Беларускі «Піліпка» стаў «Прамяністым анёлам»
Мультфільм Таццяны Кубліцкай узяў новы прыз — гэтым разам міжнароднага кінафестывалю ў Маскве...
Мультфільм беларускага рэжысёра Таццяны Кубліцкай атрымаў гран-пры конкурса анімацыйных фільмаў X Міжнароднага дабрачыннага кінафестываля «Прамяністы анёл», які адбыўся ў Маскве (Расія).
Прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання Таццяна Кубліцкая не змагла, бо аргкамітэт конкурсу не звязаўся з ёю своечасова. Гран-пры стаўся для аўтаркі нечаканасцю яшчэ й таму, што сама яна заяўку на ўдзел у фестывалі не дасылала. Але статуэтку «Прамяністага анёла» чакае з захапленнем, бо дэвіз фестываля — «добрае кіно вяртаецца» — Таццяна лічыць вельмі ўдалым.
Мультыплікацыйная стужка «Піліпка» зроблена па матывах аднайменнай беларускай народнай казкі пра маленькага хлопчыка. Яму ўдалося дабрынёй змякчыць сэрца злой Бабы Ягі і тым самым выратаваць сваё жыццё.
Гісторыя пра Піліпку кранула не толькі маскоўскае журы. Лепшай мультфільм прызналі і на 53-м Міжнародным кінафестывалі фільмаў для дзяцей і юнацтва ў чэшскім Зліне. Стужка атрымала таксама прызы XIV кінафестывалю дзіцячага кіно «Казка» ў Маскве і XVIII адкрытага расійскага фестывалю анімацыйнага кіно ў Суздалі.
Таццяна Кубліцкая адзначае, што ў славянскіх краінах сэнс гэтай мультыплікацыйнай гісторыі разумеюць лепей таму, што падобныя казкі ёсць у кожнага народа: «На ўкраінскім фестывалі «Крок» адзін з украінскіх рэжысёраў мне казаў, што ў іх ёсць такая ж казка, але там напрыканцы Бабу Ягу задавіла дрэвам. Але мы адмыслова не ўстаўлялі ніякай жорсткасці ў мультфільм. Ён жа разлічаны на дзяцей».
Мультфільм «Піліпка» рабілі з разлікам на дашкольнікаў і вучняў малодшай школы, але паглядзець яго цікава і дарослым. Асаблівую цеплыню дадае стужцы тэхніка камп’ютарнай перакладкі, дзякуючы якой героі крыху падобныя на папяровых лялек.
Пры стварэнні такой анімацыі, са слоў Кубліцкай, камп’ютар простаі замяняе камеру, сам жа мультфільм малююць уручную: «Раней мы здымалі на шкле тыя перакладкі. Персанаж падзяляецца на часткі: нага, крылы, тулава, вочы. А пасля яго складаюць, як пластовы пірог. І тады не трэба маляваць кожны рух, дастаткова перасунуць частку персанажа». На камп’ютары ж пасля робяць карэкцыю колераў і накладваюць эфекты.
У такой жа тэхніцы хутка выйдзе яшчэ адна чароўная гісторыя. Гэтым разам асновай для сюжэта стала беларуская казка «Песня жаўрука». Мультфільм пра прыгоды птушаняці мы зможам паглядзець ужо ў лютым 2014 года.
Обсудим?