Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Аб чарговай прафанацыі Савета міністраў

Канцэпцый, праграмаў, пастановаў, рашэнняў у разнастайных сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошнія два дзесяцігоддзі было прынята багата. Але ж іх выкананне не прынесла…

 

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

10 лютага прэзідыюм Савета міністраў на сваім паседжанні адобрыў Нацыянальную стратэгію ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года.

Адкрываючы паседжанне, прэм’ер-міністр А.Кабякоў падкрэсліў, што перад аўтарамі стратэгіі стаяла задача ўлічыць у ёй сусветныя тэндэнцыі, якія абумоўліваюць рызыкі для ўстойлівага развіцця на шай краіны.

Дакумент быў падтрыманы прэзідыюмам. У час паседжання паступілі прапановы, з улікам якіхстратэгія будзе яшчэ дапрацавана і пазней зацверджана пастановай Савета міністраў.


Праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 г. быў распрацаваны Навукова-даследчым эканамічным інстытутам і вынесены Міністэрствам эканомікі на грамадскае абмеркаванне яшчэ ў лістападзе 2014 г.

Да ідэі напісання стратэгіі кіраўніцтва краіны схілілася пасля ўдзелу беларускай дэлегацыі ў Канферэнцыі ААН па ўстойліваму развіццю ў 2012 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Вызначаючы перспектывы бачання нашай краіны праз 15 год, аўтары Нацыянальнай стратэгіі выдзелілі пятнадцаць пунктаў у выпрацоўцы канкрэтных напрамкаў дзеянняў па асноўных кампанентах устойлівага развіцця.

Адзін з іх (№ 1) вызначае, што Беларусь — незалежная прававая дэмакратычная дзяржава, якая захоўвае сваю тэрытарыяльную цэласнасць і культурна-гістарычную спадчыну… Беларусь будучага — гэта бяспечная краіна, дзяржава законнасці і парадку, справядлівасці і салідарнасці, партнёрства і адказнасці, дзе захоўваюцца ўсе правы чалавека, надзейныя інстытуты абароны прыватнай уласнасці, прафесійна працуюць органы правапарадку, якія карыстаюцца даверам грамадзян.

У пункце № 4 пазначана, што асновай эканомікі з’яўляюцца канкурэнцыя і сучасныя развітыя інстытуты рынка. Значны ўклад у рост эканомікі належыць малому і сярэдняму бізнэсу, для развіцця якога забяспечаны роўны доступ да рэсурсаў, створана развітая інфраструктура, канкурэнтнае асяроддзе і сістэма гарантаванай абароны ўласнасці. Кожны грамадзянін можа паўнавартасна рэалізаваць сябе ў прадпрымальніцтве. Бізнэсу выгодна і прэстыжна інвеставаць праекты па стварэнні сучаснай вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры.

А пункт № 14 нават прысвечаны мясцоваму кіраванню і самакіраванню. Дзе сказана, што сістэма органаў мясцовага кіравання і самакіравання матывавана ў эфектыўным упраўленні мясцовымі рэсурсамі і нясе адказнасць за комплекснае развіццё сваіх тэрыторый, гарантуе фінансавую самастойнасць рэгіёнаў.

Яшчэ шмат чаго сказана ў дадзенай стратэгіі; аб прамысловасці, аб сельскай гаспадарцы, аб ЖКГ, аб неабходнасці пераходу да Балонскай сістэмы ў галіне адукацыі…

Ды, чытаючы дадзены дакумент, вельмі слаба верыцца ў яго практычную рэалізацыю. Бо канцэпцый, праграмаў, пастановаў, рашэнняў у разнастайных сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, скіраваных на “павышэнне ўзроўню жыцця беларускага народу”, за апошнія два дзесяцігоддзі было прынята вельмі багата. Але ж іх выкананне не прынесла для грамадзян ніякай карысці, а нярэдка — толькі шкоду.

Вось і зараз…

Аб якой законнасці і парадку, дзе захоўваюцца ўсе правы чалавека, можа ісці размова, калі за часам распрацоўкі і прыняцця стратэгіі ў краіне за кратамі знаходзяцца незаконна асуджаныя палітычныя зняволеныя?

Аб якой справядлівасці і салідарнасці, партнёрстве і адказнасці мы можам казаць, калі ў Беларусі да гэтай пары затрымліваюцца і атрымліваюць пакаранне людзі, усклаўшыя кветкі ў знак салідарнасці з загінуўшымі актывістамі Майдану ў Кіеве і журналістамі ў Парыжы?

Аб якім захаванні культурна-гістарычнай спадчыны ідзе гаворка ў гэтым дакуменце, калі ў гэты ж час дзесяткі актывістаў партый і грамадскіх арганізацый падвяргаюцца рэпрэсіям з боку сілавых структраў і судоваму пераследу толькі за наведванне і ўскладанне кветак да мясцінаў, звязаных з паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага?

Аб якой канкурэнцыі, якім развіцці малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі можна казаць, калі ўказам № 222 гэты бізнэс руйнуецца?...

У бліжэйшы час урадам будзе прынята чарговая пастанова аб Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі, і прэм’ер-міністр Кабякоў сваім подпісам зацвердзіць гэтую пастанову, як гэта рабілі ў свой час Сідорскі, Мясніковіч ды іншыя. І тут жа з “чыстым сумленнем”, калі яшчэ нават не паспеюць высахнуць чарнілы на яго подпісах, усе забудуцца аб ёй, як гэта было раней з іншымі падобнымі дакументамі.

А навошта абцяжарваць сябе памяццю аб іх? Бо тады ж неабходна рабіць намаганні па іх выкананні. А ў такім выпадку трэба будзе прымаць меры па рэфармаванню беларускага заканадаўства аб мясцовым самакіраванні, распрацоўцы стратэгій устойлівага развіцця для кожнай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі краіны, як гэта патрабуе Еўрапейская хартыя мясцовага самакіравання. А гэта зрабіць у сучасных умовах практычна немагчыма, бо чынавенства на месцах па свайму стану зараз не здольна падрыхтаваць неабходныя дакументы, адпавядаючыя міжнародным стандартам.

Дык для чаго ж распрацавана гэтая Нацыянальная стратэгія?

Ды толькі для таго, каб прадэманстраваць наяўнасць дадзенага дакумента перад міжнароднай супольнасцю і скарыстаць гэты факт у плане вырашэння пытанняў дзеля атрымання крэдытаў і фінансавай падтрымкі з боку Еўрапейскіх структураў на “развіццё беларускага грамадства і дэмакратыі”.

Трэба адзначыць, што паспяхова вырашаць пытанні па атрыманні фінансавай падтрымкі з Еўропы на развіццё беларускага грамадства, на іншыя праекты нашыя чыноўнікі навучыліся даўно. Вось толькі пытанне, як гэтыя фінансы выкарыстоўваюцца, ужо шмат год застаецца для беларускага грамадства закрытым.

Ну, а як развіваецца самое гэтае грамадства, як развіваецца дэмакратыя ў нашай краіне, можа “змястоўна адчуць” на сваіх плячах любы грамадзянін Беларусі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.