У Гомелі па вуліцах ходзіць “паэтычны” аўтобус

Гучыць назва новага прыпынку, а за ёй і новы верш. Гэтым разам Максіма Танка пра родную мову.

Маршрут аўтобусу № 20, які ходзіць ад мікрараёну Старая Валатава паўз вакзал да Мэдычнага гарадку, ці не самы працяглы ў Гомелі. Каля гадзіны доўжыцца ягоны рэйс толькі ў адзін бок. І аздоблены гэты аўтобус незвычайна.

Паэтычны аўтобус на праспэкце Перамогі

На левым боку — партрэты двух беларускіх песьняроў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. На правым — згадкі пра Дзень беларускага пісьменства, які сёлета праводзіцца на Гомельшчыне ў Рагачове. А ў салёне ўгары паміж поручнямі замацаваны акуратныя плякацікі з партрэтамі ды імёнамі беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў на фоне каласоў, валошак і рамонкаў: Максім Багдановіч, Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, Ніл Гілевіч, Максім Танк, Анатоль Грачанікаў.

Паэтычны салён на калёсах

“Дзьверы зачыняюцца. Наступны прыпынак — “Мельнікаў луг”, — гучыць па-беларуску праз аўтобусныя дынамікі абвестка. І далей мелядычны голас паведамляе: “Паважаныя пасажыры! Прапануем вашай увазе сумесны праект адкрытага акцыянэрнага таварыства “Гомельаблаўтатранс” і Гомельскай абласной унівэрсальнай бібліятэкі “Паэтычны аўтобус”. Янка Сіпакоў:

Варта ў крылы паверыць свае,

Трэба ў крылы свае паверыць,

А нам сьмеласьці ўсё не стае,

Каб свой край на свой лёт перамераць”.

Малады чалавек гадоў трыццаці пяці, які нешта распавядаў сваёй спадарожніцы, стоячы пры яе сядзеньні, падымае галаву, прыслухоўваецца.

“Малайцы! Файна прыдумалі, — кажа гараджанін. — А то ўжо слова роднага не пачуеш. У мяне хоць і тройка па беларускай мове была і размаўляць я па-беларуску развучыўся, але за душу бярэ. От, як павярнуліся тады, на пачатку дзевяностых гадоў, да роднай мовы, то трэба было не кідацца назад. Цяпер ужо ўся краіна гаварыла б па-беларуску. А то мы, як зломкі якія: ні сказаць на сваёй роднай мове ня можам, ні пастаяць за сябе ня ўмеем”.

Пакуль размаўляем, аўтобус спыняецца на чарговы прыпынку, а пасьля ізноў набірае ход. Гучыць назва новага прыпынку, а за ёй і новы верш. Гэтым разам Максіма Танка пра родную мову.

Зь легендаў і казак былых пакаленьняў,

З калосься цяжкога жытоў і пшаніц,

З сузор’яў і сонечных цёплых праменьняў,

З грымучага зьзяньня бурлівых крыніц,

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бясьсмерця яго, —

Ты выткана, дзiўная родная мова.

Побач з “дзядзькам Якубам Коласам”

Аўтобус — звычайная гарадзкая “гармошка”, салён яго доўгі, мэтраў на дванаццаць. У сярэдзіне яго, акурат каля выявы Якуба Коласа на шкле, сядзіць маладая маці з дачкою-першаклясьніцай.

“А давайце адгадаем, што тут на ваконным шкле намяляваны?” — прапаную маці з дачушкаю.

Дзяўчынка паціскае плячыма: “Дядя какой-то”. Мама схіляе галаву то ўлева, то ўправа — прыглядаецца. Раз, другі: “Ой, это же наш пісацель, кажецца, Колас”.

Кандуктар аўтапарку № 6 Людміла Салохіна, якая працуе ў “паэтычным” аўтобусе, апавядае:

“Заўважыла, што наша беларуская паэзія ўлагоджвае людзей. Хочаце верце, хочаце — не. Бывае, багата народу едзе. Мне ж трэба праціснуцца, абілеціць усіх. Сталі вершы чытаць, дык менш бурклівых трапляецца. Дый як буркаць, калі тут зьверху, з дынамікаў, уздыхаюць: “Ах, Беларусь, мая ты доля, Мая сьляза і пацалунак…” (сьмяецца).

І кандуктарка Людміла, і кіроўца Аляксандар Скопічаў сьцьвярджаюць, што ня чулі, каб нехта адмоўна выказваўся пра іхні “паэтычны” аўтобус, хоць іншай гучнай рэклямай у гарадзкім транспарце пасажыры бываюць незадаволеныя.

Думалася, што папулярызаваць беларускую паэзію праз гарадзкі транспарт прапанавалі аўтапрадпрыемству гомельскія бібліятэкары. Аказалася, наадварот.

“Прыехаў да нас намесьнік генеральнага дырэктара ААТ “Гомельаблаўтатранс” Алег Цылька і прапанаваў зрабіць такі аўтобус, —распавядае дырэктарка абласной унівэрсальнай бібліятэкі Марына Рафеева. — Задума добрая, і мы, канечне, пагадзіліся. Тым больш, што сёлета й Дзень беларускага пісьменства праводзіцца на гомельскай зямлі. Будзем глядзець, магчыма, пашырым наш экспэрымэнт”.

Тыя, хто падбіраў і агучваў беларускія вершы

Падборам вершаў займаліся трое супрацоўнікаў — бібліятэкары Юрый Рачынскі і Мікалай Скінціян, а таксама інжынэр-праграміст Зоя Куліш. Яны ж і запісалі вершы ў студыі абласнога радыё на дыск.

“Два дні ў мяне пайшло на пошукі трох вершаў. Калі ў зборніку Эдзі Агняцьвет напаткала верш пра “зямлю з блакітнымі вачамі” і пра тое, што ў Беларусі “называюць Васількамі хлапчукоў”, то адразу заклала старонку. На душу ён кладзецца, як песьня. Радкі Максіма Танка пра родную мову таксама зачаравалі. Усе нашы падборкі абмеркавалі з кіраўніцтвам, і пасьля ўжо запісвалі”, — кажа Зоя Куліш.

Мікалай Скінціян адразу “запаў” на верш Анатоля Грачанікава, ураджэнца Гомельшчыны.

Зямля бацькоў!

Зямля маёй надзеі,

Зеленакрылы салаўіны кут....

Так хораша сябе

He адчуваў нідзе я,

Нідзе так цяжка

He было, як тут.

Загадчык аддзелу бібліязнаўства Юры Рачынскі тлумачыць, што выбраць вершы пра радзіму, мову, прыродную адметнасьць краю было ня так і проста. Досыць вялікі пляст. Узялі, канечне, найбольш вядомых творцаў слова. Спэцыяліст наагул лічыць, што варта было б паспрабававаць рабіць тэматычныя агляды і запускаць іх у гарадзкім транспарце, прычым, ня толькі на адным маршруце. Каб людзі пачулі і ўжо ніколі не забываліся.

Каб пад намі зямля паплыла,

Каб вятры захадзілі над намі,

Трэба верыць у сілу крыла

І абняць Беларусь крыламі!