Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Дыктатура можа дапамагчы беларускім творцам дайсці да еўрапейскага чытача
    Вядомая чэшская пісьменніца Ірэна Доўскава наведала Мінск для ўдзелу у фестывалі еўрапейскай прозы «Еўрапеана»...
  2. Беларускі спектакль трапіў у атмасферу ўсерасійскай гістэрыі
    Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра скандал пасля спектакля “Бі-Лінгвы” ў Маскве…


Культура

Божае нараджэнне ў Мінску абвесцяць «Троіца» і «Палац»

 

Анёламі-апавяшчальнікамі цуду Божага нараджэння ў гэтым годзе ў сталіцы будуць два легендарныя фальклорныя гурты — этна-трыо «Троіца» і ансамбль беларускага кантры «Палац». Абодва вядомыя калектывы дадуць сольныя канцэрты, дзе абяцаюць увесці згаладалага па каляднай містыцы і містэрыі слухача ў атмасферу вясковага свята, вядзьмарства і чарадзейства.

«Троіца» ўжо прайшлася па гродзенскіх і брэсцкіх вуліцах, даўшы ў кожным з гарадоў па перадсвяточным канцэрце. Праўда, так і не пакінуўшы за сабой талых снежных слядоў, па якіх можна было б акурат у дзень Раства дабрацца да сталічнага КЗ «Мінск». 25 снежня прадзюсерскі цэнтр «ПАН-студыя», які нядаўна паспяхова закідаў горад «музычнымі апельсінамі», ладзіць там вялікі сольны вечар этна-каралёў.

Троіца. Фото з афіцыйнай старонкі гурта 

Іван Кірчук — спецыяліст па абрадавай дзейнасці і непапулярным беларускім фальклоры, збіральнік напеваў і элементаў спрадвечнага вясковага быту — разам са сваім гуртом у святы дзень верне гледачоў да спрадвечнага, да традыцыі і каранёў, даўно пахаваных пад стракатымі гірляндамі і бліскучымі падарункамі ад заходняга Санты і савецкіх Снягурачак.

Для прыхільнікаў гурта гэты канцэрт можа стаць неспадзяванкай, паколькі апроч звыклых гукавых медытацый, дзе цягучы вакал Кірчука пераплятаецца з аб’емнымі ўдарамі бубна, звыклым спевам жалейкі, ціхімі перашэптамі, перазвонамі, енкамі, шоргатам, 25 снежня будуць выкананы некаторыя кампазіцыі з новага і яшчэ не выдадзенага альбому «Жар-Жар», які мае стаць нязвыкла рокавым.

Ансамль «Палац» ладзіць двухдзённае зімовае свята Божага нараджэння. 24 снежня, на Куццю, ў канцэртнай зале Тэатра эстрады адбудзецца VIP-канцэрт гурта, на які будуць запрошаны вядомыя асобы і прадстаўнікі СМІ. Назаўтра ж «Палац» склікае на канцэрт усіх сваіх сяброў, папулярных музыкаў, а таксама прыхільнікаў, каб адзачыць Каляды разам. На абодвух канцэртах прагучаць вядомыя беларускія народныя калядныя песні, будуць прэзентаваны творы, якія рыхтуюцца да выдання ў новы альбом.

Палац. Фота з афіцыйнай старонкі гурта 

Цэлы шэраг гуртоў, у аснове музыкі якіх ляжыць цнатлівая аўтэнтыка, вырашылі 25 снежня зладзіць супольны карнавальны «Калядны фэст». У першы дзень Вясёлых Святаў у клубе «Рэактар» збяруцца рэканструктары музычнай традыцыі Вялікага Княства «Стары Ольса», стваральнікі «драйвовай сярэднявечнай музыкі» Litvintroll, паган-фолк-бэнд Znich, музычныя рэканструктары сярэднявечнай культуры Testamentum Terrae, этна-гурт «Рада» і сайд-праект флейтыскі ды дударкі «Старога Ольсы» — гурт Rosalia.

Стары Ольса. Фота з сайту гурта     Стары Ольса. Фота з сайту гурта

Па-за сталіцай святочныя увесяленні не будуць так моцна прывязанымі да народнай культуры і старажытнай традыцыі. У Горках, што месцяцца ў васьмідзесяці кіламетрах ад Магілёва, пройдзе грандыёзны і гучны двухдзённы фестываль «Рок-Каляды». Гэты фэст існуе з 2001 году пад лозунгам «Мы па-за палітыкай і па-за грашыма».

Арганізатары музычнай дзеі збіраюцца зрабіць з гэтага важную падзею ў беларускім музычным жыцьці. «Два гады наш фэст фактычна знаходзіўся ў коме, быў абмежаваны кволаю прыпанкаванасьцю, але сёлета мае адбыцца адраджэнне», — цытуе Ultra-Music аднога з арганізатараў Сяргея Валюжыніча.

Сярод ранейшых удзельнікаў фэсту — магілёўскі гурт «Глюкі», уваскрослыя гродзенскія панкі Deviation, love-рокеры Vodar Susviet. Сярод гасьцей фэсту — смалявіцкі рок-гурт «Акропаль», магілёўскі SKA-бэнд Zatoczka і яшчэ адзін гурт з «усходняй сталіцы» «Калачиком рядом».

25 снежня — конкурсны дзень. Вызначэнне пераможцаў па намінацыях «Самы гучны бубнач», «Самы басовы бас-гiтарыст», «Самы бэкавы бэк-вакал», «Самы рокавы рок-вакал», «Самы не сольны гiтарыст», «Самы сольны сола-гiтарыст» і «Рок-зорка-2008». Абраны пераможца возме ўдзел у гала-канцэрце на наступны дзень, яму прэзентуюць 12 гадзінаў запісу ў студыі GS RECORDS і права ўдзельнічаць у фестывалі Mass Medium Fest 2009 у Магілёве.

Каталіцкае Раство чакае нас насычанае і музычнае. Магчыма, у знак таго, што ў Беларусі ўсё яшчэ прынята найзычлівейшыя віншаванні і падарункі ў шалёсткай абгортцы дарыць ды атрымліваць у Навагоднюю ноч, беларускія гурты робяць свой святочны падарунак менавіта на Каляды. Яго не пакладзеш пад ёлку, так што трэба паспяшацца і паспець атрымаць усё самае лепшае, што айчынны фолк і рок здолелі зрабіць для нас цягам гэтага доўгага 2008 году.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева