Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алесь Мікус. АРХЕТЫПЫ. Сацыял-нацыяналізм

 

Алесь Мікус. Нарадзіўся ў 1982 годзе. З адукацыі псіхолаг. Музыка, заснавальнік гурта “Крывакрыж”. Перакладчык з літоўскай мовы.

У прыбалтыйскіх краінах ужо каторы год вясна пачынаецца не з прылёту птушак, а з маршаў нацыянал-радыкалаў. 11 сакавіка ў Вільні прайшло шэсце пад лозунгам “Літва для літоўцаў”, 16 сакавіка ў Рызе — шэсце ўшанавальнікаў ветэранаў паднямецкага Латышскага легіёну.

Так сталася, што ў сваім часе я меў прыяцельскія сустрэчы з абодвума арганізатарамі гэтых шэсцяў — з літоўскага і латышскага боку. Кіраўнік “Літоўскага саюзу нацыяналістычнай моладзіМарус Кундротас, памятаю, спяваў уласныя песні пад гітару (у іх часта паўтаралася слова “справядлівасць” — teisingumas), шукаў праз інтэрнэт працу, потым ён з жонкай сеў глядзець Twin Peaks, паеўшы мяса. З кіраўніком партыі “Ўсё для ЛатвііРайвісам Дзінтарсам, было, бегалі ранкам прабежку па лесе, стралялі з пнеўматыкі ў сцяну суседняга лецішча, на мосце праз Гаўю ён узяўся па-паліталагічнаму тлумачыць гістарычны нямецкі NS.

Хацелася б сказаць пра ўражанне ад шэсцяў усходнееўрапейскіх нацыяналістаў. Гэтыя шэсці поўныя слоў (і напісаных, і выгуканых) пра гонар за зямлю свайго паходжання, за народ, з якога паходзяць (літоўская расцяжка: “Ганаруся, што я літовец”). Гэтая каштоўнасць — родная тэрыторыя, родная папуляцыя — бароніцца: “Літва — для літоўцаў”, “Латвія — для латышоў”… А тым часам па праўдзе найбольш актыўная і мабільная моладзь што з Літвы, што з Латвіі — з’ехаўшы, і толькі шле грашовыя пераказы. Прамысловасці і гаспадаркі ў абедзвюх краінах — вобмаль, працы для маладых таксама.

Тады хто застаўся? З моладзі? Напрошваецца, а часта і агучваецца выснова — тыя, хто менш смелы, хто па-падлеткаваму чапляецца за “матчын хвартух” (Айчына — як маці), не наважваецца рынуць у новае, сцеражэцца пераменаў у сабе, не прымае выклікаў сучаснасці. Нібыта нейкая зусім немужчынская пазіцыя, недарослая.

Але магчымы і іншы погляд, іншая ацэнка. Каб яе зразумець, трэба звярнуць увагу на адну з’яву. Маю на ўвазе нейкі цэнтраімклівы вір, што ўвагу ўсяго сучаснага і прагрэсіўнага чалавецтва неяк па-сугестыўнаму скіроўвае ў “цэнтр” — Заходнюю Еўропу (альбо, калі шырэй, гэта і ЗША датычыцца). Такім цэнтрам ёсць, здаецца, не ўся Заходняя Еўропа, а, скажам, Брытанія, Бельгія, Галандыя (называю з суб’ектыўных меркаванняў). Лондан, Брусэль.

Такім чынам, цэнтр — ён там, а перыферыя — тут. Цэнтр вабіць і прыцягвае, і ўжо сама прысутнасць у ім надае сэнс існаванню. У цэнтры ёсць усё — грошы, мода, праца, рэалізацыя, датычнасць да сапраўдных “касмічных зрухаў”. Туды і перапампоўваецца ўсё з перыферыі. Па праўдзе гэта нейкая надзвычай рэпрэсіўная структура — яна высмоктвае з перыферыі ўсё і запампоўвае ў сховішчы цэнтра.

Тады хто застаецца на перыферыі? Старыя-нямоглыя-нягнуткія. Бязвольныя і апатычныя. Але ёсць і трэцяя група (чаму не?) — тыя, каму гэта не падабаецца, можа не падабацца. У кім усё ж неяк зачапілася такое паняцце, як “сваё”, разуменне свайго (вядома, гэта рэч даволі высокага парадку, сёння нямодная, з якой пакепліваюць, але гэта не скасоўвае таго, што яна можа існаваць і, відаць, пагэтуль існуе).

І гэткія бачаць, што грошы, праца і ўвогуле радасць ад “існавання тут” — некуды выцекла, выпампавалася, знікла (даводзілася чытаць артыкулы кшталту “Чаму ў Літве жыць нярадасна”). І яны аказаліся маргіналамі, тыя, хто хочуць жыць там, дзе нарадзіліся. Бо не з’ехалі, не кінуліся ў новы, цяперашні “цэнтр” па грошы і сучасную радасць жыцця.

Вось прыкладна гэткаю мне бачыцца магчымая (магчымая!) матывацыя ўсіх гэтых шэсцяў. Наўрад ці гэтых маршоўцаў выводзіць нейкі асаблівы гонар за сваю радзіму, які распірае іх і змушае выходзіць паказаць сябе і сваю моц (які ж тут, даруйце, гонар, калі найактыўнейшыя, самыя “альфовыя” пагарджаюць гэтай радзімай), наўрад ці — адчуванне небяспекі з боку суседзяў (вобраз ворага, вядома ж, малююць, куды ж без яго — палякі ў Літве, расійцы ў Латвіі), наўрад ці іх неяк па-асабліваму натхняе велічная гісторыя (сёння яна ўжо, відаць, па-сапраўднаму нікога не можа натхніць).

Цяперашні нацыяналістычны рух гэтай часткі Ўсходняй Еўропы — сацыяльны, вось што. Ён пра соцыум, пра грамадства, пра становішча ў гэтым грамадстве, пра месца канкрэтна літоўскага і латышскага грамадстваў у больш шырокім грамадстве — скажам так, еўрапейскім ці нават глабальным. Месца перыферыі, месца, дазвольце сказаць, нязначных прусачкоў па завуголлях. Пратэст супраць такога, дазвольце сказаць, светапарадку (хутчэй ментальнага) і хаваецца за лозунгамі кшталту “Літва для літоўцаў” або словамі ўшанавання ветэранаў-легіянераў. Гэта вельмі важны момант што да матывацыі, якая lies behind.

Пашчасціла, што можна прывесці мастацкі прыклад у якасці падмацавання таму сказанаму вышэй. Маю на ўвазе нядаўні паспяховы і своечасовы ўкраінскі музычны праект С.Вакарчука — “Брусэль”. Знакаміты сваёй вытанчанай іроніяй ды асаблівай чуйнасцю да высокіх матэрый (дагэтуль быў толькі нацыянальны, хоць і ўсеўкраінскі ўзровень), Вакарчук выдаў матэрыял, які як найлепш ілюструе гэтае ірацыянальнае імкненне сучаснага чалавека, еўрапейца, усходнееўрапейца — туды, у “цэнтр”, на Захад Еўропы, канкрэтна ў Брусэль. Гэта цэласны праект, вельмі сучасны, па-сапраўднаму іранічны (так па-англійску нават, па-арыстакратычнаму) і моцны сваёй дарэчнасцю. І парадак песень мае сэнс. Калі перш пяецца “take me high, my airplane”, дык прыканцы “вам не чути власних слів”. Калі хто хоча лепш праняцца выкладзеным тут ладам думак, слухаць “Брусэль” абавязкова.

