Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. Будзьма цмокамі!

 

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005),“дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.

Вы, вядома, чулі, што ў Лепелі адкрылі помнік Цмоку? Сітуацыя для Беларусі фантыстычная. Краязнаўца Валацуга (Уладзімір) Шушкевіч захапіўся гэтай ідэяй, бо Лепельскага Цмока ўславіў яшчэ вялікі Караткевіч, ды і ўвогуле гэта вельмі вядомая легенда.

Вольга Маханенка, якая кіруе ў Беларусі праграмай Еўразвязу “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце” падтрымала ідэю – і ў выніку быў вылучаны грант на 3000 еўра, што пайшло на аплату працы скульптара і неабходныя матэрыялы. Лепельскі райвыканкам вылучыў 100 мільёнаў рублёў уласна на адліўку скульптуры. І вось вам цуд – на беразе Лепельскага возера зьявіўся Цмок!

Колькі было крыкаў з гэтае нагоды!.. Праваслаўная царква вішчэла, што ставяць помнік д’яблу. Ветэраны патрабавалі ўшаноўваць вартых ураджэнцаў гораду, а не цмокаў усякіх. Некаторыя казалі, што нармалёвай дзіцячай пляцоўкі ў горадзе няма – а яны помнік Цмоку ставяць!

Што, вы думаеце, зрабілі лепельскія ўлады? Дзіцячую пляцоўку! Якую ўрачыста адкрылі на Дзень горада. І тым часам не адмовіліся ад ідэі адкрыць помнік Цмоку.

…Сам я падсеў на тэму цмокаў з год таму. Кампанія “Будзьма беларусамі!” (budzma.org) вырашыла вярнуць незаслужана забытага казачна-міфалагічнага цмока у сучасны кантэкст. І зрабіць яго, поруч з зубром і буслам, нашым турыстычным сімвалам. Хоць бы на ўзор Лох-Нэскага чудзішча!

Калі вы думаеце, што гэта ўсё бздура, якую мы самі сабе выдумалі, то не. Напрыклад, доктар тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая налічыла ажно 9 відаў беларускіх цмокаў, у тым ліку адну “цмачыху”! А дасьледчык з Гомелю Андрэй Скідан нават паведаміў, што ў Статуце ВКЛ быў артыкул “У абарону цмокаў”!

Я доўга думаў сам для сябе, што гэта за ён – Цмок?

Падказку даў адзін мілы дзед зь вёскі Гогалеўка пад Новалукомлем. Побач зь іх вёскай ляжыць у лесе Зьмееў камень, які менавіта пад такой назвай унесены ў дзяржаўны Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Валун – адзін з самых вялікіх у краіне: 12 метраў у даўжыню, 4,5 у вышыню. І гэта тое, што над зямлёй.

Дык вось, той дзед на пытанне “а якая ў вас тут легенда з Цмокам зьвязаная?” ажно пакрыўдзіўся: “Якая легенда?! Мой бацька таго Цмока яшчэ добра памятаў!” Дзед быў цьвярозы і казаў на поўным сур’ёзе!

Ён апавёў, што ў тым валуне жыў асілак, якога звалі Цмокам (Зьмеем). Які меў вала, апрацоўваў зямлю, збудаваў хлявы і лазьню. Але калі пагражала небясьпека, то абарочваўся цераз сябе, у яго вырасталі крылы – і зьяўлялася неверагодная моц.

Падумалася: вось ён, беларус маёй мары! Ня проста рахманы і памяркоўны. А здольны даць адпор пры патрэбе! Такі, якімі былі нашыя продкі – героі паўстаньня Каліноўскага, героі Аршанскай бітвы і Грунвальду!..

…У пошуках Цмока мы з фатографам Аляксандрам “Таранцінам” Ждановічам аб’ехалі за гэта лета больш за 7000 кіламетраў. Знайшлі адзіную ў Беларусі пячору на беразе возера Гінькава. Пабачылі на свае вочы зуб беларускага маманта вагою 4 кілаграмы. Пабывалі ў пахавальні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Засьпелі за сьняданкам статак у 57 зуброў. Даведаліся, хто раскалоў адзін з самых здаровых беларускіх валуноў. Паспрабавалі ўлезьці ў 5000-гадовыя шахты пад Ваўкавыскам.

Ці знайшлі мы Цмока? Прагледзьце рэпартажы і памяркуйце самі.

А яшчэ лепей – знайдзіце час і павандруйце. Пабачце, колькі ў нас усяго вартага і цікавага! І, магчыма, стоячы на мінус другім падземным паверсе палаца Сапегаў у Ружанах, вы адчуеце, што цмок недзе побач. І пачнеце шукаць яго ў сабе.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.82 (всего оценок: 27)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева