Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Рабочие МЗМК: мы стали обузой для своих семей
    Сотрудники Молодечненского завода металлоконструкций грозят новой забастовкой, если не получат зарплату до понедельника...
  2. Байнет шутит: выборы начинаются с рюмки
    Пользователи соцсетей считают, что президентские выборы можно проводить хоть завтра...


Общество

Пантэон Беларусі. Браты Шчорсы


У Якуба Коласа ў аповесці “У глыбі Палесся” ў трылогіі “На ростанях” напісана: “У мястэчку Панямонь многа розных выдатных будынкаў і ўстаноў. Тут ёсць … царква Св. Магдалены, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага… Але вы яго не ўсё ведаеце, а шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч”.


У гэтай краіне не мелі мы волі

Пад назвай Панямонь Якуб Колас апісаў мястэчка Новы Свержань, што за тры кіламетры на поўдзень ад Стоўбцаў (райцэнтр у Мінскай вобласці). Адзін з лідараў беларускай эміграцыі Аўген Калубовіч наступным чынам згадаваў пра сустрэчу з Коласам у 1939 г.: ”Ніякае выабражэнне тады не магло дапусціць, што прататыпа гэтага персанажа [г.зн. Базыля Трайчанскага. — аўт.] з Коласавай аповесці праз восем год мы будзем хаваць на эміграцыі, на нямецкіх могілках у Каме”.

Кам — мястэчка на ўсходзе Баварыі, пры самай чэшскай мяжы. Тут, побач у вёсцы Міхельсдорф, ад ліпеня 1946 г. цягам трох гадоў дзейнічаў Беларускі лагер — паселішча для ўцекачоў, якія уцяклі з савецкага раю. Яны добраахвотна пакінулі Беларусь ўлетку 1944 г.: настаўнікі, дактары, дробныя чыноўнікі, леснікі, сяляне — г.зн. тыя, хто не хацеў трапляць пад рэпрэсіі і апынуцца ў Курапатах, Сібіры, на Далёкім Усходзе. З Новага Свержня я налічыў пару дзясяткаў чалавек, што ўлетку 1944 г. выехалі на эміграцыі, а потым узялі актыўны ўдзел у грамадскім руху на выгнанні.

Як бы склаўся іх лёс, каб не эміграцыя? Цяжка меркаваць. У якасці прыкладу можна прывесці лёс пісьменніка Тодара Лебяды (Пятра Шыракова) — аўтара п’есы пра калектывізацыю вёскі “Загубленае жыццё”. Дарэчы, гэта п’еса была апошнім паказам Мінскага тэатра за немцамі ў чэрвені 1944 г. Першы раз Лебяда-Шыракоў быў асуджаны ў 1936 г. на пяць гадоў, вярнуўся ў Беларусь, а ўлетку 1944 г. падаўся ў Нямеччыну. У 1945 г. вырашыў вярнуцца на Беларусь: шукаў жонку, якая выцягнула яго з лагера ў 1940-м. Быў арыштаваны, яму шчодра адмералі 25 гадоў лагера. Падчас хрушчоўскай адлігі ў 1956 г. вызваліўся, вярнуўся ў Беларусь, але быў вымушаны выехаць у Разанскую вобласць, дзе і памёр у 1970 г. Нікому не патрэбны і выкраслены з людской памяці вораг народа.


Былі ў бацькі тры сыны

Вернемся да гісторыі бацькоў і сыноў Шчорсаў. Васіль з жонкай Соф’яй жыў у Новым Свержні і было ў іх трое сыноў: Мікалай, Барыс і Ігар.

Сям’я Шчорсаў. Браты Мікалай, Барыс, Ігар. Бацькі — Сафія і Васіль. Фота. Першая палова 1940-х.
Сям’я Шчорсаў. Браты Мікалай, Барыс, Ігар. Бацькі — Сафія і Васіль.
Фота. Першая палова 1940-х.


Мікалай быў старэйшы. Ён нарадзіўся ў 1913 г.

Пасля 1920 г. Заходняя Беларусь, згодна з умовамі Рыжскага дагавора, апынулася ў складзе Польшчы. Новы Свержань аказаўся пад самай савецкай мяжой.

Шчорсы-старэйшыя разумелі, што з добрай адукацыяй сыны не прападуць. У 1930-я перспектыўнай выглядала прафесія доктара (ці лекара, як тады казалі, слова “урач” у тыя часы ў беларускай мове не ўжывалася). Пашана, грошы, універсальнасць для любой краіны.

