Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Дзялёжка «беларускага пірага»

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

5 студзеня 2012 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 7 “Аб некаторых пытаннях пераўтварэння рэспублiканскiх унiтарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы”. Дадзены дакумент, па сцвярджэнню прэс-службы прэзідэнта, скіраваны на прадухіленне разгрупавання акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў сярод мінарытарных акцыянераў і прыцягненне інвестыцый у ствараемыя адкрытыя акцыянерныя таварыствы. План пераўтварэння такіх рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у ААТ на 2011-2013 гады быў зацверджаны пастановай Савета міністраў № 348 ад 21 сакавіка 2011 года.

Падпісаннем указа № 7 А.Лукашэнка практычна адкрывае новы этап — этап “прыхватызацыі” яшчэ не падзеленага да гэтай пары “беларускага пірага” пад выглядам плана прыватызацыі на 2011-2013 гады. Кіраўніцтва краіны проста растаптала правы беларускага народу на права валодання доляй прадпрыемства.

На продаж выстаўляюцца не стратныя прадпрыемствы, а паспяхова дзеючыя, эканамічна значымыя для нашай краіны, з абмежаваннем права калектываў гэтых прадпрыемстваў на ўдзел у працэсе прыватызацыі. Адназначна, можна смела казаць, што на 54 прадпрыемствы, унесеныя ў спіс па абмежаванню льготнага продажу акцый членам працоўнага калектыву, ужо сёння вызначаны пакупнікі.

Пад выглядам “благавіднага паступка”, “з мэтай прыцягнення буйных інвестыцый, уваходжання беларускіх прадпрыемстваў у карпаратыўныя структуры” цынічна, нахабным спосабам адкатваецца схема дзеляжа ўласнасці беларускага народу.

З прыняццём указа № 7 становяцца зразумелымі дзеянні беларускіх уладаў і ў сельскай гаспадарцы апошнія паўтара дзесятка гадоў.

У апошнія 15 год пад выглядам пераўтварэння калгасаў і саўгасаў у больш эфектыўныя арганізацыйныя формы беларускія ўлады актыўна вядуць працу па аб’яднанню па некалькі былых гаспадарак у адну і пераводу іх у акцыянерныя таварыствы. Падобныя дзеянні беларускіх уладаў прыпадносяцца грамадзянам, пражываючым на тэрыторыі гаспадарак, як клопат аб іх дабрабыце.

Аб’яднанне некалькіх гаспадарак у адну дазваляе чыноўнікам дасягнуць толькі аднаго “эканамічнага”паказчыка — змяншэння колькасці стратных прадпрыемстваў у адпаведным рэгіёне. Але ж з далучэннем гаспадаркі да іншай у далучанай адразу ж пачынае заціхаць і жыццё. Такія вёскі падобным чынам прызначаны да вымірання. Людзі, якія раней там жылі і працавалі, пачынаюць яе пакідаць, так і не стаўшы гаспадарамі сваёй зямлі, зямлі, якая была ў свой час уласнасцю іх продкаў.

А што ж адбываецца з зямлёй?

А зямля нярэдка праз змену формы ўласнасці і аб’яднанне пераходзіць у распараджэнне ўтворанага акцыянернага таварыства, якое надалей далучаецца да прамысловага прадпрыемства або ўстановы ў выглядзе ААТ. І не заўсёды вядома, каму і колькі акцыяў гэтага прадпрыемства прыналежаць. Ёсць, відаць, далучаныя землі і ў прадпрыемстваў са спісу “54-х”. Так што новыя ўладальнікі дадзеных прадпрыемстваў у хуткім часе могуць стаць і гаспадарамі значных плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў.

Працаўнікоў калгасаў, як калісьці іх дзядоў і прадзедаў рабавалі бальшавікі праз прымусовае ўступленне ў калгас, зноўку абрабавалі. Іх калектыўная маёмасць проста безсаромна ў іх рэквізуецца. Але гэта ўжо адбываецца ў прыхаванай форме і нават звычайна праводзіцца праз галасаванне, якое нярэдка адбываецца пад прымусам у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі. Запалоханым калгаснікам нічога не застаецца, як зноўку аднагалосна падняць рукі, падобна на тое, як гэта рабілі іх дзяды і прадзеды ў 20-я і 30-я гады мінулага стагоддзя.

Як, напрыклад, гэта адбылося ў 2010 годзе з былым калгасам “1-е Мая” Шклоўскага раёну. Калгасам, які за шматгадовую гіторыю свайго існавання ніколі не быў у пазыках перад дзяржавай. Калгаснікаў “угаварылі” пагадзіцца на далучэнне да ААТ “Александрыйскае”.

Першае, што зрабілі новыя гаспадары, — гэта тое, што з былой гаспадаркі адразу ж пасля далучэння былі вывезены сотні галоў буйной рагатай жывелы, кармы, зерне, тэхніка... Вытворчыя будынкі былі разбураны. Людзі засталіся без працы ў сваёй роднай весцы і вымушаны з’язджаць адтуль або ездзіць на працу за дзесяткі кіламетраў. Ну, а “Александрыйскае” пакрыла гэтым самым усе свае хібы і недахопы перад праверкай Камітэта дзяржкантролю.

Яшчэ “мудрэй” улады паступілі ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. Там за кошт раснастайных пературбацый усе былыя калгасы, саўгасы і іншыя сельгаспрадпрыемствы ў 2008-2009 гадах былі аб’яднаны ў адно — КУСП “Краснапольскі”. Карацей кажучы — раён ператварыўся ў адну вялікую гаспадарку. Але ж, што цікава, апарат чыноўнікаў раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі быў захаваны цалкам. Падобнае аб’яднане прывяло да пагаршэння эканамічных паказчыкаў раёна. Толькі за 2009 год страты ад зніжэння якасці прадаваемага дзяржаве малака пераўзышлі паказчык гадавога фонду заработнай платы прадпрыемства... На гэтым эксперыменты ў Краснапольскім раёне не закончыліся. Працаўнікоў сяла чакаюць новыя “рэформы”. Толькі не зразумела — на чыю карысць?..

Сама сабой напрошваецца выснова — на Беларусі ў прыхаванай форме распачынаецца працэс прыватызацыі зямлі і стварэнне новага класа землеўладальнікаў — “латыфундыстаў”. Пры гэтым грамадзянам краіны навязваецца меркаванне, што зямля на вёсцы нікому непатрэбная, на ёй ніхто не хоча працаваць...

Змена дачыненняў уласнасці на зямлю павінна праходзіць праз пераўтварэнні цяперашніх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (былых калгасаў, саўгасаў) з адначасовым увядзеннем у краіне прыватнай уласнасці на зямлю ў першую чаргу для тых, хто на ёй жыве і працуе. Праз стварэнне дзяржаўнага рэзервовага зямельнага фонду, зямельнымі ўчасткамі павінны забяспечвацца прыватныя сялянскія гаспадаркі.

Партыя БНФ заўсёды адстойвала і адстойвае ідэю стварэння ў Беларусі канкурэнтназдольнай сельскай, рыбнай і лясной гаспадаркі, каб не толькі забяспечыць нашае насельніцтва ў дастатковай колькасці экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання, але і стварыць неабходны экспартны патэнцыял. Ад гэтага залежыць лёс і дабрабыт народа, палітычная стабільнасць у грамадстве. Дзеля дасягнення гэтай мэты неабходна глыбокая аграрная рэформа, у тым ліку і зямельная рэформа, з увядзеннем прыватнай уласнасці на зямлю.

Асноўная мэта зямельнай рэформы — забяспячэнне рацыянальнага выкарыстання галоўнага нацыянальнага багацця краіны — зямлі — у інтарэсах грамадзян нашай краіны. Рэформа землекарыстання і прыватызацыя зямлі павінны выключыць усялякія сацыяльныя канфлікты.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 3.78 (всего оценок: 18)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева