Створана электронная петыцыя для подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг

На сайце petitions.by створана петыцыя да Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук з прапановай, каб нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці, паведамляе сайт зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб'яднання «Малады фронт».

«Электронная петыцыя створана па шматлікіх просьбах прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга, якія не маюць мажлівасьці падпісаць зварот фізычна, — распавядае адзін з лідараў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. —  Хаця асноўны націск у падпісной кампаніі мы робім на фізычныя подпісы, бо толькі такі падыход дазваляе камунікаваць з людзьмі і здабываць новых прыхільнікаў нашага сапраўднага сьцяга, тым не менш электронная петыцыя таксама можа дапамагчы ў справе пашырэння ведаў пра бел-чырвона-белы сцяг. Электронная петыцыя апроч Міністэрства культуры будзе накіравана і ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі».

Нагадаем, што 19 верасьня, у 25-ую гадавіну дзяржаўнасьці бел-чырвона-белага сцяга Зьміцер Дашкевіч распачаў кампанію па зборы подпісаў у Міністэрства культуры з тым, каб бел-чырвона-беламу сцягу быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Кожны жадаючы можа запампаваць тэкст звароту, падпісаць яго і перадаць зборшчыкам.