Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Галіна Каржанеўская. ПАЧАТАК ВЫБАРАЎ. Палітычная фантасмагорыя


Галіна Каржанеўская

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

На выбарчым участку. Старшыня камісіі, мажны мужык, перамаўляецца з дзяжурным міліцыянерам. Намесніца, яна ж Сакратарка, ставіць на стол мінеральную ваду. Яшчэ адна жанчына носіцца з пальмай — уладкоўвае вазон то там, то тут. Прыбягаюць, спазняючыся, дзве настаўніцы, члены камісіі.

Старшыня (абводзіць прысутных позіркам). Ну што, дамы, усе ў баявой гатоўнасці?

1-я настаўніца. У поўнай! Сто інструктажоў атрымалі.

Старшыня (стукае па сваім гадзінніку). А ва сколька вам сказалі прыхадзіць?

2-я настаўніца. Усё роўна мы раней за назіральнікаў.

Старшыня. Напамінаю: у кантакт з імі не ўступаць. Ніякіх вась-вась! Спіскі не паказваць. Цыфраў не саабшчаць. (Азіраецца.) Лідзія Міканораўна! Перастаньце насіцца з этай пальмай! Ад эціх нічога не скроеш. А чаму турнікеты паставілі блізка? (Мерае алегласць крокамі, кліча.) Міхайлавіч!

Уваходзіць Заўхоз.

Міхайлавіч! Пасуньце турнікеты дальшэ! Да той сцяны. Там яны будуць стаяць.

Сакратарка. Турнікеты?

Старшыня. Наблюдацелі.

Заўхоз выканаў распараджэнне і сышоў.

2-я настаўніца. Як яны змогуць выстяць цэлы дзень?

Старшыня. Какая вы сердабольная, Марыя Мікалаеўна! На вайне как на вайне. Вы хочаце, каб ім удобней была кляпаць на нас даносы? То есць жалабы?

1-я настаўніца. Без сталоў яны нічога не напішуць.

Старшыня. Я іх ведаю. Яны дагадлівыя. (Кліча.) Міхайлавіч! (Прыйшоў Заўхоз.) Прынясі малаток і пару гвоздзікаў. Вот такіх. (Паказвае.)

1-я настаўніца. А што, калі яны здалёку будуць задаваць пытанні?

Старшыня. На ўсе вапросы адказваю я. Тачнее — не адказваю. Запомніце: я старшыня. Значыць, я тут цар і бог.

2-я настаўніца (ціха). І воінскі начальнік.

Старшыня. Што-та тут не рускім духам пахнет… Апазіцыя какая-та прасачылася…

Сакратарка. Галоўнае, каб тыя не выходзілі званіць і дакладваць.

Старшыня. Мабільнікі ў іх забяруць на ўваходзе. Абшукаюць, прапусцяць праз металаіскацелі. Прасвецяць рэнтгенам. Еслі што… (Спахапіўся.) Газавыя балончыкі не забылі?

2-я настаўніца. Здаецца ж, клала… Дастае духі. Ой, пераблытала!

1-я настаўніца. Дай панюхаць. (Нюхае.) О-о-о! Дзе купіла?

2-я настаўніца. На Жданах.Уцэненыя.

Старшыня. Разгаворчыкі ў страю!

Уваходзіць Заўхоз з малатком і цвікамі.

Заўхоз. Падыдуць?

На гэтых словах з’яўляецца Назіральнік. Ён у касцы і бронежылеце.
Нямая сцэна.


2-я настаўніца. Кру-ута!

Назіральнік (падазрона). А навошта вам цвікі?

Сакратарка (сабе). Пачалося…

Старшыня (Назіральніку). Новы выбарчы Кодэкс, надзеюсь, ізучылі? Тры лішнія пытанні — і вас выводзіць міліцыя. Адна жалаба — трое сутак на Акрэсціна. Копія жалабы пракурору — дзесяць сутак.

Назіральнік. За што?! За паперыну?!

Старшыня. Давайце сваё напраўленне. (Углядваецца.) Рух какой-та…

Сакратарка. Я толькі БНФ знаю. Мая бабуля ў 90-я на іх мітынгі хадзіла.

1-я настаўніца (2-й, ціха). Бабуля ў яе, ці бачыце, на мітынгі хадзіла… У мяне маці і сёння актывістка. Усё нейкія подпісы збірае. Шлюць, шлюць тыя подпісы, а ўрад іх, мабыць, марынуе…Ці соліць?

