Уладзімір Падгол. ПРАПАНОВА. Пасёрбалі Нобелеўскага баршчу, пара і чытаць

Нам трэба самім парупіцца, каб кнігі Алексіевіч дайшлі да людзей.

Уладзімір Падгол

Уладзімер Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Працаваць дзеля беларускай літаратуры, прапагандаваць яе і яе стваральнікаў. Імкнуцца тым самым абудзіць у душах беларусаў гонар за сябе, продкаў і нацыю.

Раніцай на наступны дзень пасьля прэміяльнага нобелеўскага шоў убачыў на тэлеканале “Россия-Культура”, як кіраўнік урада Расіі Мядзведзеў прачытаў расейцам урывак з “Вайны і міру”. Гэта была частка літаратурнага тэлемарафона “Вайна і мір. Чытаем раман”, што пачалася 8 снежня. У эфіры тэлеканалаў, радыёстанцый і ў інтэрнэце ажыццяўляюцца прамыя трансляцыі выступаў вядомых людзей, якія чытаюць класічны твор.

Я покуль піў каву, пабачыў некалькі дзесяткаў дзеячоў з Расіі, якія чыталі ўрыўкі з рамана. Выглядала вельмі прыстойна і прывабна. І пасьля гэтага я паглядзеў на сайце “Нашай нівы” прысутных на сьвяце Алексіевіч з Беларусі. Асобы ўсе шырока вядомыя ў вузкіх колах.

Перакладчыца са шведскай на беларускую Надзея Кандрусевіч, кіраўніцы кампаніі “Будзьма беларусамі” Ніна Шыдлоўская і Алена Макоўская. Пісьменнікі Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч. Культуролаг Юлія Чарняўская. Стваральнік партала TUT.by Юры Зісер, журналістка Аляксандра Дынько.

І раптам узьнікла думка. А чаму б гэтым людзям, якія, відаць, моцна спрычыніліся да творчасьці Алексіевіч, не распачаць у Беларусі літаратурны марафон, прысьвечаны Нобелеўскай лаўрэатцы.

Пачаць чытаць тэкст яе кнігі па-беларску. Чытаць па чарзе. Як мы не раз чыталі і пісалі беларускую дыктоўку. Далучыць да марафону нашых літаратараў. Думаю, што Някляеў і Арлоў не адмовяцца, нашы незалежныя сайты падтрымаюць і выставяць не толькі строі, але і тексты ды настроі. Рада інтэлігенцыі сваім вялікім атрадам далучыцца.

І тады спрэчка паміж уладарамі рускага міра і беларускага сьвету наконт прыналежнасьці Алексіевіч проста вырашыцца. А то глядзіш і па расейскім БТ Пуцін пачне Алексіевіч чытаць…

Казаў жа Лукашэнка, што “дайце мне “Вайну і мір” ці “Ціхі дон” і я і надрукую і ўзнагароджу”. Вось і трэба яму даць праз нашае чытаньне. Бо ён прызнаўся, што ўсе кніжкі перачытаў і чытаць больш не будзе.

Да таго ж у нашых кнігарнях узьнікла парадаксальная сытуацыя. Вось апошні мне вядомы прыклад: У гэтыя дні наведніца пытаецца ў прадавачкі кнігу Алексіевіч. Тая у адказ: “Няма!”. А на пытаньне “Калі будзе?” чуе злоснае “Ніколі!”

Так што нам трэба самім парупіцца, каб кнігі Алексіевіч дайшлі да людзей.

Алексіевіч на нобелеўскай цырымоніі нагадала пра любоў і чытала па-беларуску. Мы можам стокроць памножыць яе словы і ідэі.

Як кажуць у народе, пасёрбалі Нобелеўскага баршчу, пара і працаваць. Літаратарам ды адраджэнцам кнігі Алексіевіч людзям чытаць. У інтэрнеце і на сустрэчах з чытачамі.

Капля камень драбіць, а слова заскарузлую душу… абуджае.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.