Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Списанные в Беларуси танки воюют в Йемене
    Как Т-80БВ из Беларуси попали на Аравийский полуостров?..
  2. Ухо недели. Бери и уходи!
    Страна приближается к очередным выборам первого президента. Тема избирательной кампании и ее перспектив все чаще всплывает то тут, то там...


Общество

Наш чалавек у Камеруне. Дзённік валанцёра


Ужо дваццаць гадоў у камерунскай сталіцы Яўндэ працуе Foyer St. Dominique — місійная пляцоўка, якую заснаваў польскі дамініканец Дарыюш Гадавы. Асноўным заняццем святара з’яўляецца адукацыя бедных дзяцей. На тэрыторыі місіі стала жыве 30 дзяцей узростам ад трох гадоў. Дзякуючы дапамозе з Польшчы яшчэ двустам вучням аплочваецца школа.

Дапамагаюць айцу Дарыюшу валанцёры. Гэтым разам сярод іх будуць і беларусы — Арцём Ткачук і ягоная сяброўка Марта Бекіш. Арцём адмыслова для чытачоў Naviny.by будзе весці камерунскі дзённік.


Арцём Ткачук і Марта Бекіш

Арцём Ткачук. Каталік. 24 гады Ураджэнец Ліды. Вучыўся на гістарычным факультэце ГрДУ, вывучаў паліталогію ў Познані (Польшча). Хоча зрабіць свет хоць трошкі лепшым.


 

Камерун — краіна на захадзе Цэнтральнай Афрыкі. Насельніцтва складае больш за 22,5 млн. чалавек, ВУП на чалавека ў 7 разоў меншы за беларускі. Больш за 60% насельніцтва — моладзь да 24 гадоў. Краіна лічыцца дастаткова стабільнай і моцнай у параўнанні з іншымі дзяржавамі рэгіёну. Паводле індэксу чалавечага развіцця ААН, яна знаходзіцца на 150-м месцы сярод 187 краін свету.

Камерун

 


6 кастрычніка. Прыезд

Перад выездам шмат хто пытаўся, ці патрэбна адзенне, якіясьці рэчы. Яно то патрэбна, але існуе праблема дастаўкі гэтага на месца. Калі слаць поштай — усё будзе раскрадзена. Таму кожны, хто ляціць сюды, сваімі рэчамі напаўняе толькі падручны багаж (10 кг). Дазволеныя два вялікія багажы па 23 кг заўсёды напаўняюцца рэчамі для дзяцей. Нам з Мартай, па прычыне таго, што мы ляцім на год, дазволілі мець 23 кг на дваіх. Замест падручнага — дзве гітары.


Дзве гітары, якія купілі для дзяцей дзве добрыя асобы.


Check-in гуманітаркі-багажа.



Ляцім з Берліна, з перасадкай у Стамбуле. Агулам лёт займае больш за 9 гадзінаў. Пасля прызямлення ўсе адразу трапляюць ў аб’ектыў апарата, які правярае нас на Эболу. Усё ок. Запаўняем міграцыйную карту, памежнік кажа вэлкам ту Камэрун.


Марта праходзіць пашпартны кантроль у Стамбуле. Дзякуем беларускаму МЗС,
што нам не прыйшлося плаціць за візу, каб выйсці ў горад.





Прыемная камерунская цёценька з анты-эбола апаратам.



У Камеруне цяпер сезон дажджоў. Горад сустракае маланкай. Едзем на джыпе місіі дадому, айцец Дарыюш кажа, што гэта яшчэ слаба. Хоць за 30 метраў, якія мы прабеглі ад дзвярэй аэрапорту да машыны, прамакаем да ніткі. Насуперак стэрэатыпам, сезон даджоў — час, калі дождж не ідзе цэлымі днямі, а калі на працягу двух месяцаў штодзённа падае адна-дзвюхгадзінны град.

Бібікаем перад зялёнай трохметровай брамай. Дзверы адчыняюцца — мы на месцы. Дзеці ўжо спяць. Айцец поіць нас гарбатай і частуе мясцовым півам. Гэта тут традыцыя. Але пра яе — пазней…

 

7 кастрычніка. Знаёмімся з місіяй

Перад сном айцец Дарыюш папярэджвае, што час пад’ёму для нас не існуе, аднак мы ўсё роўна ўстанем да 6:00 раніцы. Сапраўды, ужо задоўга да гэтага часу спаць было немагчыма з-за віруючага навокал жыцця. Па тутэйшых правілах, да 6:45 усе дзеці мусяць выйсці ў школу. Заняткі пачынаюцца ў 7:30.

Амаль да вечара Foyer St. Dominique не пусцее. Самы час на шпацыр па тутэйшай нерухомасці.


Гэты будынак пабудавалі ў 2009 г. на грошы аднаго бізнэсмэна з Польшчы.
Сёння гэта дом для 30 чалавек, большасць з якіх не мае куды ісці апроч яго.




Місіянерскі Land Cruiser. Аб’ехаў Камерун некалькі разоў (больш за 5 тыс. км). Ні разу не сапсаваўся.
Расход ад 12 да 17 літраў. У тутэйшых умовах — незаменны.

Пасярэдзіне тэрыторыі расце бананавае дрэва, але бананы яшчэ зялёныя. Адзенне дзяцей развешана на шнурочках уздоўж будынку, у кожным пакоі жыве дзве-тры асобы. Тут сваё жыццё. Пакуль што цяжка дакладна зразумець што і як.

Дзеці мыюцца проста на вуліцы з-пад трубы. Айцец кажа, што эксперымент з душам праваліўся пасля тыдня — для іх з вядра зручней. Малодшыя мыюцца проста насупраць пакояў, старэйшыя — за імправізаванай заслонай ці проста за гарой блокаў, якія засталіся пасля будоўлі.


Нашыя малодшыя дзеці выходзяць у дзіцячы садок.


Бананавае дрэва. Тутэйшыя бананы зусім не адрозніваюцца ад нашых “магазінных”.




Дзеці толькі што памыліся, пайшлі апранацца ў школу.

Навокал штосьці, што нагадвае краявіды з амерыканскіх фільмаў — гарыстая мясцовасць, пальмы, дахі вілаў. Гэта ўсё — мясцовы бамонд. Айцец Даруюш распавядае, што крыніца багацця тутэйшых “новых камерунцаў” вядомая — ліхвярства, падман, вымагальніцтва і г.д. Бо дзе можна зарабіць на вялікую вілу ў краіне, у якой дзённая стаўка шараговага будаўніка — 4-5 еўра? Чамусьці штосьці мне гэта нагадвае.


Кошт тутэйшага будаўніцтва не адрозніваецца ад Беларусі.
Працаўнікам плаціцца 20-25% кошту матэрыялаў.



Мы з Мартай атрымоўваем пакоі з двухпавярховымі ложкамі. Тут усё лаканічна. Два самаробныя сталы, лямпачка, разетка, ложак. Усё, што неабходна для жыцця. Пасля расповедаў айца мы тэарэтычна разумеем, што гэта вельмі высокі тутэйшы стандарт. Заўтра — дзень уладкавання быту.

Мама сказала мыць рукі па сто разоў на дзень. Думаю ў гэты раз паслухацца. Айцец Дарыуш, смеючыся, дадае, што малярыя ўжо хутка будзе ў нашай крыві дзякуючы камарам. Што ж, якая ж Афрыка без малярыі...


У Камеруне не прынята паказваць свае пакоі, гэта вельмі інтымная рэч. Але я ж не камерунец =)

 

8 кастрычніка. Пра дзіцячую дысцыпліну

Недахоп францускай і вельмі кароткі час знаходжання тут пакуль не дазваляе ўбачыць усе тонкасці тутэйшага жыцця. Аднак адна з рэчаў, якая ўжо цяпер бачна — жалезная дысцыпліна.

Кожнае дзіцё мае свае абавязкі, тут ніхто не задае шмат пытанняў. Напрыклад, сёння ноччу ўвесь час ішоў моцны дождж. Пакуль мы прачнуліся, усё смецце пасля маланкі было прыбрана. Усё мыецца ўручную, шэрым мылам. Атрымоўваецца, што кожнае дзіцё ведае: “Выбрудзіў адзенне — мыеш сам”.

Субота тут афіцыйны дзень прання, хоць кожны вечар хтосьці нешта дамывае, чысціць, прасуе. Мы жартуем, што бацькі з Еўропы маглі б адпраўляць сваіх дзяцей сюды на перавыхаванне.


Тэдзі. Трохгадовы малы паўсюль з намі. Увесь час нам нешта паказвае і распавядае.
Усё-такі недахоп бацькоўскага цяпла заўважны.




Кожны ходзіць са сваім стулам. Па дарозе на перапынак падчас заняткаў.

Вечарам да малодшых прыходзіць настаўніца, якая дадаткова займаецца з імі. Гэтакі рэпетытар. Кожны дзень яны працуюць некалькі гадзін. Якасць тутэйшай адукацыі слабая, але выпускныя экзамены па сваім узроўні не саступаюць еўрапейскім. З-за гэтага абсалютная большасць вучняў не атрымоўвае камерунскі атэстат. Таму ў гэтай місіі так шмат увагі надаецца дадатковай адукацыі дзяцей.


Занятак пачынаецца. Усё проста: навес з-пад дроваў, дошка, некалькі пластыкавых крэслаў і настаўніца.


Занятак зацягнуўся. Працягласць вагаецца ў адрозненні ад колькасці матэрыялу, які трэба зрабіць.


Адказ на пытанне, чым займаюся я. Адзін з маіх заняткаў — урокі гітары і спеву.

Пасля вячэры наступае час самападрыхтоўкі да заняткаў у школе. Мы карыстаемся момантам цішыні і ўжо традыцыйна распытваем у айца Дарыюша пра розныя тутэйшыя тонкасці. Учора распавядаў нам пра тое, як на яго дом калісьці напалі бандыты, збілі яго і забралі кучу грошай (мясцовых камерунскіх франкаў). Таму кожную ноч хтосьці са старэйшых хлопцаў дзяжурыць і сочыць за бяспекай. Але пра гэта пазней варта напісаць асобны артыкул.


Учора адключылі свет. Падключылі акумулятар, уключылі 12-вальтовыя лямпачкі.
Так праходзяць нашы вечары.


Вячэралі смажанымі бананамі. Тут гэта як пасмажыць бульбу. Смак нагадвае пончыкі.


Дзеці пайшлі спаць. Чарговы дзень скончаны.

 

9 кастрычніка. Пра ўлюбёную ежу і нашых ратвейлераў

У Камеруне ўсе ядуць на падлозе. Нават дарослыя. Тыя, хто спажываюць ежу за сталом, альбо спрабуюць быць падобнымі на еўрапейцаў, альбо... Хіба што толькі першае. Нашы дзеці таксама. Пры гэтым тут ядуць рукамі. Тутэйшым так проста зручней. Гэта традыцыя тут настолькі глыбокая, што пакуль ніякія хітрыкі па пасадцы дзяцей за стол не спрацоўваюць.



Шмат хто можа ўспомніць, як у дзяцінстве любіў есці дзесьці на падлозе. Складваецца пачуццё, што тут усе жывуць як у дзяцінстве. Сядзяць кучкай вакол агульнай талеркі, гамоняць, ядуць…







Дапамог дзяўчатам малоць маньёкавую муку. Вынік — чатыры мазалі і мукі на два разы паесці. Маньёк тут купляецца ў паўгатовым выглядзе, а таму яго трэба перад прыгатаваннем перамалоць таўкачом у ступцы. Прыгатаваная маньёкавая маса — ўлюбёная ежа камерунцаў. Яе ядуць штодзённа, змяняецца толькі соўс. У якімсці сэнсе гэта як бульба для беларуса.

Скончыў малоць увесь спацеўшы, не ведаю як гэта робяць дзяўчыны. Карацей, трэнажорка мне забяспечана.


Ступа с таўкачом. Робіцца з цвёрдага чырвонага дрэва.



Так выглядае маньёк.

У хлопцаў свае абавязкі. Адным з іх у Патрыка з’яўляецца апека над двума сабакамі. Гэта два ратвейлеры, гадуюцца для аховы тэрыторыі. У лепшыя часы тут гадаваўся 31 пародзісты сябар чалавека.

Айцец Дарыюш, перад тым як пайсці ў манастыр, скончыў заатэхналогію і да сённяшняга дня застаўся вялікім любіцелем жывёл. Дзякуючы сваім ведам і хоббі, ён разводзіў сабак, і гэта было дадатковым даходам для місіі. За продаж адной выхаванай пародзістай сабакі ён мог аплочваць аднаго працаўніка амаль год.



Айцец Дарыюш не лічыць ратвейлера асабліва моцнай сабакай. “Але іншых тут не можна было набыць”, — кажа ён.





Хлопцы сёння дапамагалі пракладваць каналізацыю. Стокі дажджавой вады выведзены проста за тэрыторыю, а там усё гэта сцякае ў раку. Але нядаўна побач пачаў будавацца адзін дом, і прыйшлося дадаткова пракладваць трубу, каб гэты дом не залівала.

Сёння ноччу якраз была маланка. Мы з хлопцамі не спалі і сцераглі дом. Сцераглі, зразумела, не ад даджу, а ад злых дзядзькаў, якія карыстаюцца такімі момантамі. Але пра гэта распавяду ўжо заўтра.






Вучоба на вуліцы ў 02.00 ночы. Падчас дажджу хтосьці абавязкова мусіць быць на вуліцы.

 

10 кастрычніка. Небяспека начной навальніцы

Ёсць людзі, якія любяць дождж, якія ім захапляюцца, асабліва ноччу. Гук кропляў, якія разбіваюцца аб цвёрдую паверхню, прыцягвае многіх. У Камеруне ўсё па-іншаму. Асабліва ў нашай місіі.

Пачаць трэба з таго, што тэмпература тут не апускаецца ніжэй за 20 градусаў. Таму дахі тут абсалютна не ўцяпляюцца. Калі пачынаецца моцная навальніца, кроплі дажджу, разбіваючыся аб бляшаную дахоўку, ствараюць неверагодны шум.

Праблема заключаецца ў тым, што такім момантам карыстаюцца бандыты. Як сказаў айцец: “У суседнім пакоі могуць рэзаць чалавека і вы нічога не будзеце чуць”. І гэта сапраўды так. Ужо не кажучы пра гукі пераскоку праз наш трохметровы плот. Улічваючы мясцовы стэрэатып белы=багаты, магчымасць наведвання місіі павялічваецца.



Калі ідзе моцная навальніца, дзяжурыць стараюцца адразу некалькі чалавек. Суседзі ўжо два разы казалі, што бачылі, як за місіяй сачыла некалькі невядомых.



Каб не траціць час падчас пільнавання, ахоўнікі рыхтуюцца да заняткаў.

Кожную ноч тут па чарзе дзяжураць хлопцы. Асаблівую пільнасць выклікае ўжо ўзгаданы дождж. Нажаль, выхад ноччу белага чалавека на вуліцу, асабліва ў бедных раёнах, дастаткова небяспечны. Выпадкі абрабавання тут на дзённым парадку. Канешне, гэта не азначае, што у краіне пануе хаос, але верагоднасць небяспекі трэба ўсведамляць.





Доўгачаканы ўзыход сонца. Шчыра кажучы, мясцовыя не звяртаюць на гэта ўвагі. Усе ціхенька спяць і не вядуць носам. Мне так падаецца.



Сабачкі, расціце хутчэй!

 

11 кастрычніка. Сняданак па-камерунску

Кожны дзень жыхара місіі пачынаецца са службы. Не, зразумела, што дзеці не ідуць адразу з ложка да алтара. Усе прачынаюцца дзесьці за гадзіну, мыюцца, прыбіраюць пакоі, рыхтуюцца да заняткаў. Пасля службы старэйшыя адразу выходзяць у свае школы ці каледжы, а вось малодшыя застаюцца на сняданак.

Сняданак выглядае вельмі лаканічна. Кавалак багета з маргарынавай праслойкай унутры. Хтосьці з’ядае яго адразу, хтосьці заварочвае ў торбачку і есць у школе, а хтосьці спалучае два варыянты: палову з’ядае тут і палову ў школе.

Усе багеты свежыя, шторанак адказны ходзіць у пякарню.

Айцец Дарыюш сказаў, што гэты арабскі маргарын вельмі несмачны, таму я пакуль не вырашыўся яго паспрабаваць. Але для мясцовых гэта добры прысмак.



У 7:30 школы літаральна зачыняюцца і зайсці можна толькі праз дзве ці тры гадзіны, падчас перапынку. Па-гэтаму пасля атрымання буціка кожны спяшаецца на сваю “працу”.


Малодшыя заўсёды ідуць са старэйшымі.
Выглядае гэта прыгожа і кожны раз гэтая банда выклікае ўсмешку.


Пачынаюцца выходныя, час адпачынку, але і працы. Як паўсюль. Пранне адзення, уборка тэрыторыі і пакояў і розныя іншыя справы. Пад’ём заўтра нерэгуляваны, але, вядома, гэтыя малыя жукі ўстануць ужо ў 6 раніцы. А перад намі апошні выходны перад пачаткам нашае непасрэднае дзейнасці: штодзённыя заняткі, факультатывы і проста ўрокі для падрастаючых камерунцаў.

 

13 кастрычніка. Першая хвароба

Учора зранку, падчас літургіі, раптам занямог. Лёгшы хуценька ў ложак, я змог устаць з яго праз 24 гадзіны. Якаясці бактэрыя ўсё-такі ўлезла ў мой арганізм. Не дапамагло ні мыццё рук сто разоў на дзень, ні нармальнае харчаванне, ні іншыя меры павышанай санітарнай асцярожнасці.


Ужо на другі дзень побыту тут быў змайстраваны
адмысловы столік для міскі з вадою і мыла.
Кожны раз перад уваходам і выхадам з пакою тут мыюцца рукі.


З тэмпературай ваявалі парацэтамолам, да якога дабаўлялі спецыяльны вітамін, які не даваў парацэтамолу папсаваць справы ў страўніку. Айцец Дарыюш, усміхаючыся, сказаў: “Я ж вам казаў — гэта Афрыка, з хваробамі тут ніколі нічога не вядома”. Перад прыездам нам было адразу сказана, што малярыя будзе ў нашай крыві ужо праз два тыдні. Калі яна сябе праявіць — застаецца справай часу.


Шэрыя місіянерскія будні.

Сёння зранку схадзілі ў амбулаторыю. Тутэйшая доктар, смеючыся, апытала мяне што і як, праверыла ціск, тэмпературу, карацей усё як і ўсюды. Узяла аналіз крыві з вены, а пасля туды ж уліла мне цэлы вялізны ўкол чагосьці жаўтаватага. Пакруцілася ў галаве, а пазней стала лягчэй.


Штука, якой мераецца ціск, была з дзюркай. Доктар, па старому метаду,
шмат разоў падбірала патрэбнае становішча, каб неяк яго памераць.



Пасля жоўтага ўколу павяло ў галаве, але праз 10 хвілін стала нашмат лягчэй.

Пасля абеду трэба прыйсці па вынікі і стане вядома, ці я ўжо атрымаў падарунак малярыі ад дарагой Афрыкі, ці гэта нешта іншае.



Разам са мной у амбулаторыі апынулася таксама адна наша маленькая дзяўчынка. Учора з вуха пачаў цячы гной. Устойлівасці гэтых малых перад болем дзеці з Еўропы могуць толькі пазайздросціць.



Марта рабіла здымкі. У пэўным моманце доктар сказала, што пойдзе пераапрануцца, каб на здымках прыгажэй выйсці. Камерунцы любяць фоткацца.

 

14 кастрычніка. Усё ОК

Пасля абеду прыйшоў у тутэйшую амбулаторыю за вынікамі майго аналізу крыві. Пасля некалькіх мінутаў доўгага маналогу доктара я зразумеў, што ў крыві ўсё-такі нешта ёсць. Пазней яна тыкнула пальцам у лекі з малюнкам камара і ўсё стала зразумелым. Абнадзейвала толькі тое, што лекар паўтарала, што малярыі ўва-мне зусім трошкі.

Пасля вяртання дадому, айцец Дарыюш сказаў, што магчыма яна проста “развяла” мяне на грошы. Справа ў тым, што нават па афіцыйных паперах малярыя патрабуе два тыдні, каб асесці ў арганізме і праявіць сябе. Такім чынам за 8 дзён побыту ў Камеруне верагоднасць хваробы вельмі нізкая. Лекі ад малярыі ў суме каштуюць амаль $30. Таблеткі набываюцца адразу ў доктара, таму магчымасць “наколу” таксама існуе.

Ужо вечарам палягчэла і я нават правёў адзін занятак і пагуляўся з нашымі малодшымі дзяцьмі. Сёння зранку ад хваробы не засталося і следу. Таму пытанне — была гэта малярыя, ці проста нейкае страўнікавае атручванне, застанецца без адказу. Можа так і цікавей.

Айцец Дарыюш кажа, што ўся гэта малярыя — фуфло. Справа ў тым, што лекі на адзін раз ад яе каштуюць каля $60. Цяжка паверыць, што некаторыя фармакалагічныя карпарацыі, якія займаюцца гэтым, не былі б зацікаўленыя ў нераспрацоўцы прывіўкі ад хваробы. Але гэта так, пытанне ў дужках.

Лекі ўсё ж такі п’ю: грошы то заплочаны. Гэта варыянта для лёгкіх выпадкаў, за $30.



А вось гэта ўжо цяжкая артылерыя за $60. Лепш набываць у Еўропе, тут даражэй.




16 кастрычніка. Па завулках Яўндэ: могілкі

Сёння пачнем знаёміцца з горадам, яго жыццём і рознымі яго абліччамі. Тэмаў для апісання шмат, але першае пра што хацелася б напісаць — могілкі.

Справа ў тым, што шмат рэчаў, якія бачыш на вуліцах Яўндэ, ужо дзесьці бачыў па тэлебачанні, чытаў пра іх ці проста штосьці такое можна ўявіць. А вось уявіць пахаванне родзіча каля сваёй хаты і ўсталяванне тут помніка — ўжо цяжэй.

Уся пахавальная цэрымонія пачынаецца і заканчваецца ля роднай хаты. Робіцца спецыяльны намёт, пад якім збіраюцца госці, ставіцца труна і тут адбываецца малітва. Магіла выкапваецца тут жа, збоку. Пасля пахавання, як і у Беларусі, адбываецца ўрачысты абед. Пры гэтым вечарына можа цягнуцца некалькі дзён і грошай на яе не шкадуецца. Кажуць, што часам чалавек яшчэ хварэе, а грошы на вечарыну пасля яго пахавання ўжо збіраюцца.


Дзеці не могуць глядзець на тое, як труна апускаецца ў яму.
Падчас гэтага моманту яны мусяць ляжаць на кучы зямлі з ямы. (фота з архіва місіі)



Пачынаецца абед. Як бачна, любімы напой камерунцай ужо гатовы. (фота з архіва місіі)




Падчас жалобнай літургіі. (фота з архіва місіі)

Дык вось, калі едзеш па невялічкіх вуліцах горада, помнікі стаяць тут амаль каля кожнага дома. Уражанне ад гэтага не самае прыемнае, хоць з часам чалавек прызвычайваецца да ўсяго. Айцец Дарыюш смяецца з мяне і кажа, што яшчэ не вядома, што больш правільна: могілкі, ці магілы каля дома. Можа гэта і так. У Камеруне так.


Каб пахаваць памерлага ў Яўндэ, трэба каб твае продкі
жылі тут некалькі пакаленняў. Інакш хаваюць у вёсцы, адкуль паходзіш.



Помнік у адной з вёсак. Такія колеры.
Праз месяц хутчэй за ўсё паедзем на тутэйшую гадавіну па памерлым.
Прыгледземся да яе бліжэй. (фота з архіва місіі)



Надмагілля стаяць проста ля дарогі.

17 кастрычніка. Спецпост: Эбола

Сябры і знаёмыя ўвесь час пытаюцца, што пра хваробу кажуць у Камеруне і як усё гэта выглядае адсюль. Ды і па беларускіх СМІ бачна, што тэма гарачая. Мне падалося важным напісаць пра гэта некалькі словаў.

За некалькі месяцаў т.зв. эпідэміі памерла некалькі тысяч чалавек. Зразумела, кожнае жыццё неацэннае, але паглядзіце на статыстыку дзіцячай смяротнасці ў Афрыцы: кожны дзень тысячы малых ва ўзросце да 5 гадоў паміраюць ад недаядання, малярыі, браку медыцынскай дапамогі. Сярэдняя працягласць жыцця камерунца — 54 гады. Колькасць людзей за 60 гадоў складае ўсяго 6%, асобы да 25 — каля 60%. Людзі тут проста доўга не жывуць.