Старшыня вывучае паперу, глядзіць яе на прасвет, нюхае. Потым вяртае і запісвае прозвішча ў сшытак.

Назіральнік. А фотаздымкі весці можна?

Старшыня. Два пытанні вы ўжо задалі. (Ласкава.) Даражэнькі, вы так і да пачатку дасрочнага не дабудзеце…

Назіральнік. Усё, усё! Маўчу, як рыба аб лёд.

Старшыня. Ваша месца вунь там. (Паказвае за турнікет. Сакратарцы.) Пакажыце таварышчу пусты яшчык для бюлетэняў.

Прыбягае задыханая Дзеўчынёшка.

Дзеўчынёшка. Я не опоздала? Я вчера получила аккредитацию. От БРСМ.

Старшыня. Займіце сваё места побач з таварышчам у касцы. (Паказвае.)

Дзеўчынёшка. Та-а-ам? (Апасліва зіркае на Назіральніка.)

Назіральнік. Я, між іншым, не кусаюся.

Сакратарка з жанчынай падносяць назіральнікам скрыню, са скрыні вывальваецца дно.

2-я настаўніца (смяецца). Фантастыка! 21-е стагоддзе!

Старшыня. Маленькій інцындэнт. Всё в жызні бывает. Помню, кагда служыў у Забайкальскім округу… (Спахапіўся.)

Назіральнік (радасна, сабе). Так, фіксуем першае парушэнне. (Дастае з папкі ліст паперы, шукае ручку.) Забыўся! (Дзеўчынёшцы) У вас няма ручкі?

Дзеўчынёшка (камісіі). А меня отвлекают от наблюдения.

Старшыня. Усё мы відзім і слышым. Прымем меры.

Старшыня прыбівае дно, скрыню апячатваюць. Камісія размяшчаецца за сталом у чаканні выбарцаў. Заходзіць Бабуля з кіёчкам. Яе сустракаюць усмешкамі, шукаюць у спісе, выдаюць бюлетэнь.

Сакратарка. Вы ж маглі, бабушка, на даму прагаласаваць.

Бабуля. Не, дзіцятка. Пакуль на нагах — сама даклыпаю. Дзіцятка, але ж я кепска бачу. Што там за фаміліі? Дзе мне паставіць пцічку?

Сакратарка (чытае). Івановіч, Сідаровіч, Несцяровіч і Пятрэнка.

Бабуля. Дык за каго? (Назіральнік наструніўся і чакае працягу.) Цяпер-то мы жывём добра. А як гаравалі! Пры Хрушчове хлеб быў кукурузны, каменны. Пры Брэжневе я булку дзерла, каб бліноў спячы. А цяпер усё ў магазінах ёсцека. Я очэнь люблю нашага прэзідзента.

Старшыня (жэстыкулюе, паглядаючы на Назіральніка). Ну так… Правільна… За яго і…

Бабуля вагаецца, потым ідзе ў кабіну і доўга адтуль не выходзіць. Камісія нервуецца. Назіральнік так падаўся ўперад, што абваліў турнікет. Дзеўчынёшка спалохана войкнула.
На гром выйшаў дзяжурны міліцыянер і паправіў заслону.
Нарэшце паказваецца Бабуля.

Бабуля (Сакратарцы). Дзіцятка! Я выбрала ўсіх чатырох. Усе людзі харошыя.

Жанчына вымае з-пад стала мядзведзіка і ўрачыста ўручае.

Жанчына. Вы ў нас першая выбаршчыца. Вам паложаны падарунак.

Бабуля. Дзякуй, дзякуй…Праўда, у мяне і праўнукі ўжо вялікія…

Камісія апладзіруе. Старшыня правёў Бабулю да выхаду.
Зноў усе сядзяць і напружана чакаюць.


Дзеўчынёшка (па-змоўніцку, Назіральнику). Вы как хотите, а я тут долго не задержусь. Знала бы, так кеды одела бы, а не шпильки.

Назіральнік (пераступаючы з нагі на нагу). Катаванне нейкае. Здзек проста. (З выклікам.) Я што, усю дарогу так стаяць буду?

Старшыня. Трэцяе пытанне! (Разводзячы рукамі.) Закон есць закон! Дзяжурны, выведзіце этага пісаку. Ён нарушыў парадак на ўчастку.

Заслона

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 9)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева