Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Адам Глобус. PLAY.BY. Філосаф

 

Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

Навучэнец Шчасны заваліў восем дысцыплін. Ён атрымаў незазавальняюча па ўсім акром спецыяльнасці. З малюнкам, жывапісам і кампазіцыяй ў Шчаснага ўсё было больш-менш добра, не лічачы таго, што ён не адрозніваў чырвоны колер ад зялёнага. Калі замест чырвонай моркаўкі на працы Шчаснага з’явілася зялёная, мы падумалі так і трэба, такі мастацкі ход. Але і ў наступным нацюрморце замест зялёнай бутэлькі напісалася чырвоная. Сумневы зніклі, ён у нас класічны дальтонік. Мы яму, як змаглі, растлумачылі пра дальтанізм. Ён цяпер пачаў папярэдне распытваць пра колеры рэчаў, якія трэба было напісаць.

Фізіка, хімія, матэматыка, літаратуры і мовы для Шчаснага былі незразумелымі рэчамі. Ён спрабаваў чытаць чужыя канспекты, браўся рыхтавацца да іспытаў, але ў яго нічога не атрымлівалася. Тады ён вырашыў замест стоса падручнікаў прачытаць адну разумную кнігу. Такіх людзей, што вераць у вартасць адной кнігі даволі шмат. Але Шчасны ўзяў не тую кнігу, у якую вераць звычайныя людзі. Шчасны ўзяў «Эстэтыку» Гегеля і пачаў чытаць. Прыходзіў увечары дамоў, піў бутэлечнае піва з рыльца і чытаў. Ён прачытаў усю «Эстэтыку» ад першай старонкі да апошняй. Прачытаў і зразумеў, што нічога ён не зразумеў, а каб зразумець трэба прачытаць кнігу другі раз. Шчасны прачытаў Гегеля другі раз, і зноў жа ад самай першай старонкі да самай апошняй.

У вучэльні над Шчасным пачалі пасмейвацца. Спрабавалі называць яго Гегельянцам, але задоўгая мянушка не прыляпілася. А вось мянушка Філосаф да яго прыстала. Філосаф Шчасны — гучала пераканаўча. Толькі сам ён мянушку не залюбіў. Сваё чытанне Гегеля Філосаф трымаў у сакрэце. Ніхто б і не даведаўся пра чытанне, каб не ягоная сужыцельніца — Цыбіна. Ёй надакучыў п’яны чытач у кватэры. Цыбіна спрабавала добрымі словамі ўгаварыць сужыцеля, каб кінуў дурны занятак. Шчасны не слухаў Цыбіну. Піў і чытаў. Цыбіна пачала шукаць парады ў сябровак, а замест добрых парадаў яе сужыцель атрымаў абразлівую мянушку.

Аднойчы ўвечары Цыбіна распачала прасаваць кашулі сужыцеля, а той адкаркаваў піва і разгарнуў кнігу. «Які ты ў мяне дэбіл… Мала таго, што ты класічны дальтонік, ты яшчэ і дэбіл класічны…» — глянуўшы на Шчаснага, Цыбіна ўздыхнула. «Маўчы, брыда крывазубая!» — агрызнуўся сужыцель. «Патрыньдзі ў мяне, Філосаф хрэнаў, зараз прасам як заманьдзячу!» — Цыбіна пагрозліва ўзняла над галавою распалены прас. Дарма, бо Шчасны шпурнуў у яе бутэльку. Тая прасвістала каля жаночага вуха і разбілася аб сцяну. Жанчына шпурнула ў мужчыну цяжкі прас, але не пацэліла. Філосаф падняў прас, падбег да жанчыны і садануў ёй гарачым прасам у жывот. Сужыцельніца заенчыла, павалілася на падлогу, пачала курчыцца і качацца. Філосаф аслупянеў. Жанчына крычала і качалася, а мужчына слупам стаяў над ёю. Слёзы цяклі па няголеных шчаках Філосафа. Плакаў ён моўчкі. Ён стаяў і плакаў, нават калі жанчына паднялася, сабрала рэчы і сышла. Так ён прастаяў паўночы, а потым парваў «Эстэтыку» на шкамуты.

Малюнак Адама Глобуса

Праўдамі і няпраўдамі наш Філосаф атрымаў залікі па ўсіх дысцыплінах. Выкладчыкі пашкадавалі дальтоніка. Так бывае, што нават кепскіх людзей у нас могуць пашкадаваць. Філосаф скончыў вучэльню, абараніў дыплом і пайшоў працаваць мастаком-афармляльнікам на завод.

Цібіна? А Цыбіна выйшла замуж за мурына і з’ехала ў Кенію. У той Кеніі палова дарог належыла сям’і, з якой паходзіў муж нашай Цыбінай. Яна нарадзіла дарожнага прынца, і жыццё ў яе зрабілася шакаладным.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева