Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Ліцэй, альбом, фільм

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Наш аўтарытарны час пакідае пасьля сябе ня зьявы культуры, а муляжы. Адной рукой ён будуе нацыянальную бібліятэку, а другой заганяе ў падпольле Саюз пісьменьнікаў. “Палюбіце нас жывымі!” – заклікае, узьняўшы рукі да неба, Францішак Скарына каля шклабэтоннага чупа-чупса на экс-Скарынаўскім праспэкце...

Не, не палюбіць. Ён вас жывых сьпяшаецца замяніць бясплоднай копіяй: на месца пісьменьнікаў, якія пішуць, прыходзяць тыя, што сэрвіруюць стол. Нічога не застаецца...

Каторы раз паўтараецца гісторыя, дзе ад пачатку зразумела, якімі кнігамі нашага часу ўзбагацяцца фонды гэтай “легальнай” бібліятэкі. “Нелегальнымі”. Тымі, што пісаліся з матывацыяй таленту й вечнасьці, хоць і былі адрынутыя бібліятэкабудаўніком.

ППРБ кіруе краінай так доўга, што ўжо можна ацаніць, што тут нарадзілася, вырасла й будзе жыць міма ягонага нежаданьня. Што з сапраўднай беларускай культуры, не падладжанай пад ідэалёгію й адрынутай рэжымам, выжыла й даказала сваю вартасьць.

Учора на прэм’ерным паказе новага дакумэнтальнага фільма “Дзёньнік “Народнага альбому” рэжысэр Уладзімер Колас прадэманстраваў, што такія зьявы ёсьць. Прынамсі, сам мюзыкл “Народны альбом” не ўспрымаецца інакш як клясыка і ўвесь час неяк чаргуецца ў навінах і сьвядомасьці з Купалавымі “Тутэйшымі”. Прынамсі, Беларускі ліцэй, які стаў брэндам самай душэўнай беларускай альма матэр. Новы фільм пра тое, як ліцэісты ставяць “Народны альбом”.

Важна, што ні альбом, ні ліцэй, ні фільм – не пратэставыя. Яны, прыціснутыя рэжымам, існуюць не з таго і не для таго, каб паказаць яму кузькіну маць або каб быць насуперак. Яны па-за ягоным часам і прасторай – як бы мы ўсе выйшлі з бараку, а ў паветры – вясна. І значыць, жыцьцё гэтым баракам не абмяжоўваецца й на ім не канчаецца. Новы фільм – пра вясну.

“Сьпешчаны” апазыцыйным дакумэнтальным кіно апазыцыйны беларускі глядач рэдка атрымлівае прафэсійны прадукт ад сапраўднага майстра. Бо кіно цяпер здымаюць усе. На ўчорашняй прэм’еры было выключэньне. Некалькі дзясяткаў жывых, крэатыўных і раскаваных тынэйджараў рэпэтавалі й паказвалі п’есу пра даваенны Ракаў, а рэжысэр паказваў іх, робячы тым самым дакладны адбітак часу ў яго пачуцьцёвых праявах. Думаю, гэтае кіно найлепшым чынам раскажа пра эпоху, у якой мы жывем.

Уладзімер Колас усё добра прыдумаў. Спачатку стварыў ліцэй, потым паставіў зь ліцэістамі “Народны альбом”, потым, калі ППРБ ліцэй закрыў, ліцэй захаваў, хоць гэта было зусім ня проста – элітная школа ніякім бокам не прызначаная для падпольнага існаваньня. І, нарэшце, зьняў фільм. Як тут не дапусьціць, што ён усё гэта сплянаваў яшчэ тады – у пачатку 1990-х...

На ўчорашняй прэзэнтацыі рэжысэр не хаваў, што хацеў зьняць сам мюзыкл. І ягоны цяперашні “Дзёньнік” пра тое, як бы гэта магло быць, пакідае спадзеў, што некалі мы пабачым і паўнавартасную кінавэрсію самога “Народнага альбому”.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева