Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алёна Германовіч. СА СВЯТАМ. Бог жартуе


Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

У дзяцінстве мне здавалася, што Бог — стары, сівы, з барадой, які сядзіць на небе і сочыць, каб я не крала цукеркі, слухалася бацькоў, добра вучылася, не цягала ката Пушка за хвост і не лаялася. А калі буду так рабіць, то ён мяне пакарае, напрыклад, стукне чым-небудзь. А калі сам не зможа (не дастане, натуральна, з неба), дык папросіць бацьку ці маці, і тады атрымаю я бярозавай кашы...

Часам так і было, але часам і ўдавалася пазбегнуць пакарання, і мае злачынствы заставаліся ў таямніцы. Напэўна, Бог тады не бачыў, спаў, ці што (думала я). Я не магла ведаць, калі менавіта ён адпачывае, ці недзе забавіўся, і не заўважыў знікнення кілаграму цукерак з шафы ці пранізліва лямантуючага ката. Раз на раз не прыходзіцца (упэўнівалася раз за разам на сваім вопыце я). Бог — гэта таямніца (думала я ў дзяцінстве).

Бог — гэта таямніца (падумала я і ў 35 гадоў). Калі Ён не будзе ўжо для мяне таямніцай — азначацьме, што не будзе ўжо мяне.

А пакуль я ёсць, хоць і часова. На Вялікдзень, каля шасці раніцы, вярталася з касцёла, і паміж іншымі вясёлымі думкамі пра вялікае свята разважала, што ў кішэні — усяго сем тысяч, і як жыць, як страшна жыць, няма грошай. Ну ладна, ну ёсць дома прыхаваныя на чорны дзень некалькі паперак з Франклінамі, на якіх напісана «Мы верым у Бога», ці «Мы давяраем Богу», але гэта азначае, што так — мы давяраем Богу, таму даляры мы разменьваць не будзем, пачакаем, пакуль Усявышні дасць нам простыя беларускія грошы, без ніякіх пафасных надпісаў. Тым больш даляры ў нас звычайна на чорны дзень, а свята Вялікдзень ніяк не можа быць чорным, праўда?

І вось іду я і паміж справай маркочуся з-за адсутнасці беларускіх грашовых адзінак, і пазіраю пад ногі, пад якімі каша з талага снегу і бруду. І тут бачу — на зямлі ляжаць, прыветліва разгарнуўшы да мяне Мірскі замак, 50 тысяч беларускіх рублёў! Бог пажартаваў. Сябры мае, якія ішлі са мной, пачалі спрачацца, што не, гэта не жарт, Бог дапамог мне сур'ёзна, бо ў мяне няма грошай, і ён даў. Па-першае, сябры не ведаюць пра некалькі паперак з Франкліным, схаваных далёка-далёка-далёка, і сапраўды думалі, што ў мяне няма грошай, калі я пра гэта гаварыла. А Бог — ведае, ён бачыў, як я іх ашчадна хавала, але ён не мог не адрэагаваць на мае скаргі, у такі вось дзень! Па-другое, натуральна, Ён пажартаваў, таму што, канечне, 50 тысяч — гэта не грошы. Каб Ён паставіўся сур'ёзна да маіх скаргаў, то падкінуў бы не менш за мільён. Але, нагадаю, Ён ведаў пра таемную схованку. Тут быў такі тонкі тролінг, я думаю.

Гэта быў тролінг нумар 1. Тролінг нумар 2 быў такі. У тую ж раніцу, на Вялікдзень, я, паміж «смутку аб грашах», успамінала і крыўду на знаёмых, якія праігнаравалі тыдзень таму мой дзень нараджэння, хоць нават у біяграфіі на «Навінах» я адмыслова напісала, калі я нарадзілася. І ішла я, і разважала: «А ўсё-такі, як бы там ні было, на мой дзень нараджэння яны не прыйшлі, і ўсё-такі я пакрыўдзілася — вось чаму не было гасцей на МАЁ свята?». Прыйшоўшы дахаты, са здзіўленнем даведалася, што да мяне раптоўна ідуць госці, шмат прычым, чалавек восем. Мяне гэта насцярожыла, але я падумала, што — збег абставін. Такія справы. Гасцей сустрэлі, і правялі, і толькі правялі, як атрымалі тэлефанаванне, што да нас зноў ідуць госці, цэлы табар гасцей, прычым нечакана і нечаканых, прычым ідуць нават тыя, каго мы не ведаем. Мяне гэта насцярожыла яшчэ больш. І здзівіла. Дзякуй, Божа, канечне, пачуў мае скаргі, але ці не зашмат ужо, га? Я прасіла гасцей, але не столькі ж! І не цэлы ж дзень — як у дабрачыннай арганізацыі, не зачыняліся дзверы! Калі позна вечарам у дамафон зноў пачалі званіць, я ўжо была на мяжы! Гэта зноў былі госці!

Р.S. У выслоўях Саламона пішацца, што «Вясёлае сэрца аздараўляе, а пануры дух сушыць косці», «Усе дні няшчаснага ў смутку, а ў каго сэрца вясёлае, у таго заўсёды свята».

Апостал Павел сядзеў у рымскай вязніцы і пісаў адтуль пасланні: «Радуйцеся ў Богу», і проста «Радуйцеся!», і нават «Заўсёды радуйцеся».  

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.67 (всего оценок: 28)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • правду говорят, что у беларусов, как минимум, три разновидности отсутствия денег: -денег нет; -денег нет вообще; -пора идти в обменник. :)
  • Некалькі апатычныя радкі. Здаецца, 60-е лютага "задрала" ўсіх... Але ж, дарэчы, ў Госпада маецца пачуццё гумару, калі мы ўсе створаны па абліччу Яго... Каталіцкіх вернікаў са святам! Амен!