не пра адселеныя вёскі, а пра тыя, якія будаваліся для перасяленцаў. І яшчэ пра гераізм і патрыятызм.
Быў савецкі час — і праўду не казалі, а тым больш не паказвалі. Не магло быць, а значыць і не было аніякай трагедыі.
Тады я напісаў паэму “Зона”.
Бабуля кажа: − Пайду
Па свеце шукаць сям’ю.
Тут браць не даюць ваду.
Хаваюць зямлю ў Зямлю.
Што ж змянілася за 24 гады?.. Што сталася з праўдай? Кажуць яе? Паказваюць?..
Сёння ў Сабалях ціша. У пачатку вёскі – здзічэлыя сады, разваленыя, пагнілыя хаты. Зразумела: вёска адселеная, нікога ў ёй няма і быць не можа. Але праз дзесяць пабураных хат пачынаюцца спраўныя хаты, і каля адной з іх сядзіць на прызбе — я вачам не паверыў! — мая бабуля. Здань, прывід!.. Яе тут няма і быць не можа! Яна не ўлічана, не запісана ані ў якія рэестры. Гогалеўская мёртвая душа. Але гэтак хітра мёртвая, што ў асобных выпадках − жывая. І якраз сёння асобны выпадак: выбары! І ў вёсцы, якой няма, перад маёй бабуляй, якой быць не можа, стаіць — я зноў вачам не паверыў! – “святая троіца” з выбарчай камісіі са скрынкай для галасавання! “А дзе твая суседка? У Брагіне? Дык галасуй і за яе. Яна табе хіба не даручыла?..”
Адна бабуля, якой няма, галасуе за другую, якой няма таксама. Гогаль адпачывае, Гогалю да такога не дадумацца...
Вось яна: метафара (і методыка) выбараў усіх апошніх гадоў. Галасуюць прывіды, здані, якія выбарчымі камісіямі пераўтвараюцца ў бюлетэні, у галасы. Жывыя людзі за гэтым — зрэдку. Ды яны й без патрэбы.
— Ці ёсць у цябе якія-небудзь льготы, як у пацярпелай? — спытаў я ў маёй бабулі, якая прагаласавала нямаведама за каго, і яна рукой махнула:
— Калі ўжо ў ліквідатараў усё адабралі, дык што мне дадуць? Вунь суседцы паперку прынеслі: накіраванне ў бальніцу. А на той паперцы не ейнае імя. Яна кажа: “Чакайце, гэта ж не мне выпісана”. А дзеўка, якая паперку прынесла, смяецца: маўляў, якая розніца… Усё адно не прымуць. Тут вам толькі паміраць.
“Тут нам толькі паміраць,” — казалі мне й ліквідатары, з якімі сустрэўся я ў Рэчыцы. Пасля таго, як мы ўсклалі кветкі да помніка іх загінулым сябрам, некалькі чалавек заспяшаліся ў дарогу. “Куды?..” “На Украіну”. “Чаго?..” “Па лекі. Скончыліся”. “Хіба ў нас лекаў няма?” “Ёсць. Але столькі каштуюць, што пенсіі не хапае…” “А на Украіне колькі?” “Ніколькі. Па пасведчанні ліквідатара плаціць не трэба”. “Дык вы ж не украінцы”. “Мы ліквідатары. Там не глядзяць: украінцы ці беларусы”.
У беларускіх ліквідатараў яшчэ нядаўна была свая арганізацыя, у якой яны змагаліся за свае правы. Цяпер яе няма. Разагналі. “А выбары? — спытаў я, развітваючыся. — Вы прагаласавалі?..”. І яны спыталі: “А за што?..”
25 красавіка 2010 года я пабываў не толькі ў Сабалях, якіх няма. Быў я і ў тых вёсках, якія ёсць. І ў гарадах: Рэчыцы, Брагіне, Хойніках, Мазыры. Сведчу: выбарчыя ўчасткі скрозь пуставалі. Хоць паўсюль, як распавядае сакратар Цэнтравыбаркама М. Лазавік, вялася “разъяснительная работа организаторов выборов”. Да прыкладу, на цэнтральнай плошчы Брагіна з раніцы наладзілі кірмаш і канцэрт. Тры мужыкі галёкалі са сцэны: “А белый лебедь на пруду кач-а-ает павшую звезду…” Якая “павшая звезда” ў Брагіне? Зорка Палын?..
На плошчы — шаром пакаці. Толькі каля будыніны раённага выканкама стаялі і слухалі палесскіх салаўёў тры выканкамаўскія лябёдкі, якія і “организовали разъяснительную работу”.
Прыкладна тое самае адбывалася і ў Хойніках, і ў Рэчыцы, і ў Мазыры. “Народ паклаў на ўладу болт”, — пракаментаваў гэтую сітуацыю адзін з сяброў Мазырскай раённай выбарчай камісіі. Але, калі меркаваць па адносінах да бабуляў з Сабалёў ды ліквідатараў з Рэчыцы, і ўлада на народ болт паклала. Вось на гэтых двух балтах і трымаецца сёння адзінства любімай народам улады і не меней любімага ёй народа. Канструкцыя стабільная, але не надта надзейная.
Хоць кіно, канешне, іншае пакажуць…
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии