Другие материалы рубрики «Культура»

  1. “Адноўленая” Біблія Скарыны — феномен сучаснай культуры
    Naviny.by вырашылі праверыць, наколькі гістарычнай з’яўляецца “адноўленая” Уладзімірам Ліхадзедавым Біблія Скарыны…
  2. «Песнярам» — 45 лет: концерты и трибьюты
    В Беларуси с размахом отпразднуют 45-летие группы, хотя настоящий юбилей бренда «Песняры» будет только через год…


Культура

«Вольнае паветра»: этна-пірагі і нябесныя каровы

 

27 жніўня на хутары «Шаблі» адбудзецца фестываль «Вольнае паветра», на якім выступяць прадстаўнікі актуальнай этна-музыкі з Сербіі, Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны і Беларусі.

Гэта будзе ўжо другая спроба правесці фэст сёлета. Першапачаткова «Вольнае паветра» планавалася на 2 ліпеня.

«Усе дазволы ў адпаведных інстанцыях атрыманыя. Фестываль праходзіць на цалкам легальным узроўні. Нават пра надвор'е з сіноптыкамі дамоўлена», — супакойваюць арганізатары.

Замежныя артысты, выступ якіх запланаваны на “Вольным паветры”, наведаюць Беларусь упершыню: Shazalakazoo (Сербія), «Комба-бакх» (Расія), Sovijus (Літва), DJ Wojcio (Польшча), «Бадзьян Саўна Сістэм» (Украіна). Беларусь прадставяць «Нагуаль», Gurzuf, Morfe Acoustic Band, а таксама шэраг ды-джэяў.

Як распавёў Naviny.by арт-дырэктар «Вольнага паветра» Аляксандр Багданаў, замежныя музыканты ахвотна пагадзіліся пацешыць беларускіх аматараў фолька: «Для шматлікіх артыстаў на гастрольнай карце Беларусь з'яўляецца белай плямай, якую яны даўно хочуць расфарбаваць».

«Мне падаецца, што ў Беларусі развіты досыць кансерватыўны погляд на этна-музыку: альбо гэта спяваюць старыя бабкі, альбо фольк-рок. Але сучасная этна-музыка значна шырэй і значна шматстайней», — гаворыць Багданаў.

А таму, са слоў прадзюсара фестывалю Яўгена Калмыкова, ідэя “Вольнага паветра” заключаецца ў тым, каб «расхістаць агульную музычную сітуацыю ў Беларусі» і разбурыць стэрэатып пра тое, што «фольк-фестываль — гэта пэўны набор калектываў, якія на ім выступае». «Мне здаецца, што ў гэтым няма развіцця для такіх фестываляў»,адзначыў ён. Мэта арганізатараў — паказаць, што існуе іншая фольк-музыка, у якой ёсць месца эксперыменту.

«З-за слаба развітой клубнай сцэны ў Беларусі вельмі рэдка можна ўбачыць групы з блізкага замежжа, неардынарныя і вельмі цікавыя, якія, тым не менш, не заваявалі, а можа, і не жадаюць заваёўваць сабе месцы ў спісе сусветна вядомых. Як правіла, усё самае цікавае застаецца ў сярэдзіне пірага. «Вольнае паветра» — гэта сумесь начынак этна-пірагоў нашай і суседніх краін», — адзначыў Багданаў.

Адметнасцямі фестывалю стануць і шматлікія забаўляльныя праграмы, а таксама паўнавартасны сэрвіс. «На гэтым фэсце будзе не толькі музычны складнік, але і іншыя забаўляльныя праграмы, такія, як паказ фільмаў ад польскага кінафэсту DIY FILM Fest, чэмпіянат па кіданні каровіных кізякоў, — распавёў Багданаў. — Карацей, усё як на міжнародных еўрапейскіх фэстах, дзе заўсёды не толькі музыка; там прэзентуюцца розныя аб'яднанні, якія прапануюць наведвальнікам разнастайны адпачынак. І мы імкнемся наблізіцца да такой жа формы».

