Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Составлен топ-100 величайших белорусских песен. От «Майского вальса» до «Александрины»
    Музыкальный портал Tuzin.fm составил рейтинг 100 величайших белорусских песен...
  2. Георгий Волчек: кто ж сволочь сделает главным героем?
    Говорят, юмористы и пародисты вне сцены вполне серьезные люди. Вот и артист театра и кино, юморист-пародист, автор и исполнитель Георгий Волчек…


Культура

Пісьменніка Барыса Пятровіча будзе ахоўваць паганскі бог мастацтваў

 

27 студзеня вызначыўся пераможца літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», пра што ўсяму свету паведаміў арганізацыйны камітэт гэтай літаратурнай узнагароды. Гліняны апякун творчасці і мастацтва дастанецца галоўнаму рэдактару літаратурнага часопіса «Дзеяслоў», пісьменніку Барысу Пятровічу (Сачанку) за кнігу кароткіх навел «Жыць не страшна», а самі ўручэнні каштоўнай «гліны» адбудуцца ў сакавіку ў Полацку.

Таварыства вольных літаратараў (ТВЛ) заснавала гэтую прэмію і ўпершыню зладзіла яе ўручэнне ў 1993 годзе, першым узнагародзіўшы Ігара Бабкова за кнігу паэзіі Solus Rex. Вялеса, паганскага бога мастацтваў, адмаўляючы гламур і залаты атрамант на светлых тварах купідонаў, тэвээлаўцы вырашылі ляпіць з гліны, гэтым падкрэсліўшы свой нонканфармісцкі настрой і любоў да вясковых традыцый. Лаўрэат прэміі, якая ўручаецца штогод за мастацкую кнігу, атрымлівае ў падарунак толькі кавалак жыццядайнай і словатворнай гліны — падатковая інспекцыя гэтым набыткам не зацікавілася б. Дарэчы, эскіз узнагароды падрыхтаваў мастак Сяргей Цімохаў, а вылепіў Вялеса кераміст Валеры Дунеўскі з Наваполацку.

Барыс Пятровіч адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН, што ўспрыняў узнагароду як вялікую нечаканасць. «У мяне былі вельмі моцныя канкурэнты — вядомыя і маладыя літаратары, паэты, — сказаў пісьменнік. — У такой пачэснай кампаніі стаць найлепшым асабліва прыемна».

Лаўрэат «Глінянага Вялеса 2008» радуецца, што ў мінулым годзе ў Беларусі выйшла «вельмі шмат цікавых, выдатных, добрых кніг», у асноўным у незалежных выдавецтвах. «Я думаю, што журы было вельмі складана выбраць найлепшую кнігу. Гэта сведчыць пра тое, што беларуская літаратура жыве, а айчынныя выдаўцы заўважаюць усіх цікавых літаратараў і добрыя творы», — лічыць празаік.

У кнігу «Жыць не страшна» ўвайшлі кароткія навелы. Аўтар назваў іх фрэскамі, бо напісаны яны экспромтам і ўжо не перапісваюцца. Гэта кніга стала першай у гісторыі перакладзенай на шведскую мову без удзелу мовы-пасрэдніка — рускай ці англійскай. Шведскамоўнае яе выданне пабачыла свет напрыканцы 2008 года, яе перакладчыкам выступіў мастак і журналіст Зміцер Плакс.

Нагадаем, на прэмію «Гліняны Вялес 2008» апроч кнігі фрэсак Барыса Пятровіча былі намінаваны: першы выдадзены зборнік паэзіі Галіны Дубянецкай «Анадыямэна», кніга прозы Юрыя Станкевіча «Мільярд удараў», берлінскія верлібры «Бэрлібры» новага старшыні ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча, а таксама раман «Бег» маладога мінскага пісьменніка Алякея Талстова. Усе гэтыя кнігі былі выдадзены незалежнымі выдавецтвамі.

Каардынатар прэміі паэт Алесь Аркуш рассакрэціў для «Беларускіх навін» некаторыя працоўныя моманты сёлетняга «Глінянага Вялеса».

Чаму, на вашу думку, перамагла кніга Барыса Пятровіча, ці вы з гэтым выбарам згаджаецеся?

— Я быў бы задаволены, калі б любы з пяці намінантаў атрымаў прэмію. Кнігі ўсе вартыя ўзнагароды. Але, на жаль, прэмія толькі адна. Думаю, насамрэч «Жыць не страшна» — лепшая кніга Барыса Пятровіча. Да таго ж яна атрымала добрую рэкламу, бо пабачыла свет у Швецыі па-шведску. «Вялес» даецца за кнігу, таму ўлічваецца і паліграфічнае выкананне. «Жыць не страшна» добра выдадзена.

Ці можна зараз, пасля абрання лепшага аўтара 2008 года, назваць тых, хто ўваходзіў у журы?

— Кожны раз я імкнуся мяняць экспертаў, каб не было сярод іх сяброў намінантаў. Раней мы экспертаў называлі. Цяпер рабіць гэта не будзем, зноў-такі каб унікнуць прыватнага. Магу толькі сказаць, што пераможную кропку ў галасаванні паставіў Леанід Дранько-Майсюк.

За каго галасавалі вы самі і чаму?

— Я асабіста галасаваў за Галіну Дубянецкую. Чаму? Таму што такая паэія мне блізкая. Дарэчы, за Галіну галасаваў і яшчэ адзін тэвээлавец — Юры Гумянюк.

Ці слушна тое, што побач са сталымі і сур’ёзнымі аўтарамі ў намінацыі апынуўся, напрыклад, зусім яшчэ малады Аляксей Талстоў са сваім дэбютным раманам «Бег»?

— Мы часам даём авансы. Так было, напрыклад, з Альгердам Бахарэвічам, калі мы адзначылі «Вялесам» яго першы невялічкі, яшчэ вучнёўскі, празаічны зборнік. Я спадзяюся, што і з Аляксея Талстова атрымаецца цікавы празаік. Варта яго падтрымаць.

Чаго чакаць ад новага літаратурнага года? Што падказвае інтуіцыя?

— Думаю, гэты год будзе яшчэ цікавейшы, бо пачалася канкурэнцыя сярод выдавецтваў, сярод выдаўцоў, сярод аўтараў.

Поўны спіс лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»
1993. Ігар Бабкоў, за зборнік вершаў «Solus Rex».
1994. Людка Сільнова, за зборнік візуальнай паэзіі «Рысасловы».
1996. Алесь Разанаў, за кнігу вершаў «Паляваньне ў райскай даліне».
1996. Славамір Адамовіч, за зборнік вершаў «Каханьне пад акупацыяй».
1997. Лявон Вашко, за зборнік апавяданьняў «Паэты-цары».
1998. Уладзімір Арлоў, за зборнік эсэ «Божая кароўка зь Пятай авэню».
1999. Мікола Папека, за зборнік вершаў «Чарнавікі…».
2000. Сяргей Астравец, за зборнік прозы «Цэнзарскія нажніцы».
2001. Віктар Слінко, за зборнік вершаў «Штольні вясны».
2002. Альгерд Бахарэвіч, за «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў».
2003. Пятро Васючэнка, за кнігу «Жылі-былі паны Кульбіцкі ды Заблоцкі». 2004. Алена Брава, за «Камэнданцкі час для ластавак».
2005. Сяргей Дубавец, за кнігу «Вострая Брама».
2006. Валянцін Акудовіч, за кнігу «Код адсутнасьці».
2007. Алег Мінкін, за кнігу вершаў «Пэнаты».
2008. Барыс Пятровіч (Сачанка), за кнігу навел «Жыць не страшна».


 

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева