Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алена Германовіч. СВАБОДА СЛОВА. Калі няма чаго гаварыць


Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Што гаварыць, калі няма чаго гаварыць? Здаецца, такую фразу скорагаворкай паўтарае масоўка ў здымках фільмаў, калі трэба стварыць гул-шум, ілюзію таго, што ўсе размаўляюць-кантактуюць, і да галоўных герояў ім няма ніякай справы, як і галоўным героям — да іх.

Сёння, дзеці, Дзень канстытуцыі, ён адзначаўся і раней, калі я была маладой і прыгожай. Гэта было даўно, вельмі даўно, сто гадоў ці мільён гадоў таму — не памятаю. Але гэта было — бо я ж гэта памятаю!

Тады Канстытуцыя была тая ж, там было напісана, што «кожны мае права на атрыманне, распаўсюджванне поўнай, дакладнай і аператыўнай інфармацыі». Свабода слова! Усе насіліся тады з той свабодай слова, як чорт з пісанай торбай. Маўляў, неабходна забяспечыць свабоду слова, варта бараніць свабоду слова, трэба пашыраць свабоду слова, тэрмінова распаўсюджваць свабоду слова, аналізаваць і прагназаваць свабоду слова.

Я тады жыла таксама ў той краіне часова (бо мы заўсёды і ўсюды жывём толькі частку часу, увесь час пражыць немагчыма, ён не пражываецца). І тады казалі, што ў той краіне няма свабоды слова. Маўляў, недзе сядзіць нейкі гад, які забараніў свабоду слова, манапалізаваў тыя 32-34 літары, і не дае іншым імі карыстацца. Я не ведаю, ці быў ён, хто там чорт лысы той, ці яго выдумалі адмыслова — каб пазбавіцца той непатрэбнай і шкоднай свабоды слова. Бо.

Бо тады людзі былі ў роспачы і разгубленасці, бо яны не ведалі — хто яны, дзе яны, навошта яны. Не ведалі, бо баяліся гэта ведаць. Часам гэта страшна. Але неяк трэба было жыць. А як жыць, калі не ведаеш — куды ісці, пра што марыць, што гаварыць, што набываць, якую музыку слухаць? Спантанны асабісты выбар? Арыгінальнае мысленне? Не, дзеці, тады людзі не маглі дазволіць сабе такой раскошы, бо яны былі беднымі (=сквапнымі), спантанны выбар палохаў іх, бо праз яго магла расчыніцца Чорная Дзірка і паглынуць чалавека. Тады так і казалі, што спантанны выбар можна прывесці да Чорнай Дзіркі. Гэта страшна.

Усім было страшна. І тады быў прыдуманы такі геніяльны для дурняў апарат — які абвяшчаў, што трэба думаць сёння, куды бегчы, з кім сябраваць, па кім плакаць і чаму радавацца, і хто вінаваты ва ўсіх бедах. Усе, хто баяліся (а яны і былі ўсе, не лічачы некаторых адшчапенцаў) падключаліся да таго апарату, і жыццё рабілася зносным і больш-менш бяспечным. А тая істота, якая была загадчыкам таго апарату, таксама сачыла і за тым, каб перададзеныя веды даходзілі да людзей і прымаліся ім як ісціна, і нават як плод яго асабістых разважанняў. Людзі часта, як не смешна, так і думалі — рэтрансліруючы тое, што казаў перадатчык, яны былі ўпэўнены, што «выказваюць свой пункт погляду». Часам гэта выглядала смешна, але калі гэта ўжо не было смешна, то было страшна.

І вось так яны падключылі датчыкі да таго перадатчыка, ды і жылі, шасталі па вуліцах, набывалі тое, што казаў перадатчык, радаваліся і плакалі па таму (каму), каго (што) абвяшчаў перадатчык крыніцай радасці ці слёз.

Перадатчык адказваў за эмоцыі і пачуцці. Часам ён палохаў людзей, паказваючы крывавыя малюнкі агрэсіі (кроў, кішкі), і тады людзі спалохана шапталі адзін аднаму: «Як страшна жыць!». Часам паказваў «прыгожае каханне», і тады людзі адчувалі сябе прыніжанымі і непаўнавартаснымі, аглядаліся на сваіх жонак (мужоў) і ўздыхалі: «Ах. Каб ён быў, як Бандэрас!». Марылі пра «прыгожае каханне» — і ненавідзелі блізкіх, натуральна, «не вартых» «прыгожага кахання». Свабода слова!

А яшчэ была тады такая прафесія — запісваць тое, што кажа перадатчык, але запісваць не з перадатчыка, а з датчыкаў (людзей, носьбітаў датчыкаў). Ну, канечне, гэта вар'яцкі дом, але за тое плацілі грошы, за тую гульню Vox Populi, і таму ахвотных хапала хапнуць грошай. Некаторыя удзельнікі гульні — кантралёры Vox Populi, лічылі, што «яны не такія», і што «яны без датчыкаў», і шчыра здзіўляліся выказаным «меркаванням» тых, з датчыкам. І шчыра злаваліся на «народ», і лямантавалі: «Паганы народ, паганы. Дурны, як левы бот!». Крычалі так перад люстэркам, углядаліся ў яго і казалі: «Дзякуй Богу, мы не такія. Мы не такія, мы іншыя. Хоць і таксама глядзім і слухаем перадатчык. Але мы слухаем іншы перадатчык, таму мы не такія».

Затое носьбіты датчыкаў не пераймаліся і адказвалі так тым кантралёрам Vox Populi — як ім і перадаў перадатчык. Яны не вінаватыя — калі казалі менавіта тое, што ад іх чакалі. Бо адкуль у іх сваё меркаванне, ім жа ніхто не трансліраваў «свае меркаванне»?

Напрыклад, перад выбарамі па перадатчыку паказвалі інструкцыю: калі да нейкага чалавека падыходзіць кантралёр Vox Populi (VP), то трэба адказваць, што «выбары — свяшчэнны доўг і грамадзянскі абавязак». І носьбіты так і рабілі. Калі па перадатчыку казалі, што зараз мы сябруем з такой краінай, і яна харошая, і варагуем з такой — бо яна благая, то кантралёрам Vox Populi так і адказвалі — ага, ага, ага. Калі па перадатчыку казалі, што недзе за акіянам памер Максім, то людзі не жартавалі і не адказвалі ў рыфму (як было раней, як запісана ў фальклорнай спадчыне), а напружана чакалі паведамленняў перадатчыка — радавацца ці плакаць са смерці Максіма? А потым казалі кантралёрам VP: ага, мы плачам, гэта быў наш сябра, выдатны чалавек. Уявіце, дзеці, яны яго ні разу не бачылі! І так казалі! Той Максім можа нават і не існаваў, я не ведаю, і дзе я даведаюся, калі сёння ўжо няма перадатчыкаў?

Але так было жыць адносна бяспечна і прадказальна. Калі ў жыцці здараліся нейкія падзеі, але іх не паказвалі па перадатчыку — людзі вырашалі, што гэта былі і не падзеі, а так — лухта, не вартая і размоў. Думаць самі носьбіты датчыкаў не маглі, таму што галава тады была патрэбна, каб есці, а каб было што есці — трэба было адчуванне бяспекі и прадказальнасці, якое забяспечвалася рэтрансляцыяй перадатчыка.

Перадатчык забяспечваў не толькі ілюзію бяспекі, але і знішчаў ілюзію самоты — чалавек як бы рабіўся часткай нечага такога вялізарнага, глабальнага, грандыёзнага, прыляпляўся, як рыба-прыліпала да нечага большага, чым сам, і тады не асабліва патрэбна ўжо было кахаць (=пакутаваць), шукаць адказы на пытанні — хто я, навошта я. Я — чалавек, які мае ногі — каб хадзіць на працу, рукі — каб працаваць на працы, рот — каб есці і рэтрансліраваць перадатчык, вочы — каб глядзець перадатчык, вушы — каб слухаць перадатчык, першасныя і другасныя палавыя прыкметы — каб ствараць новых носьбітаў датчыкаў, для Шклянкі Вады.

Некаторыя жылі ў ілюзіі арыгінальнасці — гэту ілюзію таксама ім забяспечваў перадатчык, калі іх жа ці ім падобных паказвалі там і казалі, што яны — не такія, і яны ворагі. Тады яны думалі, што сапраўды не такія, іншыя, яны не любяць эгрэгара, ненавідзяць яго. Але яны былі такія! Такія ж, бо ахвотна згаджаліся на ролі, якія ім прапаноўваў перадатчык. Таму што гэта забяспечвала ілюзію бяспекі і прадказальнасці.

Кожны выконваў сваю ролю. Кожны казаў тое, што павінен быў казаць. Гэта ўсё было смешна і прадказальна.

А потым перадатчык зламаўся. Што было потым — я не ведаю. Бо мне ніхто нічога не мог распавесці, бо перадатчык больш нічога не трансліраваў. Напэўна, як і прадказвалі, расчынілася Чорная Дзірка.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.26 (всего оценок: 24)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • { А потым перадатчык зламаўся. Што было потым — я не ведаю. Бо мне ніхто нічога не мог распавесці, бо перадатчык больш нічога не трансліраваў. Напэўна, як і прадказвалі, расчынілася Чорная Дзірка. } Выбачайце, Алена, але як я разумею з сэнсу і рэшткі гэтага сумна-філасафічнага ўспаміну - нейкая невядомая Істота накіравала ўсіх дурняў ў 3.14зду. Дзе ім і месца. Мабыць та Істота і ёсць Бог. ... Добры сказ. Але ж пакуль не пра сённяшнюю РБ... :(