Дыктатура можа дапамагчы беларускім творцам дайсці да еўрапейскага чытача

Вядомая чэшская пісьменніца Ірэна Доўскава наведала Мінск для ўдзелу у фестывалі еўрапейскай прозы «Еўрапеана»...

У Мінску 21-25 сакавіка праходзіць фестываль еўрапейскай прозы «Еўрапеана», на які сабраліся празаікі і перакладчыкі з Чэхіі, Швейцарыі, Польшчы, Канады і Беларусі, каб прадставіць літаратуру ўспамінаў і паразважаць пра дзяцінства і юнацтва, якое прайшло на абшарах Еўропы, падзеленай жалезнай заслонай.

Ужо адбыліся шэраг прэзентацый, круглых сталоў і вечарын. Беларускаму чытачу на роднай мове былі прэзентаваны раманы Патрыка Оўржэдніка (Чэхія) «Еўрапеана» і Ірэны Брэжны (Швейцарыя) «Найлепшы з усіх светаў». Аўтарка — славацкага паходжання, жыве ў Швейцарыі і піша на нямецкай мове.

У імпрэзах прынялі ўдзел рэдактар і заснавальнік серыі «Чэшская калекцыя» Сяргей Сматрычэнка, вядомая чэшская пісьменніца Ірэна Доўскава, яе зямляк-выдавец Пётр Мінаржык, беларускія літаратары Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч, перакладчыкі.

24 сакавіка ў Мінску ў межах фестывалю прайшоў круглы стол «Краіна мрой», на якім літаратары і перакладчыкі абмяркоўвалі спецыфічныя рысы нацыянальных літаратур, асаблівасці выдання, папулярызацыі кніг у Беларусі і суседзяў, шукалі літаратурную агульнасць тэмаў і жанраў ў прасторы Сярэдняй Еўропы.

Кнігі сучасных польскіх, славацкіх, чэшскіх аўтараў перакладзены на беларускую мову і знаходзяць свайго чытача. А вось беларускім аўтарам не так проста трапіць да заходняга чытача, быць яму цікавымі і запатрабаванымі. Выдавец Пётр Мінаржык тлумачыць гэта асаблівасцямі менталітэту: што чэхі ў асноўным цікавяцца толькі самімі сабой, таму і чытаюць у асноўным сваіх аўтараў.

Дык які ж твор трэба напісаць беларускім літаратарам, каб прасунуць яго «на Захад»?

Пісьменніца Ірэна Брэжна выказала думку, што для літаратуры была б цікавай Беларусь як апошняя дыктатура ў Еўропе, бо менавіта так яна ўспрымаецца праз артыкулы на нямецкай мове ў СМІ. Ірэна Брэжна лічыць, што апісанне жыцця пры «апошняй дыктатуры» мае шанец, і «гэта нашмат цікавей для швейцарскага чытача, чым жыццё ў славацкім капіталізме».

З радасцю, па яе словах, прачытала бы кнігу не толькі пра беларускую сучаснасць, але і пра перажыванне сацыялістычнага вопыту чэшская аўтарка Ірэна Доўскава.

«Дыктатура была б цікавая для нашага чытача — я з гэтым пагаджуся. Магчыма гэта трохі ненармальна, але гэта так», — зазначыла пісьменніца. Па яе словах, чэхі цікавяцца Беларуссю, але даволі цяжка знайсці інфармацыю пра тое, як беларусы самі ўспрымаюць сваю сучаснасць.

Але нельга вось так проста ўзяць, напісаць пра дыктатуру — і зрабіцца папулярным сярод чытачоў іншых краін. Для гэтага павінны быць яшчэ ўмовы, якія наўпрост не залежаць ад творцы. Пра гэта гаварыў выдавец Пётр Мінаржык.

Напрыклад, выдалі п'есы Вацлава Гавела, але прадалі толькі каля ста асобнікаў. Пасля смерці ж былога прэзідэнта продажы яго кніг узраслі ў геаметрычнай прагрэсіі, і прадалі ўжо каля пяці тысяч асобнікаў.

Падобная сітуацыя склалася ў чэшскага выдавецтва з кнігай украінскіх аўтараў. Яна не прадавалася наогул — да мінулага году. Але пасля трагічных падзей у суседняй краіне ўзрасла цікавасць да гэтай літаратуры. «Можа, гэтыя прыклады цынічныя, але гэта так», — заўважыў Пётр Мінаржык.

Сваімі ўражаннямі ад першага візіту ў Беларусь з намі падзялілася Ірэна Доўскава.

Ірэна Доўскава

Яна аўтар дзесятка кніг, найбольш вядомая з якіх — раман «Моцны Жбуць» (1998). Адразу ж пасля выдання кніга зрабілася бестселерам, дачакалася некалькіх вельмі паспяховых пастановак у тэатры, на радыё і тэлебачанні і была перакладзеная на нямецкую, польскую, славенскую, вугорскую і балгарскую мовы. Кніга была прызнана лепшай сярод перакладаў на беларускую мову па выніках 2013 году.

У рамане «Моцны Жбуць» Ірэна Доўскава вяртаецца ў часы свайго дзяцінства, якое прайшло ў сацыялістычнай Чэхаславакіі. Аўтабіяграфічны раман — гэта смешныя і сумныя гісторыі жыцця тыповага сацыялістычнага райцэнтра, якое асэнсоўвае 9-гадовая Гэленка Соўчкава.

