Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Што вы думаеце пра Беларусь?

На апытаньне «Ці трэба гэты імідж паляпшаць?», усе экспэрты ў адзін голас адказалі: так. Пры гэтым пад словам Беларусь кожны меў на ўвазе сваё...

 

Сяргей Дубавец
 Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

— What do you think about Chechnya? — пыталася незабыўная Брыджыт Джонс, каб не выглядаць сярод інтэлектуалаў сьвецкага раўту, куды яе занесла, дурніцай. Зразумела, ёй не было ніякае справы ані да таго, што яны думаюць, ані да таго, што яна сама думае, ані да таго, тым больш, што такое Чачня.

Сцэнка жыва прыгадалася мне, калі надоечы гартаў нумар адной тутэйшай газэты, прысьвечаны “іміджу Беларусі”. На апытаньне “Ці трэба гэты імідж паляпшаць?”, усе экспэрты ў адзін голас адказалі: так. Пры гэтым пад словам Беларусь кожны меў на ўвазе сваё.

Адзін экспэрт казаў пра дзяржаву (але ў такім выпадку трэба было б называць яе РБ — Рэспубліка Беларусь). Другі разумеў Беларусь як дзейны палітычны рэжым (а значыць, у сілу аўтарытарнасьці гэтага рэжыму, мусіў казаць пра імідж прэзідэнта). Трэці меў на ўвазе інвэстыцыйную прывабнасьць. І г.д.

Відавочна, што ні першае, ні другое, ні трэцяе ня ёсьць проста ці ўвогуле — Беларусь. Беларусь перад усім — радзіма, тое, што ніяк не стасуецца з утылітарнай сьвядомасьцю, з такімі паняткамі, як імідж і яго паляпшэньне. Радзіма — як маці. Яе можна любіць, ёй можна ганарыцца, быць ўдзячным. Ці хацелі б вы “палепшыць імідж” вашай матулі?

У нас найлепшая ў сьвеце прырода і найлепшы ў сьвеце народ. Гэта адзначаюць усе, хто наведвае Беларусь. Ці патрабуюць “паляпшэньня іміджу” наша прырода і наш народ?

У нас неверагодна цікавая гісторыя, надзвычай самабытная мова і культура. Ці трэба іх “імідж паляпшаць”?

Не? Але ўсім, што я назваў, слова Беларусь вычэрпваецца. Усё іншае і назвы мае іншыя.

Імідж беларускай прадукцыі — унутраная справа прадпрыемстваў, вытворчы працэс.

Імідж улады залежыць ад справаў улады. Улада прыходзіць і (калі-небудзь) сыходзіць. Каб адцягнуць момант сыходу, яна, натуральна, чапляецца за народ, за прыроду, за гісторыю. А ўтылітарная сьведамасьць “вядзецца” на такія падманкі і гатовая да кучы ўладу, прыроду і народ закруціць адным словам — Беларусь. У выніку сапраўдны сэнс таго, што адбываецца, у ацэнках экспэртаў сыходзіць на нішто.

У падтэксьце сёньняшніх іміджавых страсьцей чытаецца пасыл: “Захад ня хоча ўспрымаць рэчаіснасьць РБ такой, якой яе малюе прапаганда БТ. Але Захад — вялікі цынік, і значыць, яму трэба добра заплаціць, каб маляваў гэтаксама”. Пытаньне, хто тут першы цынік, пакінем адкрытым. Палітыка, маўляў, увогуле нячыстая справа. Толькі ані да нашага народа, ані да прыроды, гісторыі і культуры — гэта значыць, да Беларусі — гэтыя іміджавыя гульні ніякага дачыненьня ня маюць.

Называйце рэчы сваімі імёнамі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.