Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Рыгор Кастусёў. ZOILOS. Моцарт і Сальеры сучаснай Беларусі

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Пасля падзеяў 19 снежня мінулага года шмат чаго ў Беларусі стала магчымым з таго, што раней падавалася немагчымым. Неадэкватная рэакцыя ўладаў на мірную акцыю і наступныя жорсткія прысуды супраць яе ўдзельнікаў як быццам бы сталі сігналам – цяпер можна, ізноў можна.

Ізноў у краіне выносяць папярэджанні правабарончым арганізацыям і праваабаронцам, пагражаюць адказнасцю за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў, ізноў Міністэрства Юстыцыі пазбаўляе адвакатаў магчымасці займацца сваёй справай, а Міністэрства Інфармацыі падае іскі аб ліквідацыі незалежных газэт.

Але нават з улікам гэтых падзеяў звяртае ўвагу на сябе факт судовай спрэчкі паміж двумя фізічнымі асобамі – блогерам Яўгенам Ліпковічам і пісменнікам Мікалаем Чаргінцом. Спрэчка паміж гэтымі грамадзянамі датычная дробнага выпадку – адміністратыўнага правапарушэння, якое быццам бы здзейсніў Ліпковіч і ад якога быццам бы пацярпеў Чаргінец. Справы падобнага кшталту не вельмі распаўсюджаныя ў нас, але па сваім змесце гэты выпадак мне падаецца ілюстратыўным. Апроч таго, значнасць постацяў абумовіла грамадскую ўвагу да гэтага працэсу.

"Пацярпелы"... Лепшы тэрмін які падыходзіць да вызначэння гэтай постаці – “літаратурны генерал”. І сапраўды, калі ўлада вырашыла стварыць свой кішэнны саюз пісменнікаў, які быў бы лаяльнай і прыязнай для ўлады альтэрнатывай незалежнаму пісменніцкаму аб’яднанню, узначаліць яго даручылі менавіта пісменніку-дэтэкціўшчыку Чаргінцу. Акадэмік незлічоных і малавядомых “акадэміяў”, член Савета Рэспублікі, лаўрыят прэміяў, апантаны прыхільнік беларускай палітычнай мадэлі. Апроч таго, і сапраўдны генерал па званні. Прэзідыумы, прэзідыумы, прэзідыумы...

"Правапарушальнік"... “Просты беларускі блогер”. Герой славутай “бітвы за кефір”, сеціўны абаронца грамадскіх інтарэсаў. Трыксцер, адначасова заслужаны цынік і сумленне беларускага інтэрнэту. Адзін з самых актыўных удзельнікаў беларускай благасферы. А благасфера, шчыльна звязаная з сацыяльнымі сеткамі, ці не самая загадкавая рэч нашага часу, якая вабіць палітычных актывістаў і палохае дыктатараў ва ўсім свеце, не выключаючы і нашыя мясціны.

Карацей, асобы публічныя, выбітныя і знакавыя для сваіх супольнасцяў. За Ліпковічам –тысячы рускамоўных і беларускамоўных юзераў, а таксама сусветны рух у абарону свабоды слова ад абмежаванняў ў інтэрнэце. За Чаргінцом, хоць ён і выступіў у грамадзянскай якасці, уся магутнасць дзяржаўнага апарату прымусу, дзяржвыдавецтвы ды славутая вертыкаль. Сілы няроўныя і перавага, здавалася б, на карысць Чаргінца.

У гэтай спрэчцы адбіліся ўсе нюансы, звычайныя для палітычнага судовага пераследу. І адзін са сведкаў быў, відавочна, на баку абвінавачвання, не хаваючы свайго стаўлення да "правапарушальніка". Як і ў часе судовых працэсаў пасля Плошчы, гэты сведка быў наўпрост датычны да прыцягнення правапарушальніка да прадугледжанай законам адказнасці. І доказы віны былі надзіва непераканаўчымі. І ў судзе грамадзкасць відавочна падтрымлівала асобу, якая сядзела на лаве падсудных. А суддзя Ананіч, якая разглядала справу па першай інстанцыі ў Перашамайскім судзе, ужо была ўключаная ў спіс асобаў, якім Еўразвяз не будзе выдаваць візы.

Як так атрымалася, што блогер, які ў сваім прыватным дзённіку піша нешта, няхай і пра сенатара Чаргінца, здолеў прынізіць гонар і годнасць высокага патрыцыя? Я бачу ў гэтым той механізм , што дзейнічаў у легендарным і літаратурна апісаным выпадку Моцарта і Сальеры. З аднаго боку – пісменнік, чые творы выдаюцца шматтысячнымі тыражамі, які кіруе ўсімі пісменнікамі, але якога мала хто ўспрымае як сур’ёзнага аўтара з-за твораў накшталт “Тайна овального кабинета”. З другога боку — блогер, які прынізіў пісменніка менавіта тым, што ягоны блог чытальны і папулярны, а кнігі пісменніка сумнымі штабелямі пыляцца на паліцах дзяржаўных кнігарняў. Так што рухае ініцыятарам гэтага судовага працэсу простая банальная рэўнасць.

Чаргінец бачыць, што нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і пагрозы ўдзельнікам благасферы і сацыяльных сетак, чытаюць усё ж блогі і сацыяльныя сеткі, чытаюць апантана як Ліпковіча, так і Ананімуса. І калі немагчыма пакуль запалохаць гэтага Ананімуса, то трэба хаця б “наехаць” на Ліпковіча, да якога проста дацягнуцца.

Дык вось і беларуская ўлада ў цэлым бачыць, што не любяць яе грамадзяне. Нелюбоў гэтая падцвердзілася і падчас сацыяльна-эканамічнага крызісу, які паступова пераходзіць у харчовы. І помсціць улада: Брузгі, дэвальвацыя, вар’яцкія забароны на абарот тавараў, даляраў не знайсці, а некаторыя тавары прадаюцца выключна за даляры.

Калі канфлікт на Плошчы быў канфліктам светапоглядным, палітычным, і яго можна было б абмяркоўваць у тэрмінах партыйных ідэялогіяў, дзяржаўнай ідэялогіі, “каляровых рэвалюцыяў” альбо праграмаў дэмакратызацыі, то той канфлікт, што саспявае ў грамадстве, цяпер, мае іншую канструкцыю. Гэта канфлікт псіхалагічны, у нечым ірацыянальны, і ён можа быць апісаны ў тых тэрмінах, якімі ў свой час палітолагі тлумачылі імклівы ўзлёт зоркі дзеючага прэзідэнта. Тады, у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, папулярны палітык-харызматык карыстаўся народнай любоўю з боку пераважнай часткі беларусаў.

Мінулай зімой стала зразумела, што беларускі народ за гэтую ўладу больш не галасуе. А цяперашнім летам стала відавочна, што народ за яе не толькі не галасуе, але і не любіць яе больш. Якая трагедыя!

Ёсьць падставы моцна задумацца для тых людзей, якія займаюць цяпер дзяржаўныя кабінеты.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

Оценить материал:
Средний балл - 4.73 (всего оценок: 33)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • А кто у Кастусёва сейчас хозяин?