Мікалай Шчорс скончыў медыцынскі факультэт Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні (УСБ). Браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці беларусаў Вільні, на працягу двух гадоў, 1935-1937 гг., узначальваў Беларускі студэнцкі саюз, які аб’яднаў некалькі дзясяткаў суайчыннікаў: каб разам супрацьстаяць польскай асіміляцыі. Студэнцкае братэрства выпускнікі УСБ — той, хто не згінуў ад рук немцаў, палякаў, бальшавікоў — пранеслі праз усё жыццё. А чальцы Беларускага студэнцкага саюза бралі актыўны ўдзел у нацыянальным руху, узначальвалі арганізацыі, кіравалі грамадскім жыццём. Значэнне БСС у гісторыі нацыянальнага руху не меншае, чым значэнне Віленскай беларускай гімназіі.


Мары пра прэм’ерства

Увосень 1939 г. у Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная армія. 19 верасня была занята Вільня. Шэраг грамадскіх дзеячаў, што знаходзіўся ў горадзе, быў арыштаваны. На аднаго з лідараў грамадскага жыцця, шматгадовага дырэктара Віленскай беларускай гімназіі Радаслава Астроўскага, ля яго дома пад Вільняй, была нават зладжана сапраўдная засада.

Мікалай Шчорс палічыў, што куды бяспечней будзе пераседзець падзеі пачатку будучай вайны ў акупаванай немцамі Варшаве. Тут Шчорс развіў актыўную грамадскую дзейнасць. Заснаваў Беларускі камітэт, які аб’яднаў нашых землякоў у Варшаве. Члены камітэта забяспечваліся прадуктовымі карткамі — з ежай было няпроста ў акупаваным горадзе. Не дзіўна, што запісваліся ў камітэт і палякі. Усяго Беларускі камітэт аб’яднаў каля 10 тыс. чалавек.

Мікалай Шчорс быў амбітны чалавек. Ён марыў не толькі пра незалежную Беларусь, але і пра тое, што будзе прэм’ер-міністрам.

У 1940 г. ён наладзіў кантакты з нямецкім Абверам, прагназуючы, што будучая вайна паміж Германіяй і СССР — справа часу, і ў гэтым умовах трэба будзе скарыстаць мінімальны шанец, каб паспрабаваць стварыць незалежную беларускую дзяржаву, хоць і пад нямецкім пратэктаратам. Спадзевы былі не беспадстаўныя. У сакавіку 1939 г. з дапамогай гітлераўскай Германіі была створана незалежная Славакія, а ў красавіку 1941 г. незалежнасць атрымала яшчэ адна славянская дзяржава — Харватыя.

Шчорс арганізую падрыхтоўку дыверсантаў у Беларусь, каб у пачатку вайны мець магчымасць кантраляваць асноўныя камунікацыі, а таксама рыхтуе кадры для будучай беларускай адміністрацыі. Аналагічна дзейнічаў і Літоўскі фронт актывістаў. З адной толькі розніцай, што літоўцам 23 чэрвеня 1941 г. удалося падняць паўстанне, выцясніць з ключавых гарадоў Чырвоную армію і абвясціць хоць на кароткі час аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы. З чым немцы катэгарычна непагадзіліся і ЛФА распусцілі, а Беларусь і Літву аб’ядналі ў Остланд.

19 чэрвеня 1941 г. на пасяджэнні беларускага актыву ў Берліне Мікалая Шчорса абіраюць старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся ў якасці будучага беларускага ўрада пад немцамі. Ужо ў ліпені 1941 г. М.Шчорс наведвае беларускія гарады, бачыць жахі новай акупацыі, самаўпраўства нацыстаў, слабасць і негатоўнасць беларускага актыву — і катэгарычна адмаўляецца ад далейшых планаў. Ён вяртаецца назад у Варшаву, дзе канцэнтруецца на дзейнасці ў Беларускім камітэце. Дарэчы, менавіта М.Шчорс дабіваецца ад мітрапаліта Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Дзяніса аўтаноміі на дзейнасць беларускіх прыходаў у Заходняй Беларусі, што дало магчымасць высвяціць епіскапаў і зрабіць першы крок да абвяшчэння аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы.


У акупаванай Беларусі

У Беларусі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці бяруць удзел двое братоў. Барыс Шчорс. Ён быў сярэднім. Нарадзіўся ў 1916 г. Скончыў гімназію ў Стоўбцах, а ўжо з прыходам Чырвонай арміі — настаўніцкі інстытут у Беластоку (1940). Падчас нямецкай акупацыі працаваў у адміністрацыі ў Барысаве.

Ігар Шчорс быў наймалодшым. Ён нарадзіўся ў 1918 г. У акупаваным Мінску спачатку працаваў у гарадской управе, у аддзеле дакументаў, а затым узначаліў крымінальную паліцыю ў Мінску: займаўся вышукам злодзеяў і розных крымінальнікаў. Функцыі паліцыі ў той час заключаліся ж не толькі ў запалохванні насельніцтва з арыштамі і расстрэламі.

Грамадскі дзеяч Антон Шукелойць згадваў, што быў сведкам, як Ігар Шчорс выпісваў дакументы і пропускі яўрэйскім дзецям на выезд з Мінска.


У Нямеччыне

Летам 1944 г. у братоў і бацькоў Шчорсаў не было выбару: толькі эміграцыя. З восені 1944 г. усе яны з жонкамі апынуліся ў Берліне. Мікалай Шчорс стаў палкавым лекарам Беларускай краёвай абароны — эрзац-войска, арганізаванага пад немцамі. Ён нават аперыраваў вядомага дзеяча, у той час кіраўніка вайсковых спраў Беларускай Цэнтральнай Рады [правобраз беларускага ўрада пад немцамі] Канстанціна Езавітава ў красавіку 1945 г. пад Берлінам. Шчорс зрабіў аперацыю і з’ехаў, пакінуўшы Езавітава аднаўляцца, а таго праз некаторы час захапілі савецкія разведчыкі і даставілі за лінію фронту. Праз год К.Езавітаў памрэ ў мінскай турме. Мікалаю Шчорсу нават потым на эміграцыі прыйшлося даказваць, што ён не вінаваты ў арышце Езавітава.

Па капітуляцыі Германіі кожны з братоў Шчорсаў пайшоў сваім шляхам. Мікалай займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю. Увайшоў у склад БЦР, стаўшы паплечнікам Радаслава Астроўскага. Але праз паўгода, у верасні 1945 г., БЦР часова прыпыніла дзейнасць. Яе дзеячы баяліся, што будуць выдадзеныя ў СССР як памагатыя нацыстаў. У гэты час развіла актыўную дзейнасць групоўка Мікалая Абрамчыка, які спрабаваў аднавіць дзейнасць Рады БНР. Неўзабаве на эміграцыі адбыўся раскол на прыхільнікаў Рады БНР і БЦР. Шчорс спрабаваў замірыць абодва бакі, але марна, урэшце падтрымаў адноўленую БЦР, стаўшы ў 1948 г. яе віцэ-прэзідэнтам. У 1946-1947 гг. быў адным з кіраўнікоў Беларускага праваслаўнага аб’яднання, спрабаваў дамагчыся вяртання беларускіх епіскапаў з Расійскай зарубежнай царквы ў БАПЦ.

Браты Барыс і Ігар таксама бралі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці на эміграцыі. Барыс быў камендантам беларускага лагера ў Міхельсдорфе. У лагеры жылі некалькі сотняў нашых суайчыннікаў, тут дзейнічалі беларускія школа, гімназія, грамадскія арганізацыі, праваслаўны прыход, розныя курсы, у тым ліку шафёрскія і моўныя. Фактычна, такія лагеры рыхтавалі да выезду нашых землякоў у іншыя краіны.

Ігар таксама жыў у Міхельсдорфе. Яго цікавіў тэатр. Ён далучыўся да тэатральнай групы Вячаслава Селяха-Качанскага “Жыве Беларусь”, удзельнічае ў пастаноўках.

У Міхельсдорфе, дарэчы, памірае стары Васіль Шчорс. Жонка Сафія перажыла яго на 34 гады.

У 1948 г. выходзіць пастанова акупацыйных уладаў (а Міхельсдорф быў у амерыканскай зоне), што праца лагераў паступова павінна была згортвацца, а іх насельнікі паступова рыхтавацца да выезду ў іншыя краіны.


Выезд у ЗША

Большасць беларусаў з Нямеччыны выехалі ў ЗША. Цэнтрамі беларускага жыцця ў Злучаных Штатах сталі Нью-Ёрк, праз порт якога прыбывалі новыя эмігранты, і штат Нью-Джэрсі, які атачае Нью-Ёрк з трох бакоў. Безумоўна, сяліцца ў Нью-Джэрсі было танней, чым у Горадзе Вялікага Яблыка.

Але Мікалай Шчорс асеў спачатку ў Нью-Ёрку: тут было больш магчымасцей для доктарскай практыкі. Дыплом, атрыманы ў Польшчы, ён з поспехам пацвердзіў, здаўшы ўсе неабходныя іспыты.

