Адам Глобус . PLAY.BY. Скрыжаванне

Ёсць у Менску скрыжаванне, дзе на працягу апошняга стагоддзя адбываюцца самыя важныя для Беларусі падзеі...

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

Ёсць у Менску скрыжаванне, дзе на працягу апошняга стагоддзя адбываюцца самыя важныя для Беларусі падзеі.

Раней тое месца называлася Тэатральным пляцам, і там перакрыжоўваліся вуліцы Падгорная і Петрапаўлаўская. Менавіта ў Менскім гарадскім тэатры ў снежні 1917 сабраўся Першы Ўсебеларускі Кангрэс, на якім прагучаў заклік да стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тэатр цяпер носіць імя Янкі Купалы, а вуліцы пераназваліся; Падгорная зрабілася Карла Маркса, а Петрапаўлаўская — Фрыдрыха Энгельса. Пад былым Тэатральным пляцам пабудавалася платформа станцыі метро Купалаўская.

Скрыжаванне тое даволі ціхае, як для двухмільённай еўрапейскай сталіцы, дык і зусім зацішнае, але на ім як адбывалася, так і адбываецца ўсё лёсавызначальнае для нашай дзяржавы.

На гэтым скрыжаванні стаяў дом, дзе пад час другой Сусветнай вайны быў пакараны смерцю гаўляйтэр Кубэ.

Па вайне ў тым доме працаваў Саюз пісьменнікаў. Насупраць якога, над кнігарняю, жылі выдатныя беларускія літаратары: Васіль Вітка, Янка Маўр, Пятро Глебка, Іван Навуменка і Янка Брыль. Крыху пазней у тым жа доме працавалі і Ніл Гілевіч, і Вячаслаў Адамчык, і Ўладзімір Караткевіч.

На гэтым скрыжаванні быў зруйнаваны савецкі рэжым у Беларусі. Людзі прыйшлі, каб ачапіць палац і павыганяць камуначыноўнікаў з іх гнёздаў. Чыноўнікі, сагнуўшыся, выбягалі з палаца пад дождж народных пляўкоў. Народ аплёўваў мярзоідаў. Я стаяў у ланцугу ачаплення. Стаяў і думаў, што пляўкі ў адно імгненне могуць ператварыцца ў кулі. А як толькі яны ператворацца ў кулі, распачнецца сапраўдная вайна.

Вайна не пачалася.

Яна не пачалася нават тады, калі на скрыжаванне прыйшлі дзесяткі тысячаў дэманстрантаў з бел-чырвона-белымі сцягамі.

На невялікай пляцоўцы творыцца шмат добрых і кепскіх падзеяў, робіцца шмат драматычных і злых учынкаў, але дзівіць тое, як шмат сярод тых дзеянняў ёсць важных і знакавых.

На асфальт гэтага скрыжавання выкінуўся з вакна паэт Рыгор Семашкевіч. Ягоная заўчасная смерць паставіла крыж на ўсім пакаленні раўналеткаў Семашкевіча. Яны былі сапраўды нікчэмнымі, разгубленымі і няздатнымі да канструктыўных ды стваральных дзеянняў. Іх самаахвярнасць звялася да самазабойства.

Яшчэ адна драматычная падзея адбылася на тым скрыжаванні: Іван Ціцянкоў парваў бел-чырвона-белы сцяг. Такі вандалізм і такую знявагу нашая Беларусь ніколі не даруе. Я веру ў гэта.

Як веру ў тое, што вуліцы Маркса і Энгельса зменяць свае імёны. Мне б хацелася, каб Маркса стала зноў Падгорнай, а вуліцу Энгельса я б назваў Тэатральнай ці яшчэ прасцей — Беларускай.

Калі ты хоць раз не прайшоў па гэтым скрыжаванні, значыць, ты не маеш ніякага дачынення да беларускай гісторыі.

Калі ты не ведаеш гэтага скрыжавання, ты не ведаеш Беларусі зусім, бо менавіта на ім тварылася і творыцца жыццё нашай Радзімы.

І не трэба быць вялікім прарокам, каб зразумець, што і будучыня Беларусі вырашалася, вырашаецца і будзе вырашацца тут.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.