Беларускі street-art выставілі ў… музеі

Да 26 мая ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва будзе працаваць выстава вулічнага мастацтва Беларусі \"Стрыт-арт. Зрэз\"...

 

Творы беларускага вулічнага мастацтва можна ўбачыць не толькі на вуліцах, але і ў музеі. Да 26 мая ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва будзе працаваць выстава вулічнага мастацтва Беларусі "Стрыт-арт. Зрэз". На выставе прадстаўленыя фотаздымкі твораў, а таксама інсталяцыі, што пабачылі свет на беларускіх вуліцах, пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Арганізатары выставы адзначаюць, што хацелі паказаць менавіта гістарычны зрэз беларускага стрыт-арта.

“Горад для мастака — гэта аснова жыцця і творчасці, традыцыйнага бачання і яркіх эмацыйных інавацый. Ноч, вецер, дождж, снег — нічога не перашкаджае вулічным мастакам адкрываць іх сэрцы, думкі і перажыванні. Яны вучацца на юрыстаў, бухгалтараў, эканамістаў і інш. А ўначы яны хаваюць свае абліччы, каб паказаць мастацтва ў іх разуменні ці данесці да гараджан тое, чаго не перадаюць у навінах”, — адзначаюць арганізатары выстаўкі.

“Стрыт-арт — гэта не проста мастацтва ў звычайным разуменні, гэта выклік. Мастакі, якія займаюцца стрыт-артам, паказваюць людзям тое, чаго яны не прачытаюць у навінах, што не мае шырокага розгаласу, яны выказваюць менавіта свае ўласныя думкі, свае перажыванні. Гэта цэлая стрыт-арт філасофія”, — адзначыла, адкрываючы выставу, яе каарданатар Каміла Янушкевіч.

 

Перанесці горад у музей

“Наша выстава мае назву “Стрыт-арт. Зрэз”. Гэта двухбаковая назва. Але самае асноўнае — гэта зрэз гістарычны. І на гэтай выставе мы паказваем стрыт-арт ад яго зараджэння ў 90-х і да сённяшняга часу. Прац было вельмі шмат. Мы выбіралі, арыентуючыся на тое, каб работы можна было паказаць менавіта ў музеі, бо, праводзячы такую выставу ў будынку, мы сутыкаліся з пэўнымі абмежаваннямі. Калі працы 90-х гадоў мы паказалі на фотаздымках, то больш сучасныя работы мы зрабілі якаснымі і вялікімі фарматамі. Для нас вельмі важна было перанесці горад у музей”, — адзначыла Каміла Янушкевіч у каментары для Naviny.by.

“Я пазнаёмілася з прадстаўнікамі беларускага стрыт-арту год назад — гэта былі мастакі з кам’юніці Signal, якое выдала першы часопіс, што паказвае гісторыю стрыт-арта. Мы пасябравалі з гэтымі цудоўнымі хлопцамі, якія робяць сапраўды фантастычныя рэчы. Вырашылі прасоўваць гэтае мастацтва, вывесці яго на новы этап, на новы ўзровень, каб прыцягнуць моладзь да гэтага кірунку. Мы пачалі ладзіць лекцыі і мастар-класы. Гэта быў сапраўды фурор — на лекцыі прыходзіла па сто чалавек! Гэта было цікава, бо ладзілася ў нашай краіне ўпершыню. Калі мы пачалі прасоўваць вулічнае мастацтва, то было вельмі шмат размоў пра тое, што час ладзіць паўнавартасную выставу. І я вельмі рада, што такія выставы, майстар-класы і воркшопы ладзяцца менавіта ў дзяржаўнай структуры, у нашым музеі.

У нас вельмі любяць казаць, што тая выстава, гэтая выстава робіцца ўпершыню. Куды ні глянь — усё ўпершыню, і гэта ўжо выклікае нейкі дысананс. Нельга сказаць, што сённяшняя выстава першая, аднак сапраўды ў першы раз такая выстава ладзіцца ў дзяржаўнай структуры і на такой вялікай плошчы — два паверхі музея”, — распявяла Каміла Янушкевіч.

На выставе можна азнаёміцца не толькі з творамі стрыт-арта, але і контр-арта. “Гэта цудоўны тандэм, які ездзіць па шпіталях Беларусі, дзіцячых дамах і размалёўвае сцены, паказваючы людзям гэтую культуру. Гэта, канешне, не стрыт-арт, але яго разнавіднасць”, — падкрэслівае Каміла Янушкевіч.

 

Чаму вы ненавідзіце Гагарына?

Алег Ларычаў, каардынатар праекта Signal, распавёў Naviny.by: “Вулічнае мастацтва ў Беларусі актуальнае як ніколі, бо гэта сродак выразіцца людзям, якія не маюць іншых магчымасцяў. Стрыт-арт звычайна ўзнікае ў тых краінах, у якіх ёсць нейкія пратэсты, незадаволенасць у грамадстве, бо стрыт-арт — гэта найперш пратэст. Але стрыт-арт з’яўляецца і арт-пратэстам супраць візуальнага вобразу, які пануе ў беларускіх гарадах, ён зносіць яркія плямы. Такім чынам, гэта і сацыяльны пратэст, і пратэст мастацкі, культурны.

Беларускія стрытартэры супрацьстаяць шмат чаму. Напрыклад, нядаўна мастак Mrr на Нямізе на адным з ліхтароў намаляваў шлём з надпісам СССР, а ўнутры там чэрап. Мы падпісалі, што наша краіна працягвае жыць савецкімі ідэаламі і надыйшоў час вылучаць сваё і жыць сваім. Так у інтэрнэце развярнулася дыскусія на тэму: чаму вы ненавідзеце Гагарына? Хоць там пра яго ні слова.

Сённяшняя выстава — дастаткова суб’ектыўны зрэз вулічнага мастацтва Беларусі. Аўтары, прадстаўленыя ў экспазіцыі, паказальныя для нашай краіны. Напрыклад, каманда AZ — першая, якая адыйшла ад графіці і пачала імправізаваць з тэхнікамі і стылямі. Выстава — гэта вялікі эксперымент па перанясенні вулічнага мастацтва ў сцены музея. Я часткова згодны з тым, што немагчыма сумясціць гэтыя дзьве розныя прасторы, але ў нас вулічнае мастацтва не вельмі добра развітае, і нам трэба задаваць трэнд, паказваючы, што вулічнае мастацтва ў Беларусі ёсць, каб далучаліся новыя людзі”.

Акрамя самой выставы ў сценах музея адбудзецца некалькі воркшопаў і лекцый па гісторыі беларускага стрыт-арта.

22 мая ў 18.30 для наведнікаў будзе зладжаны воркшоп па стварэнню вулічнага постара ад мастака Продка (Віцебск), лайфпэйцінг (Live painting) ад мастака Улада Хвастова (Гомель). 23 мая з 18.30 – гісторыя рэчыцкага стрыт-арта (першай каманды Беларусі “AZ”), прэзентацыя праекта “Tame 69 Custom Boards” пры падтрымцы кампаніі “Molotow”, а таксама майстар-клас па роспісе скейтборда. 24 мая ў 18.30 наведнікаў чакае воркшоп па ярн-бомбінгу (абвязванне прадзівам гарадскіх аб'ектаў), а 25 і 26 мая з 11 да 17 гадзін упершыню ў Беларусі адбудзецца скілтойз фестываль.