Нарэшце пра беларусаў. У нас, як і кажуць, свой шлях. Наш Брусэль — Масква. Нашы погляды — туды. Туды, як у старажытнасці героі ў непралазныя гушчары, сыходзяць тыя, хто хоча на радзіму вярнуцца ініцыяваным і героем. Там заканадаўцы нашых модаў, там разумнейшыя, дасціпнейшыя, весялейшыя і больш разняволеныя, багацейшыя старэйшыя нашы браты. Туды з’язджаюць пасля адставак нашы найвышэйшыя службоўцы. Там працуюць нашы працоўныя рукі, дасылаючы сюды пераказы. Туды едуць “пакараць Маскву” (дарэчы, які двухсэнсоўны беларуска-трасянкавы моўны казус!) нашы музыкі, уключна з “нашым усім” — “Ляпісамі”. Што ў нас найноўшае, тое такім было ў Маскве колькі год таму.

Але мы ў выгаднейшым становішчы, чым літоўцы, латышы ці ўкраінцы (а ўсе мы разам, калі на тое пайшло, у сучаснай карціне ёсць буфернымі нацыямі на еўрапейска-расійскім памежжы). Беларусы — гэта рускія са знакам якасці. Гэта тое самае, калі б літоўцы маглі б сказаць, што яны — бельгійцы, але яшчэ і са знакам якасці. Або ўкраінцы — што яны англічане, але больш англічаністыя за саміх англічан. Не могуць. А мы, беларусы, вось жа ж можам. Мы ў больш выгодным становішчы. Выключна з гэтага гледжання. Наш “цэнтр” — бліжэйшы, мы да яго бліжэйшыя. Мы ўжо амаль з ім зліліся, дзяржаўнай мяжы няма. Дый, збольшага, любіць ён нас, дурніц і гаротніц, гэты “цэнтр”, спансуе, прыкрывае. А як ставіцца Брусэль да Ўкраіны, Літвы, Латвіі? Параўналі?

Мабыць, таму ў нас сацыял-нацыяналізмам не пахне. Бо, калі казаць архаічнымі паняццямі, жывем амаль у раі, так блізка да раю, што ў нас нават лепш, чым у тым раі (рай са знакам якасці).

Усё гэта — наступствы таго, што дзе больш фінансавай і палітычнай улады, там сёння і Цэнтр. (Таму не мелі б Масквы — мелі б Брусэль ды сацыял-нацыяналізм пад вокнамі.) Раней цэнтр быў для кожнай сельскай акругі свой (камень/крыніца, пазней бажніца). Але сёння вам не раней. У нас, як пісаў, здаецца, у 1934 годзе паэт Тодар Кляшторны, — “Наш кірунак дарог на Маскву, / Як і ўсіх пролетарскіх дарог”.

Ну, а ў якіх літоўцаў кірунак дарог на Брусэль. І, даруйце, розніцы?.. Адно што ў іх “калектыўнага неўратызму” паболей, у тых, хто на Брусэль, бо адлегласць і ступень блізкасці далейшыя.

Але ёсць і ў Беларусі тыя, хто выступае супраць “раю недзе там” і за тое, каб “рай” усё ж, як і даўней, быў тут. Гэткіх нашмат менш, але прырода іх супраціву — такая ж, як і ў Літве, Латвіі, Украіне. Проста з-за маштабу (ды таго славутага “асаблівага беларускага шляху”) часам гэта можа быць не так бачна.

Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения».

Оценить материал:
Средний балл - 3.72 (всего оценок: 29)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • о как, Беларусский "здоровый патриотизм без национализма" похож на "социально-ориентированное" экономическое чудо. Одни и те же клоуны свой "велосипед" изобретают...
  • Эта статья - это неумелая попытка сместить ориентиры и смешать здоровый патриотизм с национализмом, который граничит с нацизмом. Литва для Литовцев - это лозунг ненависти и ксенофобии. Кому она Ваша Литва-Латвия-Россия-Занзибар нужны. Это злость от фрустрации, от того, что образования в ПТУ, которое получили организаторы и участники шествия не хватает для реализации чрезмерного ЭГО.
  • Автор пишет:Але ёсць і ў Беларусі тыя, хто выступае супраць “раю недзе там” і за тое, каб “рай” усё ж, як і даўней, быў тут. И кали гэта, РАЙ дауней, тут быу?