Атрымоўваецца, што ўсе СМІ скіраваны на тое, што не з’яўляецца так насамрэч афрыканскай праблемай. Проста дзіцячая беднасць, недаадукацыя ці яе брак і бядота сёння ўжо не прыцягвае ўвагу чытача ці гледача. А вось Эбола так. Таму пра яе так шмат гавораць.

А ў Камеруне? Тутэйшы міністр аховы здароўя заклікаў не есці дзікіх жывёлаў, звяртаць большую ўвагу на санітарыю, у аэрапорце, як вы ўжо бачылі, паставілі анты-эбола рамку.

Тыдзень таму камерунская зборная па футболе грала з Сьерра-Леонэ. Дык гасцям не дазволілі выходзіць з гатэлю (нагадаю, Сьерра Леонэ лічыцца адным з ачагоў хваробы). Але простыя людзі жывуць так, як і жылі. Пра Эболу я тут чуў толькі жарты.


Адукацыя дзяцей — гэта тое, што патрабуе шмат грошай і часу.
Менавіта гэта сфера павінна быць у цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці.

 

19 кастрычніка. Айцу Дарыюшу — 54

Сёння айцу Дарыюшу спаўняецца 54 гады. Хоць рубрыка “Па завулках Яўндэ” ужо кіпіць і проста патрабуе выліцца на старонкі гэтага блогу, яшчэ раз я вымушаны адкласці яе на наступны раз. У гэты дзень важна напісаць пра гэтага чалавека.

Дамініканец паціху набліжаецца да моманту, калі зможа сказаць, што палову свайго жыцця правёў на місіі. Адразу пасля атрымання святарскага сану, у далёкім 1994 г., ён разам з двума братамі прыязджае ў Камерун. Праз некалькі гадоў застаецца адзін.

Калі памерла яго маці, ён не мог прыехаць у Польшчу, бо гэта не тыя адлегласці, калі можна дазволіць сабе незапланаваны прыезд. Нават на пахаванне маці.

Чалавек, які няспынна гаворыць пра тутэйшыя мінусы, але пры гэтым ужо не прадстаўляе сябе ў Еўропе. “У мяне там проста дах паедзе”, — паўтарае ён. Сотні выхаванцаў, пабудова не аднаго дома, тысячы дзяцей, якія хадзілі і ходзяць у школы толькі дзякуючы знойдзеным айцом Дарыюшам спонсарам.

Ужо каторы раз прыходжу да высновы, што большасць вялікіх людзей незаўважальная. Незаўважальная для СМІ, незаўважальная для ўладаў, незаўважальная для большасці грамадства. Такія людзі ў прынцыпе нават ад гэтага ўцякаюць. Яны маюць свой курс і ідуць па ім. Нягледзячы ні на што.

Вось і айцец Дарыюш у свае 54 працягвае рабіць тое, што пачаў яшчэ маладым і прыгожым :)


1999 г.


2001 г.


2003 г.


2005 г.


2007 г.


2011 г.


2013 г.





Оценить материал:
Средний балл - 4.89 (всего оценок: 91)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Хацелася б сказаць, што гэта не якіясьці там героі раманаў, гэта сапраўдныя ГЕРОІ, прычым нашы. Яны не маюць кучу грошай, не маюць тых "бамбілаў", якія прыляцяць на дапамогу, калі на іх хто не так гляне, гэта простыя маладыя людзі якія сапраўды нешта робяць для таго, каб сьвет стаў лепшы!!! Асабіста для Арцёма: чакаем навін з нецярплівасцю)я вельмі-вельмі рада, што ведаю такога чалавека, як ты) Марце прывітанне)))
  • А мне это напоминает героев Ремарка. Может, Хэмингуэя. Они - граждане мира, они играют в биллиард, в гольф, они мотаются по Европе, вызывают такси, ужинают в крутых ресторанах, снимают крутые номера в гостиницах... И у них никогда не кончаются деньги... === Пардон, но материал далёк от реального белоруса, и так пришибленного своей глобусной северной широтой... :)

Интересные Факты

Загрузка ...