Мнения других авторов
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 24.03 // 19:02 Алег Гайдукевіч. ДЗЕНЬ ВОЛІ. Ад БНР да Незалежнай Беларускай Дзяржавы // Статья
Другие Мнения этого автора
- 23.02 // 12:44 Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. “Рускі я! Рускі!” // Статья
- 15.12 // 14:07 Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Даўбешкай па экране // Статья
- 25.10 // 12:03 Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. А-у-у, сантэхнікі! Дзе вы? // Статья
- 13.09 // 13:15 Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Заложнікі // Статья
- 13.07 // 13:47 Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Чаму не сябруюць транспартнікі з дарожнікамі // Статья
Мнение
Галіна Каржанеўская. ДЫЯЛОГІ. Камунальная разборка
Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і шмат гадоў — у газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. |
Дзейныя асобы:
Супрацоўніца ЖКГ, непрыступнага выгляду цётка,
Жыхарка г. Мінска
Дзеянне адбываецца ў жыллёва-камунальнай установе Фрунзенскага раёна, але можа быць у любым іншым.
Жыхарка. Добры дзень. Я прыйшла праверыць сваю заяўку.
Супрацоўніца. Якую заяўку?
Жыхарка (раздражнёна). Двойчы ўжо званіла. У мяне што — няма іншых спраў, акрамя як сто разоў да вас звяртацца?!
Супрацоўніца. Жэншчына, гаварыце па дзелу. Вы ў нас не адна.
Жыхарка. З нашага двара з ліпеня не звезены кучы скошанай травы. Цяпер які месяц?
Супрацоўніца (азірнуўшыся на каляндар за спіной). Ну, не звезлі. Можа, са ЖРЭА не далі машыны. (Вывучае манітор.) Няма такой заяўкі.
Жыхарка. Ага, вы не ўносіце нашы заяўкі ў камп’ютар! Але ж я званіла і ў ваша ЖРЭА!
Супрацоўніца. І што?
Жыхарка.Абяцалі разабрацца. Заўважце: разабрацца, але не звезці. Разбіраюцца ўжо тры тыдні. (Паўза.) Дзе ваша начальства?
Супрацоўніца. Дырэктар у водпуску, інжынер у 9-м доме, там аварыя.
Жыхарка. Прабачце, але ў мяне такое адчуванне, што са строю выйшла ўся ваша сістэма. Хочаш — звані, хочаш — пішы, хочаш — галавой аб сцяну біся…
Звоніць тэлефон.
Супрацоўніца. Алё… Інжынер будзе пасля абеда.(Кладзе трубку на стол.) Але мы вам гэта сена ў посцілках не перанясём.
Жыхарка. Ну, няхай гніе. Да зімы. А там снегам засыпле. (Думае.) Паслухайце, а няхай вам тачкі выдадуць, а? На тачках можна ж звезці. А яшчэ лепей — вазьміце мяне ў сваю кантору на паўстаўкі.
Супрацоўніца (змервае наведвальніцу скептычным позіркам). Вас?
Жыхарка. Мяне, мяне… Я толькі тры гады як на пенсіі. Сіла нямераная. І бясплатна ўсё за вас раблю. Хто бутэлькі ў жоўтыя кантэйнеры з двара зносіць? Хто сякерай лапухі высякаў ля прадуктовага? Хто клёны абразаў нажоўкай каля дома? Хто ўрэшце выкопваў баршчэўнік ля 15-га дома?
Супрацоўніца. Мы ж усё летам скасілі. Які баршчэўнік?
Жыхарка. Вы б яшчэ выкасілі на сваёй клумбе залатарнік канадскі.
Супрацоўніца. Залатарнік які?
Жыхарка. Вы ім, мабыць, хацелі двор аблагародзіць. Пасадзіце яшчэ “шалёны агурок” — і будзе поўны камплект.
Супрацоўніца. Я пазваню ў “Зеленбуд”. Калі гэты залатарнік шкодны, то…
Жыхарка. Вас, відавочна, наконт інвазіўных раслін не прасвяшчалі.
Супрацоўніца ЖКГ. А хто павінен прасвяшчаць?
Жыхарка. Хто-небудзь. Ці Мінпрыроды, ці Міністэрства камунальнай гаспадаркі, ці СМІ… Я спрабавала званіць у гарадскі выканкам.Уяўяляеце, у аддзеле гарадской гаспадаркі за ўсё лета ніхто ні разу не падняў трубкі! У начальніка ўвогуле сувязь адключана. Толькі “пі-і-і”, “пі-і-і”… Як цяпер у вас. Трубку пакладзіце на рычаг!
Супрацоўніца (кладзе трубку). А вы звярніцеся на сталічную гарачую лінію.
Жыхарка. Увесну звярталася.
Супрацоўніца. Наконт сена?
Жыхарка. Сена тады яшчэ не вырасла. Наконт вясновых суботнікаў. Я ж і на суботніках першая, як вы разумееце.
Супрацоўніца. І што?
Жыхарка. Штогод з вашай канторы выдаюць для пасадкі ў дварах не саджанцы, а якіясь заморышы з сухімі карэннямі. У выніку з дзесяці пасаджаных дрэўцаў прынялося два. А кожная бярозка каштуе ў гадавальніку каля двухсот тысяч! У зямлю закопваюцца нашы агульныя грошы! Дзяржаўныя грошы!
Супрацоўніца (падумаўшы). Вы няправільна пасадзілі.
Жыхарка (абурана). Мы? Няправільна?!! Мне цяпер перад суседзямі сорамна! Ямы капалі, ваду насілі… Каб восем сухіх пруцікаў упрыгожыла двор? (Паўза.) А раптам… А можа… (Шэптам.) А можа гэта карупцыя?
Супрацоўніца (таксама шэптам). Жэншчына, не кажыце такіх страшных слоў! (Паўза.) Наколькі я ведаю, гэтым пытаннем займаюцца замы па благаўстройству.
Жыхарка. Не смяшыце мяне! Зам у ЖРЭА ні сном, ні духам! Яна не ведае, што заказваюць у “Шчомысліцы”, які пасадачны матэрыял атрымліваюць, у якім стане ЖЭСам выдаюць… Ну, вы маю заяўку ўнеслі ў базу? То я пайду. (Выходзіць.)
Супрацоўніца ЖКГ з палёгкай выдыхнула. Праз хвілю Жыхарка вяртаецца.
Жыхарка. Я забыла спытацца, а як у вас з сантэхнікамі.
Супрацоўніца. Горш, чым з дворнікамі. Сто заявак да канца жніўня — і два сантэхнікі на чатыры ўчасткі.
Жыхарка. Зразумела. Няхай муж сам рамантуе. Кран жа не павінен капаць, праўда? (Сабе). Але як яны здорава прыдумалі з гэтай гарачай лініяй! Дзяржаўныя людзі! Ад нас усіх адгарадзіліся, каб такія назолы, як я, не патрывожылі якогась чынушу, нервы яму не паднялі… Чалавек на гэтую лінію пазвоніць, пар выпусціць — і нават адказу даваць не абавязкова! Як у вату ўсё! Нікому не патрэбны ні мы, ні нашы праблемы, ні тым болей нашы нервы…
Супрацоўніца. Ды вы прысядзьце, прысядзьце… Вадзічкі даць?
Жыхарка (сеўшы, тут жа паднялася і акрыяла). Ой, як дарэчы вы ўспомнілі пра вадзічку! У нашым доме стаяк цячэ з мінулага года. Мы па кватэрах хадзілі, подпісы збіралі. Калектыўны ліст накіравалі — і паўгода штомесяц атрымліваем то абяцанні, то тлумачэнні. А сцяна ўсё макрэй і макрэй… (Робіць вялікія вочы.)
Супрацоўніца нецярпліва ходзіць па кабінету. Тэлефон разрываецца.
Супрацоўніца. Нейкая вы мніцельная, далібог. То карупцыя на саджанцах, то дом размокне, то сена есці просіць… Ды ўвайдзіце ў наша становішча!
Жыхарка. Прабачце! Гэта вы ўвайдзіце ў наша! Нас болей! Вас паставілі, каб нам лягчэй жылося. І вы ж яшчэ збіраецеся накруціць цэны!
Зноў звоніць тэлефон. Супрацоўніца нарэшце бярэ трубку.
Супрацоўніца. Алё! Алё! (Жыхарцы) Я перадам… Майстру перадам вашу заяўку!
Жыхарка (ад дзвярэй). А яшчэ тратуары… Тратуары ў двары развалены!
Супрацоўніца (раздражнёна махае рукой, тыпу — “Ды ідзіце ўжо!”. У трубку.) Я ж сказала: у нас аварыя. У вас таксама аварыя? І што?
КАНЕЦ ДЗЕІ
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии