Мнения других авторов
- 06.04 // 18:32 Анатолий Лебедько. ПОЗИЦИЯ. Что власть и оппозиция могут делать вместе, не подавая рук друг другу? // Статья
- 06.04 // 12:55 Игорь Драко. СТРАСТИ. Исповедь националиста // Статья
- 02.04 // 12:42 Марат Афанасьев. ТАЛАКА. Энергетика — конкретные примеры провальной политики // Статья
- 01.04 // 18:57 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Облом с притопом и прихлопом // Статья
- 31.03 // 12:52 Инна Ромашевская. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Приватизация протеста // Статья
Другие Мнения этого автора
Мнение
Аляксандр Шпакоўскі. БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛІЗМ. Новы вобраз беларускай ідэі
Аляксандр Шпакоўскі. Нарадзіўся ў 1984 годзе, беларус. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя Танка па спецыяльнасці "Гісторыя і рэлігіязнаўства» (2007), юрыдычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Правазнаўства (2011). У 2007-2011 гадах працаваў на розных пасадах у дзяржаўных установах адукацыі і мясцовых выканаўчых органах улады. Дырэктар Інфармацыйна-асветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя». Удзельнік праекта «Цытадэль». Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, каардынуе грамадзянскую кампанію па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў «Антымак». Сфера інтарэсаў: геапалітыка, адукацыя, бяспека, дзяржаўная служба. |
Нядаўна беларуская дзяржава пераадолела дваццацігадовы рубеж самастойнага развіцця. Няпросты шлях, які вызначаўся роспаччу і цяжкасцямі першых гадоў незалежнасці, настальгіяй па страчанаму мінуламу і рэакцыйнымі памкненнямі эліт у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, а затым цвёрдым дзяржаўным разуменнем неабходнасці пабудовы ўласнага незалежнага гаспадарства на сучасным этапе.
Аднак тое разуменне і дагэтуль яшчэ якасна не выяўлена на канцэптуальным узроўні, тым больш і не выканана на практыцы дзяржаўніцкага будаўніцтва. Беларусь, як краіна, дагэтуль спрабуе знайсці свой вобраз, выпрацаваць уласную геапалітычную стратэгію, адмысловую мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, прымальную унутраную ідэалогію і нацыянальную ідэю.
Беларуская дзяржава: пошук вобразу
Як значнае дасягненне сённяшняга кіраўніцтва трэба адзначыць тое, што беларуская дзяржава імкнецца да правядзення самастойнай палітыкі, не збіраючыся быць сатэлітам больш важкіх краін ці яшчэ адным з “вінцікаў” глабальных геапалітычных блокаў. Вядома, Рэспубліка Беларусь не можа цалкам пазбегнуць сусветных інтэграцыйных тэндэнцый, асабліва ў галіне эканомікі, чым тлумачыцца ўдзел Беларусі ў праектах Саюзнай дзяржавы і Мытнага Звязу. Аднак гэтыя міждзяржаўныя структуры фактычна не ўплываюць на самастойнасць ўнутраннай і знешняй палітыкі нашай краіны, хаця спробы фармавання такога рода ўплыву і аказання ціску, безумоўна былі, ёсць і працягваюцца, штораз сустракаючы супраціў беларускай дзяржавы. Сусветныя транснацыянальныя эліты і моцныя дзяржавы-суседзі разглядаюць гэты працэс з некаторым здзіўленнем і нават са злосцю, бо маюць для Беларусі ўласныя схемы, дзе наша краіна і народ пазбаўлены выбара шляха развіцця, а тым больш палітычнай суб’ектнасці.
На думку каардынатараў глабальнага светапарадку, ліберальныя ўніверсаліі мусяць працаваць і на Беларусі, а ў іншым выпадку краіну чакае шалёнае цкаванне, хвалі бруду і дыскрэдытацыя вобраза. З гэтымі з’явамі зараз сутыкаецца беларуская дзяржава, аднак прапанаваць якасную супрацьвагу альбо альтэрнатыву ліберальнай прапагандзе дзяржаўны ідэалагічны апарат аказаўся няздольны. За асноўны базіс дзяржаўных распрацовак быў узяты курс на захаванне і рэінкарнацыю былой савецкай спадчыны і вельмі мала ўдзяляецца ўвагі фармаванню адэкватнай сённяшнім рэаліям ідэалогіі, адраджэнню культурніцкага і нацыянальнага чынніка ў жыцці краіны. Савецкая ідэалогія і каштоўнасці выглядаюць анахранізмам у 21-м стагоддзі і без пераасэнсавання, новых дадаткаў, новых поглядаў і канцэпцый, нягледзячы на ранейшыя поспехі і дасягненні не жыццяздольныя.
Менавіта таму, выдаткоўваючы вялікія сродкі на распрацоўку дзяржаўнай ідэалогіі і ўтрыманне чыноўнікаў з ідэалагічнай вертыкалі, беларуская дзяржава мае на выхадзе амаль ідэнтычнае заходняму спажывецкае грамадства, а контуры нацыянальнай дзяржаватворчай ідэі дагэтуль у значнай ступені не акрэслены.
Зразумела, што для супрацьстаяння знікненню ў глабальным сусветным працэсе, для забеспячэння выжывання беларускай нацыі і якаснага пераўтварэння дзяржавы павінен адбыцца нацыянальны ўздым, у аснове якога будзе палягаць актуальная мабілізацыйная ідэя, своечасова праведзеная ў масы пасіянарыямі беларускага руху.
Сучасны стан беларускага нацыяналізму характарызуецца дэградацыяй палітычных сіл, неадэкватнасцю сацыяльнаму запыту і выклікам сучаснасці.
У гэтых варунках мабілізуючым фактарам змог бы стаць беларускі нацыяналізм. Аднак той набор пасылаў, заклікаў і каштоўнасцяў, якім выглядае ідэалогія беларускага нацыяналізму на сённяшнім этапе, аб’ектыўна не адказвае выклікам, запытам і разуменню сучаснага чалавека. Трэба прызнаць, што сучасны “беларускі нацыяналізм” значна адрозніваецца ад таго разумення ідэалогіі нацыяналізму, якую прапануюць правадыры правай думкі Еўропы. Беларускі нацыяналізм спазняецца і затрымліваецца на ўзроўні першай паловы 20-га стагоддзя. Тэрміналагічны апарат беларускага нацыяналіста па-ранейшаму застаецца замкнуты ў рамках комплекса малога прыгнечанага народа: “ня быць скотам”, “людзьмі звацца” і г.д. У сучаснай інтэрпрэтацыі беларускага нацыяналізма пераважаюць жалобныя матывы, звязаныя са здекам, пакутамі, тэрытарыяльнымі стратамі, спробай даказаць уласную ідэнтычнасць і адметнасць ад другіх нацый, перш за ўсё, ад расійцаў. Такая слабая пазіцыя падмацоўваецца катэгарычным непрыманнем іншых меркаванняў, што не прыцягвае да нацыяналістаў моцных асобаў і ператварае іх у адрозную ад іншага народа секту недатыкальных.
Беларускі нацыяналізм занадта знешнеарыентаваны і засяроджаны не на ўнутраных чынніках, а на пошуках знешніх ворагаў ці прыяцеляў - ідэя мае яскрава выражаны антырускі і адначасова празаходні характар. Гэта выклікана тым, што фармаванне беларускага нацыяналізму як сістэмы поглядаў і каштоўнасцяў адбывалася ў вельмі варожых умовах у супрацьстаянні з шавіністычнымі вялікарускімі і вялікапольскімі ідэямі, дзе беларускі нацыяналізм, які толькі набіраў сілу і быў малапапулярны ў шырокіх колах грамадства, заўжды знаходзіўся ў паразніцкай пазіцыі. Неабходнасць падрыву ладу Расійскай імперыі змусіла заходнія краіны падтрымліваць сепаратныя нацыяналістычныя рухі, а няўдалая, арыентаваная выключна на падаўленне, нацыянальная палітыка расійскіх уладаў надоўга вызначыла антырускую скіраванасць большасці нацыянальных праектаў на абшарах былой імперыі.
Падобная інтэрпрэтацыя беларускага нацыяналізму як цярністага шляху барацьбы, пакутаў і ахвяр, здеку і нянавісці да больш удалых суседзяў з Усходу, разам з прыязнасцю і нібыта прыналежнасцю беларусаў да заходняй цывілізацыі былі зразумелыя і актуальныя на пачатку мінулага стагоддзя, бо дыктаваліся тады рэаліямі палітычнага жыцця. Новы нацыянальны праект, што фармаваўся ў няпростых умовах, шукаў сабе як саюзнікаў, так і ворагаў, што патрэбны ў якасці мабілізацыйнага фактару. Падначаленаму становішчу беларускага народа адпавядалі і нацыяналістычная міфатворчасць, звязаная з барацьбой маладой нацыі за свабоду, і нацыяналістычны ахвярны пантэон герояў.
Створаная заснавальнікамі БНР і пакаленнем беларускіх нацыяналістаў часоў другой Сусветнай Вайны нацыянальная ідэя была дапрацавана напрыканцы 1980-х гадоў з улікам тагачасных рэалій Зянонам Пазьняком і яго паплечнікамі з Беларускага Народнага Фронту і ў сукупнасці з іншымі фактарамі дала свой плён у якасці абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе.
Але далейшага развіцця беларускі нацыяналізм не атрымаў, стаўшыся неадпаведным тагачаснаму грамадскаму запыту, што і стала асноўнай прычынай паразы Пазьняка на першых прэзідэнцкіх выбарах 1994-га году. Пасля адыходу лідара БНФ ад актыўнай палітычнай дзейнасці беларускі нацыяналізм як ідэалогія фактычна не развіваўся, так і застаўшыся на ўзроўні даваенных тэзісаў і спадчыны Пазняка.
Сучасныя сусветныя варункі і сучаснае становішча беларускай нацыі, якая больш за 20 год таму займела ўласную незалежную дзяржаву, вымагае іншых падыходаў і ідэй, іншага вобразу нацыяналізму. Аднак патрэбна канстатаваць, што палітычныя сілы, якія вызнаюць сябе за нацыянальныя, не развіваюцца, а, наадварот, дэградуюць: замест упарадкавання і прасоўвання ўласных ідэй прымаюць ў якасці базавых неаліберальныя каштоўнасці, уступаюць у хаўрусы з прадстаўнікамі супрацьлеглых варожых ідэалогій. У сучасных беларускіх умовах фактычнай прыкметай прыналежнасці да кагорты беларускіх нацыяналістаў выступае не палітыка-этычная пазіцыя асобы, а моўны фактар, які далёка не заўсёды азначае ідэалагічную ідэнтычнасць носьбіта да правай ідэі.
Нацыяналістычныя партыі дазволілі сябе зацягнуць у путы ліберальнай палітычнай стратэгіі, стаўшыся марыянеткамі у руках замежных структураў. Прычым прага замежнікаў і лібералаў да дэмантажа беларускай дзяржавы, атрымання кантроля над яе эканомікай, рэсурсамі, знешняй і ўнутранай палітыкай зразумелыя і тлумачацца згодна з глабальнай ідэалогіяй светаўладкавання. Прысутнасць на гэтым баку нацыяналістаў цалкам алагічная і абсалютна не адпавядае сэнсу здаровай нацыяналістычнай пазіцыі.
Важкім хібам сучаснага нацыяналізму з’яўляецца яго антыдзяржаўная скіраванасць. Пазіцыя “чым горш, тым лепш” ператварае сілы, што называюць сябе нацыяналістамі, ў звычайных здрайцаў, якія выступаюць супраць уласнага народу, ці пакрыўджаных дысідэнтаў, якім няма месца ў грамадстве, бо яны супрацьпастаўляюць сябе яму. Такая пазіцыя нагадвае палітычнае самагубства і з’яўляецца непрымальнай для любога палітыка, што імкнецца да атрымання электаральнай папулярнасці і прагне ўлады. А тым больш падобны бальшавіцкі падыход непрымальны для нацыяналістаў, што апелююць да каштоўнасцяў Нацыі, перавагі грамадскага калектыўнага інтарэсу над асабістым. Для нацыяналіста відавочна, што любая, нават слабая і някасная, дзяржава лепш, чым яе адсутнасць, таму змаганне нацыяналістаў ва ўсім свеце скіравана не на разбурэнне дзяржаўнай сістэмы, а на якаснаю змену яе вобраза і сутнасці. Іншая пазіцыя супярэчыць самой сутнасці ідэі нацыяналізму.
Паводле вышэйазначаных тэзісаў, відавочна, што сучасны беларускі нацыяналізм спазняецца ў сваім развіцці, сённяшняя палітычная пазіцыя арганізацый, што дэкларуюць сябе як нацыяналістычныя, далёкая ад разумення ідэі нацыяналізму. Больш таго, гэтыя структуры зараз з’яўляюцца часткай варожага ліберальнага лагеру і карыстаюцца азначэннем нацыяналістаў для падману насельніцтва і ўтрымання некаторай часткі электарату.
Беларускі нацыяналізм вымагае іншага развіцця, новых інтэлектуальных высілкаў, пераасэнсавання дыскурса, прывядзення беларускай правай ідэі ў суадносіны з еўрапейскімі рэаліямі і сучаснымі тэорыямі. Беларускі нацыяналізм у яго новай інтэрпрэтацыі мусіць стаць аб’ядноўваючым фактарам, элементам нацыянальнай мабілізацыі і такім чынам паслужыць беларускай дзяржаве.
Новыя контуры нацыянальнай ідэі
Сапраўдны нацыяналізм і дзяржава звязаныя неразрыўна, бо ўсе поспехі дзяржавы: эканамічныя, спартовыя, геапалітычныя і інш., з’яўляюцца ўласнасцю не тых ці іншых кіраўнікоў, але беларускай НАЦЫІ, і гэтыя здабыткі могуць удала выкарыстоўвацца ў прапагандзе ідэй нацыяналізму альбо будучым нацыяналістычным Урадам.
Нацыяналіст можа і павінен змагацца за атрыманне палітычнай ўлады, і той вобраз дзяржавы і грамадства, які вынікае з яго ідэалагічных пераканняў, аднак гэтае змаганне не можа быць на шкоду ўласнаму гаспадарству, толькі на карысць. Першаснай задачай беларускіх нацыяналістаў павінна стаць культурнае пераўтварэнне грамадства на духоўнай аснове. Служэнне дзяржаўнасці, перавага грамадскага над асабістым, этычнасць, дысцыпліна - вось тыя фактары, на якіх мусяць засяродзіць увагу нацыяналісты.
Беларускі нацыяналізм не павінен быць заснаваны на адных ахвярах, барацьбе і пакутах. Гэты час мінуў разам з Рэччу Паспалітай, Расійскай імперыяй, Савецкім Саюзам. Час знаходжання ў складзе іншых шматнацыянальных дзяржаў нацыяналісты мусяць разглядаць не толькі як перыяд змагання нашага народа за волю, але і як перыяд развіцця беларускае нацыі, што набіралася досведу і моцы для стварэння ўласнага праекту. Нацыяналізм беларусаў павінен складацца з велічы мінулага і былых перамог, сённяшняга патрыятызму і гонару сучаснымі дасягненнямі, ўзнёслых памкненняў да стварэння будучыні.
Беларускі нацыяналізм не мусіць быць варожы нашым еўрапейскім суседзям і іншым народам. Сучасныя выклікі бяспецы еўрапейскай цывілізацыі, існаванню белых народаў вымушаюць нацыяналістаў яднацца. Гісторыю трэба памятаць, але будаваць на памылках і падзеях сівой даўніны сучасныя міжнародныя адносіны немэтазгодна. Еўрапейскі нацыяналіст з’яўляецца пабрацімам беларускаму нацыяналісту, а еўрапеец - кроўны родзіч беларусу. Беларускі нацыяналізм не мусіць быць эгаістычным, бо акапацца ў нацыянальным гародчыку, пакуль навокал бушуе бура, ўсё адно не атрымаецца. Беларускі нацыяналізм павінен ставіць перад сабой наднацыянальныя цывілізацыйныя мэты, усведамляць сябе як генератара агульнаеўрапейскіх працэсаў, быць аўтэнтычнай часткай агульнага правага руху.
Галоўнымі ворагамі сучаснага нацыяналіста з’яўляюцца не суседзі-еўрапейцы, не рускія людзі і не замежнікі з далёкіх краінаў, а прадстаўнікі ліберальнай таталітарнай ідэалогіі, што імкліва цягне нашу планету ў багну рэгрэсу, імкнучыся пазбавіць яе выбітных яркіх фарбаў нацыянальных культур. Непрыяцелямі нацыяналізму таксама з’яўляюцца лявацкія радыкалы і шавіністы, што сваімі падманлівымі ідэямі аддцягваюць здаровыя сілы грамадстваў ад барацьбы за планетарны прагрэс і развіццё чалавецтва .
Гэтыя мае тэзы не прэтэндуюць на ролю абсалютнай аксіёмы, я гатовы пачуць як прапановы па аптымізацыі, так і канструктыўную крытыку маіх думак. Гэтым артыкулам адкрываю пляцоўку для дыскусіі па разуменні сучаснага беларускага нацыяналізму, яго будучыні, грамадскай ролі і карысці ў дзяржаўным развіцці. Разам з калегамі мы абавязкова працягнем працу над фармаваннем новага якаснага вобразу і стылю беларускай нацыянальнай ідэі, што мусіць і абавязкова зойме сваё адпаведнае значнае месца ў правым руху Еўропы.
Последние Комментарии