Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Дзермант. ЭТНАСФЕРА. Вяртанне этнічных багоў

 

Аляксей Дзермант

Аляксей Дзермант. Філосаф, этнакультуролаг. Нарадзіўся ў 1979 годзе. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аспірантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі, выкладаў гісторыю палітычных ідэй Беларусі ў ЕГУ. Сябра Цэнтру этнакасмалогіі «KRYŬJA», рэдактар альманаху «DRUVIS». Сфера навуковых зацікаўленняў — беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму.

Свет абляцела навіна пра ўнікальную знаходку на поўначы нашай краіны паганскага стода, які цудам перахаваўся ў водах Дрысы. Навукоўцы яшчэ будуць высвятляць час яго стварэння і тое, з ушанаванням якога боства ён быў звязаны.

Але ўвагу прыцягвае не толькі тое, што стод выдатна захаваўся, мабыць, не праз адно стагоддзе, ды сама архаічная выява. З’яўленне стода нібы пазначае, што старыя багі вяртаюцца. Што хаваецца ў іх абліччы – пагрозлівы твар бога вайны або дакорлівы позірк апякуна нашага роду, які ўзнік менавіта цяпер, каб пра нешта папярэдзіць?

Слушны адказ цяжка знайсці, але пэўна адно – вяртанне багоў сапраўды пачалося. У Еўропе зварот да паганскай спадчыны і рост колькасці язычніцкіх суполак становіцца ўсё больш заўважнай з’явай. Хрысціянства, страціўшы былую энергію і давер вернікаў перажывае не лепшыя часы, а святое месца, як вядома, пустым не бывае. З аднаго боку, імкліва пашыраецца яго агрэсіўны монатэістычны “брат” – іслам, а з іншага, - з-пад руінаў збяднелай духоўнасці прабіваюцца парасткі таго, што заўсёды жыло ў душы еўрапейцаў. Пракаветная этнічная традыцыя, дзядоўская вера, паганства, язычніцтва. Зрэшты, і хрысціянства прыжылося ў нас ці не таму, што яно прыстасавалася да тутэйшых рэалій, стаўшы напалову язычніцкім.

Але, відаць па ўсім, час кампрамісу сыйшоў, хрысціянскія цэрквы сёння не могуць або не хочуць зноў стаць апірышчам і стрыжнем нашай культуры і цывілізацыі. Новыя імпульсы жыццёвай энергіі еўрапейскае хрысціянства можа атрымаць толькі з вечна жывых паганскіх крыніцаў. Гэтак было і раней, калі схаластычная тэалогія і няўцямныя рытуалы ператварылася ў яскравы феномен, увабраўшы антычную спадчыну і мясцовыя традыцыі еўрапейскіх народаў. Толькі ці хопіць мужнасці прызнаць гэта тым, хто заўсёды прэтэндаваў на выключнае права валодання ісцінай і адзіна праўдзівай верай?

Як бы там ні было, але нашая ўласная гісторыя і традыцыя сведчаць, што язычніцтва і хрысціянства могуць нармальна суіснаваць разам. Таму зусім не дзіўна, што літоўцы – нашыя сукрэвічы і пабрацімы па ВКЛ – знаходзяцца ў авангардзе паганскага адраджэння ў Еўропе. Язычніцкая спадчына там ёсць адным з падставовых элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці ды займае вельмі прыкметнае месца, асабліва ў культурным абсягу: музыцы, літаратуры, мастацтве. Таксама ў Літве існуе афіцыйна прызнаная дзяржавай грамада старабалцкай рэлігіі – Рамува, якая праводзіць абрады на асноўныя каляндарныя святы і асабовыя падзеі (наданне імя, вяселле, пахаванне). Апрача гэтага, Рамува ёсць асяродкам і рухавіком Еўрапейскага Кангрэса Этнічных Рэлігій, які аб’ядноўвае прыхільнікаў язычніцтва з усяго кантыненту.

А што можна сказаць наконт Беларусі? На нашых жа землях і хросту афіцыйнага не было, ды й этнічна і гістарычна мы вельмі блізкія да літоўцаў. На жаль, ні пра якое легальнае прызнанне з боку сучаснай беларускай дзяржавы ва ўмовах фактычнага канкардату з праваслаўнай царквой проста не можа ісці гаворкі. Калі ў Літве дзяржава сама апякуецца язычніцкай спадчынай і культывуе яе нават на афіцыйным узроўні, то ў нас язычніцкія суполкі існуюць у падполлі і вельмі часта знаходзяцца пад уплывам расійскіх шавіністычных арганізацый.

Калі ўжо ёсць людзі, якім рупіць этнічная рэлігія і іх колькасць увесь час расце, то адэкватная дзяржаўная палітыка мае быць скіраваная на тое, каб гэтыя людзі, па-першае, звярталіся менавіта да сваёй традыцыі і не былі праваднікамі чужых ідэалогій, а па-другое, мелі магчымасць адкрыта арганізоўваць уласнае рэлігійнае жыццё. Нават калі гэта зараз не ўяўляецца магчымым, ёсць іншыя формы супрацы. Перадусім у сферы культуры. Прыкладам, Мінск мог бы ганарыцца тым, што ў нашым горадзе, амаль у самым цяперашнім яго цэнтры, яшчэ на пачатку XX стагоддзя дзейнічала сапраўднае язычніцкае свяцілішча! Калі б дзяржаўныя ворганы падтрымалі ініцыятыву вяртання з Музея валуноў культавага каменя “Дзед” на ранейшае месца ды рэканструкцыі свяцілішча, то яно стала б адным з самых прывабных турыстычных аб’ектаў горада.

Этнічная традыцыя, рэлігія, часам здаецца, быццам той стод, сыходзіць на дно і хаваецца ў водах забыцця, каб аднойчы вярнуцца. Каб выжыць як народ у свеце, які гатовы абрынуцца ў нас на вачах, мы павінны прыслухацца і зразумець тое, што кажуць дзядоўскія знакі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.07 (всего оценок: 31)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева