Мнения других авторов
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 24.03 // 19:02 Алег Гайдукевіч. ДЗЕНЬ ВОЛІ. Ад БНР да Незалежнай Беларускай Дзяржавы // Статья
Другие Мнения этого автора
- 22.03 // 13:47 Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Як дзеці. Как дети // Статья
- 12.10 // 17:46 Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Тры з паловай палітычных гульца // Статья
- 07.09 // 13:17 Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. After that Russia // Статья
- 01.02 // 12:33 Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Як цэментуецца нацыя // Статья
- 03.11 // 13:09 Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Сэрца народа // Статья
Мнение
Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Шукаючы Сілу
Алесь Мікус. Нарадзіўся ў 1982 г. З адукацыі псіхолаг. Музыка, заснавальнік гурта “Крывакрыж”, аўтар “Гімна Белага легіёну”. Перакладчык з літоўскай мовы, аўтар “Беларуска-літоўскага размоўніка” (выдадзены супольна з амбасадай Літвы). Аўтар артыкула пра дуду ў энцыклапедыі “Беларуская міфалогія”. Знаўца старажытнапрускай мовы. Натхняльнік “крывіцка-балцкіх” ініцыятыў у Заходняй Расіі, адзін з вядоўцаў сайту “Зямля Голядзі”. |
Гэты тэкст — зусім не пра навуку і не пра яе гаротны стан. Але пачну якраз згадваючы пра гэта.
Як і шмат хто, я перш здзівіўся, пачуўшы новую ініцыятыву што да беларускай навукі: маюць аб’яднаць Інстытут мовы і літаратуры з Інстытутам этнаграфіі і фальклору (абодва ў складзе Акадэміі навук). А пэўны час таму таксама няўцямна пазіралі і не верылі, што аб’яднаюць Інстытут мовы з Інстытутам літаратуры. Папярэджваючы далейшы выклад, адразу выкажу думку: магчыма, з цягам часу пачуем, што трэба аб’яднаць гэты будучы “ІМЛЭФ” (Інстытут мовы-літаратуры-этнаграфіі-фальклору) з Інстытутам філасофіі. Чаму?
Той-сёй скажа: аўтар такіх ініцыятыў, відаць, зыходзіў з прасторавага фактару — усе тыя Інстытуты, уключна з філасофскім, месцяцца ў адным будынку (гэта правае “вуха” з двух будынкаў, празваных “асліныя вушы”, на сутыку вуліц Сурганава і Акадэмічнай). Такое простае тлумачэнне адразу накідвае аўтару тых ініцыятыў нейкую дзіцяча-сялянскую недалёкасць.
Альбо нават неразвітасць. Вось, у псіхапаталогіі ёсць тэст на абстрактнае мысленне, калі тэставанаму прапануюць шэраг картак з выявамі, напрыклад, “крэсла”, “кніжка”, “шафа” (тут спрашчаю). Калі той выбярэ “крэсла” і “шафа” і патлумачыць — бо мэбля, — гэта норма. А калі пакладзе побач “крэсла” і “кніжка” і скажа — бо я сяджу ў крэсле і чытаю кніжку, — тут ужо праблема з развіццём абстрактнага мыслення.
Нешта падобнае з аб’яднаннем Інстытутаў, ці не так? “Бо яны сядзяць у адным будынку”… Можна яшчэ пакпіць: і назавуць гэтага навуковага монстра “Інстытут Правага вуха НАН РБ”…
Але па праўдзе я зусім не думаю, што ўсё гэта можна звесці да прыкладу з псіхапаталогіі ды зласлівага кпіну.
Відавочна, тут нейкая сувязь з галоўным прэзідэнцкім імператывам “ісці трэба ад жыцця”. Відавочна, тут і сувязь з так і не выкананым патрабаваннем “абгрунтаваць ідэалагічна” той шлях, якім краіна пад такім начальніцтвам ідзе. Крыўда? А мо’ адэкватная выкананню ацэнка?
Даводзілася бачыць і гартаць тыя паўдзясяткі тонкіх брашурак, што былі павыходзілі пад назвамі тыпу “Ідэалогія Рэспублікі Беларусь”. Гэта перапяянне падручнікаў па гісторыі ды цытаванне нарматыўных актаў апошніх пятнаццаці гадоў (незалежна ад таго, з прабеларускага боку праца створаная ці з “заходнярускага”). Так, і ўсё тое прыпраўлена цытатамі таго, хто зверху гэтыя працы і паклікаў. Калі сцісла, у такім разуменні ідэалогія — гэта першынства гісторыі, да якой безупынна адсылаюць (у тым ці іншым ракурсе), плюс нейкае бяздумнае ўхваленне адзінаначальніцтва (бяздумнае — бо пад уціскам, няшчыра, і цытаты дзеля адчэпкі).
Ці абгрунтоўвае што такая спехам скляпаная “ідэалогія”?
Ці абгрунтоўвае яна імкненне ўсяляк, нават не надта эфектыўнымі эканамічна захадамі пакінуць людзей з працай? Ці абгрунтоўвае ўстаноўку на тонкае, ахайнае, няспешнае абыходжанне з пытаннямі гісторыі, этнагенетычнага паходжання, геапалітычных прыярытэтаў? Ці абгрунтоўвае арыентацыі тыпу “спажывай сваё” і “жыві тут”? Ці абгрунтоўвае, нарэшце, варажнечу з палітыкамі еўрапейскімі, манеўраванне з палітыкамі расійскімі ды прыязнасць да палітыкаў “экзатычных” краін (Іран, Венесуэла, Кітай)? Тады што там за такая “ідэалогія”, якая ўсё названае абгрунтоўвае хіба выразам “вер прэзідэнту, ён ведае што робіць”?..
Сяброўства з названымі рэжымамі “экзатычных” краін па праўдзе шмат што паказвае. Ужо звыкла ацэньваць гэта як сяброўства “выгнанцаў з выгнанцамі” (у сэнсе — з цывілізаванага свету) або з тымі, хто выбудоўвае свой альтэрнатыўны полюс (як кітайцы).
Але дазвольце ацаніць гэта суб’ектыўна. Даводзілася бываць на некалькіх культурных публічных мерапрыемствах, што ладзіліся ў Менску амбасадамі Венесуэлы і Ірану (асобна). Бываў і на многіх мерапрыемствах у літоўскай Вільні — тады, калі яна залетась была “еўрапейскай культурнай сталіцай” (гэта мае сведчыць пра ўзровень мерапрыемстваў).
І ўразіў імпульс, што аднолькава ішоў падчас венесуэльскай і іранскай імпрэзаў, — імпульс адзінства, мэтанакіраванасці, цвёрдасці, моцы, пругкасці, упэўненасці (галоўным чынам усё гэта ўразіла праз музыку, а дакладней, праз тое, што музыкай перадаецца, праз настроенасць выканаўцаў). Які імпульс суправаджаў мерапрыемствы “еўрапейскай культуры”, у тым ліку музычныя? Адчуванне расцятасці, атамарнасці, разгубленасці, слабасці, сцішанасці, стомленасці. Прыкмячаў, якія розныя вочы — маладыя, задорныя, зіхаткія ў іранцаў і венесуэльцаў (нават калі тыя былі ў паважным веку) і згаслыя, утаропленыя ў сябе ў еўрапейцаў (нават калі гэта былі маладзёны).
Чаго шукаць там, дзе згаслыя вочы? Таго, што перадае табе згасласць вачэй? Згадваецца фільм Мела Гібсана “Апакаліпсіс”, дзе бацька кажа герою: “Не глядзі ў вочы пераможаным, адвярніся, іначай сам заразішся гэтым позіркам і параза ўвойдзе ў цябе”. Вось жа, кітайцы хочуць купіць “Беларуськалій”? кітайцы хочуць пабудаваць прамысловую зону на 600 тыс. чалавек? кітайцы будуць пагражаць адсюль Еўропе, геапалітычна і дэмаграфічна? Але кітайцы — цяпер у росце, у іх позірк пераможцаў, яны паступовыя планетарныя заваёўнікі, і сябраваць з імі — значыць, сілкавацца іх позіркам пераможцаў.
Здаецца, такім чынам усе ілюстрацыі, што меў, я прывёў, і можна падысці да пабагульнення.
Пры чым да ўсяго гэтага згаданыя ў самым пачатку навуковыя Інстытуты? Іх можна аб’яднаць у групу, але гэта будзе не тая група, “што ў адным будынку”. І мовазнаўства, і літаратуразнаўства, і этнаграфія, і філасафаванне — гэта ўсё тое, што (у тым ці іншым сэнсе, у той ці іншай сферы) разбурае адзінства.
Мовазнаўства разнімае мову, раскладае яе на часткі, высвятляе паходжанне, вымае-выразае слова з яго натуральнага асяроддзя, пазбаўляе слова яго сапраўднай прыроднай моцы. Літаратуразнаўства робіць тое ж, але з літаратурай — расчляняе твор, разымае яго на часткі, разбурае яго адзінства, нішчыць яго ўплыў і яго цэльнасць. Этнаграфія — забірае жывыя старадаўнія скарбы (вусныя ці рэчавыя) ад іх носьбітаў, робіць іх сувязь непатрэбнай і збыткоўнай, нахабна прымярае на сябе забраныя скарбы, каб начапіць на іх цэтлік і скласці ў архіў. Нарэшце, філасофія — сёння гэта найлепшы сродак, каб адляцець ад надзённых патрэбаў, схавацца ў свет летуценняў, падмацаваных не навакольнай рэальнасцю, а прачытанымі кніжкамі і ўласнымі настроямі (сапраўдных філосафаў і на Захадзе лічаныя адзінкі, што ўжо казаць пра сітуацыю тут).
Гэта — усё тое, што разбурае моц. Моц слова, моц традыцыі, моц дзеяння. А дзе ж ёсць моц? Яна — у канкрэтна зробленым, у заваёвах, ва ўладзе, у структуры. Моц — і ў цэльнасці, у цэльнасці народу, у яго здароўі (душэўным і фізічным). Моц — у прамысловасці, у спартовых залах, у накіраванай агрэсіі.
Вось, літоўцы паўсотні гадоў пад саветамі жылі летуценнямі пра вяртанне ў цывілізаваны свет. Вярнуліся. Цяпер жаляцца (даводзілася нямала размаўляць са звычайнымі літоўцамі), што прамысловасці няма, палі не засеяныя. А нядаўна мэр Вільні нават прызнаўся — што Вільня пры такіх справах у хуткі часе мае ператварыцца ў “піўбар пад Мінскам”. Бо апроч гэтага, ды хіба клайпедскага порту, яны нічога больш не маюць.
Здаецца, ідэалогія нашай цяпершчыны, што атачае нас у Беларусі сёння, — гэта Моц і Дзеянне. Процідзеянне ўсякім далёкасяжным развагам — іх у свеце развялося багата, а разгубленасці ў свеце ад гэтага не меншае, нават наадварот. Абапіранне на інтуіцыю (яна мо’ ў далёкасяжнай перспектыве не дзейнічае — але ці трэба ўначы бачыць усю дарогу асветленай, ці не дастаткова 300 м перад сабой?).
Добра гэта ці дрэнна? Адно можна сказаць пэўна: такімі былі і на гэта арыентаваліся еўрапейцы сотні (а мо’ тысячы) гадоў таму. Цяпер гэта настрой зусім не еўрапейскі — а маладых нацый “трэцяга свету”. І таксама адной нацыі ў цэнтры Еўропы.
Загваздка ў тым, што нашая, беларуская, “вялікалітоўская” культура — усё ж еўрапейская, багатая, пісьмовая, шматстайная, і з усёй той экзістэнцыяльнай слабасцю, што ёй (еўрапейскай культуры і яе развалам) спадарожнічае сёння.
Тыя, хто вядзе рэй у Беларусі цяпер, з падачы самага галоўнага сталі на бок процілеглы ад “культуры”, выбраўшы, следам за ім, “прыроду”. Звярыную моц і перавагу дзеянню. Вітальнасць і вірыльнасць.
І гэта той бок, які таксама мае права на існаванне, што б прыхільнікі “культуры” ні казалі насуперак. Тут апраўдана ўсё, што дае сілу і падтрымлівае жыццёвасць. Краіне, народу, кіраўніку. А ўсё, што паслабляе, — адразаецца і адкідваецца.
Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения». |
Последние Комментарии