Другие материалы рубрики «Спорт»
-
Наши в еврокубках. И снова один мяч на двоих
Старт БАТЭ и «Динамо» в основном раунде еврокубков выдался тоскливым — собственно, как и год назад. Два поражения и вновь один забитый мяч на двоих... -
БАТЭ в Лиге чемпионов. Нет кузенов в Леверкузене
Новый старт БАТЭ в Лиге чемпионов оказался чуть лучше прошлогоднего, но все таким же безрадостным.
- «Белшина» дома переиграла «Торпедо-БелАЗ»
- Сергей Шабанов: сегодня «Динамо» победит «Авангард» в овертайме
- Сегодня пройдут три матча чемпионата Беларуси по футболу в высшей лиге
- Объявлены претенденты на «Золотой мяч» лучшего футболиста года
- «Урал» при Скрипченко продолжил беспроигрышную серию
- Лига Европы: второе поражение «Динамо»
- Лига чемпионов. БАТЭ — «Рома» — 3:2
- БАТЭ обыграл итальянскую «Рому»
- Лукашенко объяснил спортсменам, почему государство на них давит
- Виктория Азаренко провела в Минске мастер-класс
Спорт
Аліна Талай: мой “любімы мужчына” сумуе па мне ў Аўстрыіі
Адна з самых паспяховых нашых спартовак спецыяльна для праекту “Байцоўскі ген” аналізуе праблемы ўзаемаадносінаў паміж сучаснымі мужчынамі і жанчынамі, апавядае, ці перамог фемінізм у Еўропе і як змянілася яе жыццё пасля медаля чэмпіянату свету.
Год таму, калі “Байцоўскі ген” сустракаўся з Алінай Талай, яна толькі марыла пра медаль чэмпіянату свету ў бегу з бар’ерамі. І вось у Пекіне п’едэстал нашай дзяўчыне скарыўся. Супер! Аліна даказала, што яе папулярнасць найперш звязаная з талентам, а не з прыгажосцю і беларускай мовай.
Каб кожны мог ацаніць маштабы гэтага дасягнення, патлумачым наступнае. Нават такімі папулярнымі відамі спорту, як лыжныя гонкі ці біятлон займаюцца ў дзясятках краін свету. А лёгкай атлетыкай — па ўсёй планеце Зямля. Таму здабыць бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў бегавой дысцыпліне — гэта без перабольшання трыумфальна. Што можа быць цяжэйшым!
— На папярэдніх чэмпіянатах свету і на Алімпіядзе я спынялася за крок ад фіналу, — згадвае Аліна. — А выхад у фінал азначае, што ты — у сусветнай эліце лёгкай атлетыкі. Было вельмі крыўдна і балюча. Я загадзя ведала, што на чэмпіянаце свету 2015 г. бой будзе жорсткі. Таму бронзавы медаль стаў для мяне прыемным шокам.
— Ты прачнулася знакамітай на раніцу пасля п’едэсталу?
— Мае старонкі ў сацсетках проста распірала ад віншаванняў і паведамленняў, на якія я потым карпатліва адказвала. Як і любому чалавеку, мне прыемная такая ўвага, усведамленне, што маю працу высока ацанілі. Але я не адчуваю сябе знакамітасцю. Мяне па-ранейшаму рэдка пазнаюць на вуліцы і ніхто не патрабуе: “Распішыцеся ў мяне на правай грудзі!” Я не імкнуся да поспеху і ўсеагульнага прызнання. Гэта адымае шчырыя пачуцці паміж табою і людзьмі. Я часта чула ў свой адрас: “Яна ж такая! Яна з простымі смяротнымі не размаўляе…” Гэта, натуральна, смешна. Паспяховы выступ не змяніў мяне, змянілася стаўленне людзей да мяне. А мне б так не хацелася, каб людзі ўва мне бачылі толькі медалі і медыйную асобу…
— Што табе снілася ўначы перад фіналам?
— У Пекіне доўга не магла заснуць праз розныя гадзінныя паясы і спрабавала сябе нечым пацешыць: слухала ўлюбёныя літаратурныя перадачы Дзмітрыя Быкава на “Рэху Масквы”. Засынала позна. Што мне снілася, не памятаю. Па шчырасці, я не веру ў прымхі і імкнуся рэальна глядзець на рэчы. А спорт мне наогул рэдка сніцца. Можа, адзін ці два разы ў жыцці бачыла ў снах спаборніцтвы. Можа, таму, што ў вольны час шмат пра спорт не думаю.
“Было смешна, калі сказалі: “Табе будзе вельмі цяжка знайсці мужа, бо ў цябе ўсё ёсць”
— Кожны лёгкаатлетычны від спорту траўманебяспечны. Як ты пераадольваеш боль?
— Мне падабаецца жыць і працаваць на мяжы сваіх магчымасцяў. Перамагчы свае слабасці і заганы — гэта ж крута! Аднойчы я падышла да люстэрка, пільна зірнула на сябе, і мне стала так цікава, што можа маё цела, дзе мяжа яго фізічных здольнасцей. Вось усё імкнуся зразумець гэтую мяжу.
— То бок ты лічыш сябе моцнай дзяўчынай? Ці перашкаджае гэта ў асабістым жыцці?
— Было вельмі смешна, калі мне аднойчы сказалі: “Табе будзе вельмі цяжка знайсці мужа, бо ў цябе ўсё ёсць”. Маўляў, муж патрэбны, каб забяспечыў кватэрай, машынай, грошы на модныя сукенкі даваў. Але гэта не так. Бяда сучасных дзяўчат у тым, што яны вельмі меркантыльна ставяцца да хлапцоў. Мне, напрыклад, патрэбен не гаманец з грашыма, а партнёр, блізкі па духу чалавек, з якім можна смела разам крочыць па жыцці, развівацца, як асоба. Няма больш агіднага, чым разам дэградаваць.
— Чаму ў наш час паспяховым беларускам не так проста знайсці сваю другую палову?
— Многім мужчынам складана ладзіць з разумнымі жанчынамі, маўляў, я адзін павінен быць лідарам у сям’і. Вось ён нечага ў жыцці дасягнуў і лічыць гэта дастатковым. Але які ты нафіг лідар, калі не хочаш далей развівацца, працаваць над сабою? Канечне, з прыгожай дурніцай жыць прасцей, а потым мужчыны пачынаюць наракаць: “Мне так сумна, з маёй жонкай, няма пра што пагутарыць…”
А спартоўкам яшчэ цяжэй знайсці сабе пару. Многім мужчынам складана перажыць поспех сваёй жанчыны. Да таго ж гэтыя вечныя зборы, спаборніцтвы, калі ты надоўга з’язджаеш з дому! І вось ты кажаш свайму каханаму: “У мяне ёсць выдатны шанец палепшыць свае спартовыя вынікі, але для гэтага трэба надоўга з’ехаць за мяжу”. У адказ большасць з нас чуе: “Не, ты што! Як так? Я тут, а ты там…” Мужчынам-спартоўцам у гэтым сэнсе прасцей: іх жанчыны едуць разам з імі.
“Чуткі, што ў Заходняй Еўропе перамог фемінізм, — усяго толькі чуткі”
— Адразу пасля нашага папярэдняга інтэрв’ю ты пераехала ў Вену. Ці моцна змянілася жыццё?
— Мне лёгка даўся пераезд у Аўстрыю, і пакуль не ўзнікала моцнай настальгіі, каб паўсюль бярозкі мроіліся. Мне вельмі камфортна ў Вене: шыкоўны горад са сваім адметным стылем.
— Ці моцна аўстрыйцы адрозніваюцца ад беларусаў?
— Я пакуль не ўбачыла вялікай розніцы. Нават чуткі пра тое, што ў Заходняй Еўропе канчаткова перамог фемінізм, — усяго толькі чуткі. Аўстрыйскія мужчыны па-ранейшаму галантна ставяцца да жанчын: адчыняюць ім дзверы, дораць кветкі, частуюць у рэстаранах. Венцы вельмі стылёва апранаюцца і сочаць за сваім здароўем, стала выбягаюць на прабежкі і займаюцца ў фітнэс-клубах. А наведванне знакамітых венскіх баляў ці оперы — у іх цэлы рытуал: мужчыны — у смокінгах, жанчыны — у элегантных вячэрніх строях.
— А як ты бавіш час у Вене?
— Па шчырасці, мне больш даспадобы розныя бары і клубы, дзе можна файна прабавіць час у нефармальнай абстаноўцы і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Мая сяброўка-аўстрыйка пастаянна запрашае мяне на розныя музычныя імпрэзы і паці, якімі так славіцца Вена, але праз спаборніцтвы аніяк не магу іх наведаць. Вось і ў гэтым годзе планавала трапіць на буйныя музычныя опэн-эйры ў Аўстрыі і Венгрыі, але дзе там! Добра, што зборы праходзілі на Тэнерыфэ, дзе ўвесь час з задавальненнем насілася на матацыкле па ўзбярэжжы акіяна. Вакол — нікога, толькі ты і прырода. Казка! Ёсць такія моманты, калі здаецца, што нічога асаблівага не адбываецца, але яны пакідаюць глыбокі след у душы.
“Мой трэнер такі ж вар’ят, як і я”
— Не раззлавала трэнера, што набыла сабе матацыкл?
— Не, Філіп Уінфрэд — такі ж вар’ят, як і я. Калі ён пра ўсё даведаўся, сказаў: “Ваў, крута!” У яго і самога ёсць такі транспартны сродак. Эх, нагадалі вы мне пра мой матацыкл — майго “любімага мужчыну”, які так сумуе па мне ў Аўстрыіі…
— Прыязджаючы ў Беларусь, ты ўдзельнічаеш у кампаніях, каб збіраць грошы на добрыя справы. Апошнім разам — на будаўніцтва дзіцячага хоспісу. Табе складана сустракацца з цяжка хворымі дзецьмі?
— Можа, у мяне моцны характар, але я не плачу, калі прыходжу дадому пасля такіх сустрэч. Я проста думаю, чым яшчэ магу дапамагчы. Існуе вялікая розніца паміж жалем і спачуваннем. Жыль вымагае тваіх эмоцый і не прыносіць аніякай карысці. Спачуванне ж немагчымае без актыўных дзеянняў.
— Як гэта разумець?
— Можа, я дрэнны чалавек, але ніколі не даю грошай вулічным жабракам. У большасці з іх ёсць рукі-ногі: чаму ты не працуеш і б’еш на жаль? У роднай Оршы жыве мой цёзка Аляксей Талай, які ў дзяцінстве страціў рукі і ногі. Вось дзе можна канчаткова страціць надзею! Але ён выстаяў, стварыў сям’ю і актыўна яшчэ дапамагае іншым. Наш аршанскі Нік Вуйчыч! Такімі людзьмі я заўсёды захапляюся. Вельмі важна жыць з пачуццём кахання і надзеі ў сэрцы, нават калі няма нікога побач. Проста з любоўю ставіцца да навакольнага свету і яго насельнікаў.
Фота Яўгена Атцецкага
Последние Комментарии