Доктар Шчорс працягваў займацца і актыўнай грамадскай дзейнасцю. Узначаліў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, які спрыяў у прыездзе ў краіну новых эмігрантаў і дапамагаў ім рабіць першыя крокі.

М.Шчорс заснаваў першую пасляваенную паўнацэнную газету — “Беларуская трыбуна”. Яе першы нумар выйшаў 27 верасня 1950 г. “Беларуская трыбуна” выдавалася да лістапада 1953 г. і спыніла выданне з-за разбежкі поглядаў на яе існаванне паміж Шчорсам і рэдкалегіяй.

першы нумар «Беларускай трыбуны», што выдавалася ў ЗША ў 1950—1953 гг.
Першы нумар «Беларускай трыбуны», што выдавалася ў ЗША ў 1950-1953 гг.

У 1951 г. М.Шчорс быў адным з ініцыятараў і першым старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі (БККА). Меркавалася, што БККА будзе аб’ядноўваць усе беларускія арганізацыі, створаныя ў ЗША. На справе атрымалася, што БККА аб’яднаў толькі адзін бок эміграцыі: тых, хто падтрымліваў платформу БЦР.

Неўзабаве М.Шчорс адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця. Прычын было некалькі, у тым ліку і пастаянныя сваркі ў беларускай грамадзе, і яго амбітныя погляды. Паплечніца М.Шчорса па БККА Лангіна Брылеўская іранічна пісала: “Раз на такой нарадзе [грамадскіх дзеячаў у ЗША], калі ўжо быў сваркамі даведзены да “точкі”, ён сказаў: “з гэтага нарэшце выглядае, што нарэшце плюну і адыйду”. Не ведаю, ці плюнуў, але адышоў…”.

Трэба таксама сказаць, што ў Амерыцы часта трэба было рабіць выбар: або прафесійная кар’ера, або грамадская дзейнасць. Той, хто займаўся грамадскай дзейнасцю, вытрачваў на яе шмат часу. І наадварот.

Мікалай Шчорс урэшце зрабіў выбар на карысць прафесійнай кар’еры. Ён з’ехаў у горад Платсбург, што на поўначы штата Нью-Ёрк, дзе адкрыў хірургічную клініку. Доктар Шчорс меў салідную практыку, ён спецыялізаваўся на жаночых хваробах. Да яго прыязджалі беларускі з усіх ЗША, ды й не толькі беларускі. Мікалай Шчорс меў вялікую пашану ў амерыканскім асяроддзі і быў нават выбраны віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў.

Але і беларускую справу ён не забываў, рэгулярна прыязджаў на імпрэзы, шчодра фінансаваў розныя праекты, у тым ліку і пабудову беларускай царквы ў Саўт-Рыверы.


Беларускі горад у Амерыцы

Ад пачатку 1950-х адным з цэнтраў беларускага жыцця ў ЗША стаў невялічкі гарадок у цэнтральнай частцы штата Нью-Джэрсі — Саўт-Рывер. Ад канца ХІХ ст. тут жыла немалая грамада выхадцаў з заходнебеларускіх земляў. Прычым пераважна з ваколіц Маладзечна і Вілейкі. Тры сотні нашых суайчыннікаў арганізавалі тут у пачатку ХХ ст. праваслаўны прыход св. Пятра і Паўла Рускай праваслаўнай царквы. Праўда, усе яны лічылі сябе рускімі. Што казаць, калі ў горадзе былі вуліцы Пушкіна, Горкага, Талстога, Маскоўская.

Беларускі грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША) збудаваны паводле ініцыятывы Барыса Шчорса. Фота 2006 г.
Беларускі грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША),
збудаваны паводле ініцыятывы Барыса Шчорса. Фота 2006 г.


Горад стаў па-сапраўднаму беларускім толькі ў пачатку 1950-х, калі сюды перасялілася некалькі дзясяткаў беларускіх сем’яў, у тым ліку з лагера ў Міхельсдорфе. Былі заснаваныя некалькі арганізацый, аднавілася тэатральная аматарская трупа Селяха-Качанскага, быў заснаваны праваслаўны прыход св. Еўфрасінні Полацкай. 25 Сакавіка тут абвяшчаўся Беларускім днём, а каля будынка мэрыі ўрачыста, у прысутнасці мэра, уздымаўся бел-чырвона-белы сцяг.

Сафія Шчорс арганізавала ў Саўт-Рыверы нефармальны беларускі дзіцячы сад. Вядома, каб трывала стаць на ногі ў Амерыцы, трэба працаваць з раніцы да позняга вечара. А іхнае грамадства не было ахоплена такой звыклай, як у Беларусі, з’явай як дзіцячыя садкі і адпачынак па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Хочаш зарабляць, выплочваць крэдыт за дом, аўтамабіль — калі ласка, выходзь на працу.

Пенсіянерка Сафія Шчорс глядзела дзяцей беларусаў, арганізаваўшы такі беларускі дзіцячы садок. Побыт дзіцёнка з “поўным пансіёнам” каштаваў адзін даляр у дзень, згадваюць саўт-рыверцы. Для параўнання: у пачатку 1950-х адзін даляр — была мінімальная пагадзіннная аплата працы ў ЗША.


Барыс

Адным са стаўпоў беларускага жыцця ў Саўт-Рыверы быў Барыс Шчорс. У 1951 г. ён узначаліў Беларускае выдавецкае таварыства, узначальваў Беларускі нацыянальны фонд, уваходзіў у склад рэдакцыі саўт-рыверскага часопіса “Беларуская думка”. Барыс Шчорс шмат спрычыніўся да арганізацыі харавой і мастацка-выяўленчай дзейнасці ў горадзе, ініцыяваў выдаўніцтва пласцінак хора “Каліна”, які доўгія гады паспяхова дзейнічаў у Саўт-Рывепы.

Беларуская праваслаўная царквы св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы. Знаходзіцца ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата. Фота 2006 г.
Беларуская праваслаўная царквы св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы.
Знаходзіцца ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата. Фота 2006 г.


У 1968-1972 гг. беларусы Саўт-Рывера пабудавалі асобную царкву. А Барыс Шчорс ініцыяваў узвядзенне каля яе асобнага будынка парафіі пад грамадскія патрэбы: арганізацыю грамадскіх святкаванняў. Так быў пабудаваны Беларускі грамадскі цэнтр з бібліятэкай і архівам, а таксама памяшканнямі пад парафіяльную школу, у якой ў 1960-я навучалася пад 40 малых беларусікаў. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла двойчы папрацаваць у архівах гэтага цэнтра ў 2006 і 2010 гг.

Барыс Шчорс памёр 6 чэрвеня 1975 г. Грамадская дзяячка Ліза Літаровіч расказвае: “Як Барыс памёр, многае ў нас завалілася. Ён вёў усё. Барыс быў сапраўдны беларускі дзеяч. Як ён памёр, то ўся царква плакала. Мой муж не мог пагадзіцца, як такі чалавек адышоў у 63 гады”.

Гэта не перабольшванне. З прычыны смерці Б.Шчорса шэраг мерапрыемстваў у Саўт-Рыверы быў адменены, у тым ліку і чарговы Пленум БЦР.

Браты перажылі яго ледзь не на 20 гадоў. Ігар памёр у 1992 г., паспеўшы ўзяць удзел у апошнім Пленуме БЦР у 1988 г.

Са смерцю Мікалая Шчорса звязана цікавая гісторыя. Паводле завяшчання, складзенага ў юрыдычнай канторы Malishewski Funeral Home, доктар Шчорс, хоць і жыў цяпер у далёкай Фларыдзе, пажадаў быць пахаваным на Беларускіх могілках у Саўт-Рыверы. Мікалай памёр 22 снежня 1995 г. у Фларыдзе, а жонка скасавала кантракт, забраўшы ахвяраваныя 10 тыс. даляраў. Таму афіцыйна на дзялянцы, дзе ляжаць браты Барыс і Ігар разам з бацькамі Васілём і Сафіяй — Мікалая няма. Але саўт-рыверцы кажуць, што прынамсі, зямля з фларыдскай магілы прынесена на магілу братоў і бацькоў у Саўт-Рыверы.

магіла Васіля і Сафіі Шчорс на Беларускіх парафіяльных могілках у Саўт-Рыверы. Фота 2010 г.
Магіла Васіля і Сафіі Шчорс на
Беларускіх парафіяльных могілках у Саўт-Рыверы. Фота 2010 г.


Гісторыя сям’і Шчорсаў — як гісторыя беларускай Амерыкі. Розныя шляхі, розныя заняткі, а спачынак адзін — на беларускіх могілках, якіх у ЗША двое. У Саўт-Рыверы і блізкалеглым Іст-Брансвіку.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 14)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Цікава! Тым больш, што мае родныя (дзедаў брат) па бацькоўскай лініі пасля бальшавіцкага перавароту аказаліся у гарадку Эдысан (Edison) пад Нью-Джэрсі
  • Как в губку впитал историческую информацию. Спасибо.