Чэмпіянат па кіданні каровіных кізякоў – «гэта ідэя прадзюсара Калмыкова. Нарадзілася яна пасля канчатковага ўзгаднення новага лагатыпа фестывалю — каровы, якая ляціць па небе, — тлумачыць Багданаў. — Нашмат пазней мы даведаліся, што такія чэмпіянаты ўжо праводзяцца рэгулярна ў Індыі і Амерыцы, існуе нават рэкорд, занесены ў кнігу рэкордаў Гінэса. Усе вынікі будуць фіксавацца на відэа, будуць суддзі, замершчыкі, і пры перавышэнні рэкорду ў 81 метр мы накіруем заяўку ў камітэт рэкордаў Гінэса».

«Кожны ўдзельнік спаборніцтваў будзе мець па дзве спробы кідка і, адпаведна, два кізякі, а таксама індывідуальныя гумовыя пальчаткі», — кажа Калмыкоў. Ён жа дзеліцца з чытачамі Naviny.by “рэцэптам” стварэння гэтага спартовага снарада: спачатку збіралі сыравіну для яго, затым укладвалі на металічным лісце і выпякалі на агні.

Гасцям фестывалю “Вольнае паветра” прапануюцца квіткі па коштах: 40 тысяч рублёў (уваход), 70 тысяч рублёў (уваход і кемпінг); 120 тысяч рублёў (уваход і праезд на аўтобусе па маршруце Мінск — Шаблі — Мінск). Набыць квіткі можна ў бары «Малако» (Мінск, плошча Незалежнасці, 37а), у касах: у падземным пераходзе ля ГУМа, у пераходзе на пл.Я.Коласа (выхад да філармоніі), канцэртнай залі «Мінск» (вул.Кастрычніцкая 5), а таксама ў сістэмах kvitki.by і ticketpro.by.
Даведка: (017) 280 15 10, (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96
Час правядзення: з 15.00 да 6.00 27-28 жніўня 2011 года.
Месца правядзення: аграэкасядзіба «Хутар Шаблі», вёска Малое Запруддзе Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
Арганізатары не сумняваюцца, што інфраструктура аграэкасядзібы «Хутар Шаблі» дазволіць прыняць да паўтары тысячы ўдзельнікаў і гасцей. Але на пытанне пра акупляльнасць фэсту дакладнага адказу не маюць. «Як можна быць у чымсьці ўпэўненым, асабліва ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі? Мы спадзяемся, што атрымаецца добрае свята, а прыедзе на яго 200 або 2000 чалавек — гэта ўжо іншыя пытанні», — адзначае Багданаў.

Са слоў дырэктара фестываля і ўладальніка хутара Ўладзіміра Шаблінскага, “Вольнае паветра” адбываецца штогод з 2006 года. Ужо склалася група людзей, якія пастаянна прыязджаюць на гэты фэст: «Ездзяць не толькі мінчукі, але і людзі з абласных цэнтраў, маленькіх гарадоў, глыбінкі. Яны разумеюць, што тым самым з'яўляецца супольнасць «камфортных» людзей, якія не напружваюць адзін аднаго».

На пытанне, ці такая ўжо добрая гэта традыцыя — ладзіць падобныя мерапрыемствы пераважна «для сваіх», арт-дырэктар адзначыў, што менавіта адсёлета сітуацыя мяняецца: «Гэтым разам мы вырашылі паклікаць не толькі «сваіх», а і выкарыстаць розныя сродкі для шырокай рэкламы. Раней жа інфармацыя пра “Вольнае паветра” перадавалася «з вуснаў у вусны». Зараз упершыню пушчаныя ў шырокую дыстрыбуцыю квіткі, па горадзе вісіць рэклама, ідзе актыўная падтрымка ў інтэрнэце».

«Месцаў, у якіх адбываюцца нейкія альтэрнатыўныя падзеі, у Беларусі - адзінкі, — лічыць ён. — І ні адно з мерапрыемстваў не зачыняе свае дзверы перак кім бы тое ні было, не падзяляе публіку на сваіх і чужых».


Оценить материал:
Средний балл - 3.67 (всего оценок: 3)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...