Спадарыня Ірэна падкрэслівае, што гэтыя некалькі дзён працоўнага візіту — вельмі кароткі час, каб пазнаць Беларусь і пра нешта меркаваць, але яна настолькі была ўражаная нашай краінай, што вельмі захацела сюды вярнуцца. Пакуль ў пісьменніцы засталося шмат пытанняў, адказы на якія яна паспрабуе знайсці ў час наступнай паездкі.

«Тыя рэчы, якія мы чуем у Чэхіі пра Беларусь, звязаныя найперш з палітыкай, ці аўтарытарызмам. Ну і некаторыя тыя рэчы пацвердзіліся. Яшчэ калі мы ехалі цягніком, перасеклі мяжу — мытнікі былі вельмі непрыемныя, праглядалі ўсе нашы рэчы, усё нешта пыталіся. Тое самае было і калі мы хадзілі на дзяржаўнае беларускае радыё — на ўваходзе міліцыянер, падобны на таго мытніка, праглядаў нашы рэчы вельмі пільна. І відаць было, адчуваў сябе проста вялікім чалавекам. Нельга было не заўважыць, як яму прыемна гэтая хвілінка, калі ён можа адчуць сябе сапраўды нейкім панам. І прычым працаўніца радыё, відаць было, абараняла дзеянні міліцыянера, і даводзіла нам, што гэта для нашай жа бяспекі», — распавяла спадарыня Ірэна.

Разам з тым, па яе словах, гэтае адчуванне не-свабоды страчваецца, калі сядзіш у мінскіх кавярнях ці гуляеш па горадзе.

Пісьменніца сумняваецца — ці застануцца ў радыёперадачы яе згадкі пра Цімаці Снайдэра, разважанні пра таталітарызм, хоць і ў прывязцы да чэшскай мінуўшчыны. Яна б не здзівілася, калі б са ўсяго сказанага для радыё засталося б толькі некалькі сказаў пра тое, якая прыгожая ў Беларусі прырода.

Ірэна Доўскава

Ці варта зноў і зноў пераасэнсоўваць у мастацкай літаратары сацыялістычнае мінулае, калі зараз такія краіны, як Чэхія, жывуць пры дэмакратыі?

Для Ірэны Доўскавай чэшская нядаўняя мінуўшчына, асабліва тая, якую яна перажыла сама, адназначна мае ўплыў і на сённяшнія падзеі ў краіне. Вырасла новае пакаленне, якому варта ведаць і перадаць досвед сацыялістычнай мінуўшчыны. Пісьменніца спадзяецца, што і яе кнігі трохі паспрыялі таму, што моладзь, праз тое, што гэтыя кнігі чытае, набіраецца досведу, які важны не толькі як літаратурны матэрыял, але патрэбны і ў сучаснай палітыцы.

«Гэта не зусім мінуўшчына і не пройдзены этап. Напрыклад, пасля 1989 года мы думалі, што ўсё — больш камуністы не будуць пры ўладзе. Я была б не супраць, каб камуністычную партыю ўвогуле забаранілі, але гэтага не здарылася. А зараз мы бачым, што ў Чэхіі на выбарах у парламент камуністы набіраюць пад 20% галасоў. Ці бываюць такія выпадкі, калі абласны ці гарадскі кіраўнік, сакратар па справах адукацыі і працы з моладдзю — былы камуністычны функцыянер. Гэта тыя рэчы, з якімі я асабіста пагадзіцца не магу, змяніць іх я таксама не магу, але магу ўплываць праз свае кнігі, перадаваць свой досвед», — лічыць Ірэна Доўскава.

У Чэхіі, па яе словах, сярод былых і цяперашніх камуністаў вельмі шмат людзей, якія сімпатызуюць Пуціну ў Расіі і Лукашэнку ў Беларусі. У СМІ з'яўляюцца артыкулы пра тое, як чыста ў Беларусі, які тут парадак.

«Гэта ўспрымалася часта, і нават маладымі аўтарамі, як вельмі станоўчыя рэчы, якія варта было б пераняць, браць за ўзор. І гэта якраз вельмі трывожны сігнал. Калі сказаць адным сказам гэта ўсё — у цяперашняй Чэхіі шмат людзей, якія аддаюць перавагу стабільнасці перад свабодай. І як узор маюць той сацыялістычны лад, які быў у нас раней, ці цяперашнюю Беларусь», — падкрэсліла літаратар.

Камуністы нават зараз пагражаюць ёй — шлюць лісты з абразамі на е-мэйл, у якіх узгадваюць пісьменніцы «пятую графу» і заклікаюць «быць удзячнай Савецкаму Саюзу».

Ірэна Доўскава атрымлівае задавальненне ад сваёй працы.

«Асаблівую радасць атрымліваю ад самога працэсу пісання, калі адчуваю, што ў мяне ўсе атрымліваецца. І асабліва калі я ўяўлю саму сябе 18-20-гадовай — калі я нават не магла сабе ўявіць, што я магу не толькі напісаць кнігу, але і выдаць яе, і буду далей пісаць пра тое, пра што захачу. Гэта сапраўды вялікі кайф, які застаецца ўва мне і зараз. Калі я бачу, што шмат людзей прыходзяць на чытанні або на спектаклі паводле маіх кніг, і людзі часам ведаюць кавалкі з маіх твораў напамяць — то гэта хутчэй дадатковая вартасць да таго кайфу, якія я атрымліваю ад працэсу пісання», — дадала пісьменніца.

  • И, ожидаемо, на фотографиях по три с половиной человека... Кому сейчас нужны их книги (кроме письменницкага асяроддзя)? Это может быть грустным фактом, но из-за того, что человек работает писателем,он не обязательно заслуживает прочтения (с позиций полезности).