Віктар Івашкевіч. МЕРКАВАННЕ. Эўрапейскі марш ці «інфільтрацыя ў Эўропу?»

Рэакцыя ў СМІ на Эўрапейскі марш мяне ўзрадавала. Калі нават такія адданыя ўладзе журналісты, як Зімоўскі, выказалі намер...


Виктор Ивашкевич
Віктар Івашкевіч. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску. Скончыў журфак БДУ (1991). Быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочы», віцэ-прэзідэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (з 1999). Пасля ўтварэння камітэта па заснаванню БНФ ў 1988 годзе — актывіст БНФ. Да 1996 г. — сакратар управы БНФ. Арганізатар масавых акцый і фінансавага забеспячэння працы Фронта, незалежнага аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва». Звыш дзесяці разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. Намеснік старшыні Партыі БНФ. Жанаты, мае сына.
Рэакцыя ў СМІ на Эўрапейскі марш мяне ўзрадавала. Калі нават такія адданыя ўладзе журналісты, як Зімоўскі, выказалі намер, па яго словах, «інфільтравацца» у Эўропу, то гэта сьведчыць пра тое, што шмат каму зь іхняга лягеру карціць туды патрапіць. Дарэчы, Зімоўскага можна павіншаваць з тым, што змог інфільтравацца на сайт незалежнага БелаПАНа. Цікава, а ці дасьць Зімоўскі апазыцыйным экспэртам, такім жа чынам, атрымаць слова на БТ? Лукашэнку я дык ледзь не пашкадаваў, калі той на прэсавай канфэрэнцыі расейскім журналістам з болем зазначыў, што вельмі любіць катацца на лыжах, але ў Аўстрыю, па вядомых прычынах, не пускаюць.

Уладатрымальнікам і іхняй журналісцкай абслузе вельмі хацелася б прадставіць Эўрапейскі марш як радавую і імітацыйную акцыю апазыцыі. Хачу запэўніць інфільтрацыйных прыхільнікаў эўраінтэграцыі — гэта ня так. Вулічнай акцыяй 14 кастрычніка 2007 г. распачатая кампанія «Эўрапейскі марш», якая скончыцца сапраўдным рэферэндумам аб уваходжаньні Беларусі ў Эўразьвяз. Рэфэрэндумам, які пройдзе ва ўмовах эўрапейскіх свабодаў ды цывілізаваных формаў галасаваньня. Калі ў выбарчых камісіях будуць прадстаўнікі ўсіх партыяў, калі напярэдадні галасаваньня ня будуць сажаць у турму прыхільнікаў беларускай мовы за тое, што яны лаяліся рускім матам...

Але да гэтага працяглы шлях, а можа і не... Напачатку нам трэба ствараць умовы, каб кожны грамадзянін атрымаў мажлівасьць вольна прагаласаваць за тых кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць выступаць за рэалізацыю 12 прапановаў Эўразьвязу.

І тут я, як прыхільнік дыялёгу з уладамі, прапаную спадару Зімоўскаму распачаць на БТ дыспуты і ток-шоў з удзелам прадстаўнікоў улады і апазыцыі па абмеркаваньні шляхоў інтэграцыі Беларусі й Эўразьвязу. Тым больш, што шмат хто з дзетак вышэйшых беларускіх чыноўнікаў ужо патрапіў у эўрапейскія унівэрсітэты й удзельнічае ў «праграмах абмену» беларускіх нафтапрадуктаў на эўрапейскія грошы. Тым больш, што ісьці Эўрапейскім маршам спакойней і надзейней, чым, як азіяцкі нелегал, спрабаваць інфільтравацца праз «чорныя» сьпіскі. Так што: «Далучайцеся!»