Мнения других авторов
- 08.04 // 19:08 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Настоящие иждивенцы, скрытые тунеядцы // Статья
- 07.04 // 20:33 Дмитрий Маркушевский. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Черный ящик из ДСП // Статья
- 07.04 // 11:50 Сергей Безбережьев. МНЕНИЕ. Несколько замечаний о крымских событиях 2014 года // Статья
- 06.04 // 18:32 Анатолий Лебедько. ПОЗИЦИЯ. Что власть и оппозиция могут делать вместе, не подавая рук друг другу? // Статья
- 06.04 // 12:55 Игорь Драко. СТРАСТИ. Исповедь националиста // Статья
Другие Мнения этого автора
- 11.10 // 14:12 Адам Глобус. PLAY.BY. Чэлес // Статья
- 06.09 // 14:29 Адам Глобус. PLAY.BY. Падарожнік і дамасед // Статья
- 30.08 // 14:27 Адам Глобус. PLAY.BY. Месцы // Статья
- 23.08 // 12:59 Адам Глобус. PLAY.BY. Рэха вайны // Статья
- 16.08 // 09:47 Адам Глобус.PLAY.BY. Зацьменні // Статья
Мнение
Адам Глобус. PLAY.BY. Мышы
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. |
Праз дзень, калі жонка вярнулася са здымкаў у Версалі, я распавёў ёй пра начную сустрэчу з мышшу. Я не заўважыў, каб жонка асабліва заперажывала. Мыш і мыш, бачыў і бачыў. Вядома, яна была стомленая пасля тыднёвай камандыроўкі ў Францыю. Ды і мой аповяд пра мыш пад лядоўняю наўрадці мог канкураваць з яркімі ўражаннямі ад парыжскіх паркаў.
Жонку ўразіў пагрызены пакецік з цукрам. Маленькі пакецік, які ў барах даецца да кубачка з экспрэса, быў раcшкамутаны мышынымі разцамі. Жонка ўшчала крык: «Інфекцыя! Мышы могуць прынесці інфекцыю!» Для жонкі, якая вырасла ў сям’і ўрачоў, чысціня і гігіена заўсёды найважнейшыя ў гаспадарцы. «Дык я табе казаў, што бачыў мыш!» — «Я ж думала: мыш табе прыбачылася! Ты ж памятаеш, як убачыў мыш у прыбіральні, і потым колькі мы яе нi лавілі, колькі нi ставілі мышабойку, а так нічога і не ўпалявалася!» — «Ты тады ўсю кватэру і ўсю студыю пазасыпала атрутнымі таблеткамі. Мыш і ўцякла!» — «Хочаш сказаць, калі мы паставім мышабойку і не будзем класці пігулкі, мыш пападзецца ў пастку?» — «Мяркую, пападзецца. Наогул, мне не падабаецца, што ты мне не верыш!» — «Ды лепш бы ты звар’яцеў, чым у нас завяліся мышы!» — «Малайчынка! Якая ты ў мяне малайчына…» — «Цяпер даведзецца ўсё чыста перабіраць і перамываць! Ты ўяўляеш, колькі гэта працы?» — «Домработніца дапаможа…» Згадка пра домработніцу крыху супакоіла жонку, і я з лёгкім сэрцам пайшоў на працу, папярэдне паставіўшы ў куточку мышабойку з кавалачкам іспанскай кілбасы.
Вечарам, сеўшы вячэраць, я без усялякіх спадзеваў зірнуў у куток з мышабойкаю. Іспанская кілбаса зрабіла сваю справу. Хвост забітае мышы чарнеў на белай падлозе. Найбольш уражваў нежывы мышыны хвост. Уражваў тым, што, здавалася, менавіта ў ім яшчэ засталася іскарка жыцця. «Што будзем рабіць?» — спытала жонка. Выкінем мёртвую мыш, памыем рукі і будзем вячэраць». — «У мяне прапаў апетыт!» — «Тады ты пойдзеш разбірацца з мышшу, а я буду вячэраць. Я галодны, я настолькі галодны, што труп мышы не натоліць мой голад!»
Павячэраўшы, я пайшоў у кабінет пакурыць, а калі вярнуўся да тэлевізара, дык пабачыў у мышабойцы новую ахвяру. «Што будзем рабіць? Адкуль яны ідуць?» — жонка нахілілася над мышабойкаю. «Абвесцім вайну мышам!» — «Як ты гэта ўяўляеш?» — «Зробім здымак забітай мышы і распаўсюдзім інфармацыю, што ў Мінску пачалося нашэсце мышэй!» —«Жартуеш?» — «Якія жарты? Мо ты думаеш, што пакуль ты была ў Версалі, я тутака мышэй разводзіў і гастраномы зачыняў… Чакай… Яны ідуць з суседняга гастранома! Краму зачынілі, і галодныя мышы пачалі разбягацца па суседніх вуліцах…»
Мая версія з гастраномам пацвердзілася. Бо як толькі я павесіў здымак з мышабойкаю ў сваім інтэрнэт-часопісе, жыхары суседніх дамоў напісалі пра з’яўленне танкахвостых грызуноў і ў іхніх кватэрах.
Тым часам у маёй мышабойцы сканала трэцяя ахвяра.
Раніцай у нашым доме з’явіліся дзяржаўныя змагары з мышамі, яны радасна паведамілі, што не знайшлі ў сутарэннях ніякіх мышыных слядоў, але дзеля прафілактыкі панасыпалі паўсюль чырвоных атручаных крупаў.
Тры дні ў нашым доме і ў маёй кватэры ўсё спакойна. Пустая мышабойка стаіць у куточку. Чырвоныя антымышыныя пігулкі ляжаць ва ўсіх пакоях. У сутарэннях мышэй чакае атручанае проса.
Выглядае на тое, што вайна з мышамі скончылася.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии