Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алена Германовіч. МЫ-Я-ЯНЫ-ВЫ. Рыба, спроба смерці і анемічнасць публікі

 

 

Алена Германовіч

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Я — хрысціянка. Па дакументах. Па пасведчанню пра хрост, шлюб і канфірмацыю. Таму я люблю грошы, на якіх напісана In Good We Trust колеру жыцця (зялёнага, натуральна). Зялёны колер, па псіхалогіі, супакойвае нервовую сістэму, здымае галаўны боль, стомленасць і раздражняльнасць. Гэта працуе! Калі ў кашальку ёсць грошы зялёнага колеру і з надпісам пра Бога — гэта сапраўды здымае галаўны боль, і паляпшае агульны тонус, падвышае імунітэт і імпэт.

А яшчэ я люблю рыбу. Таму што рыба — сімвал хрысціянства. І першыя вучні Езуса былі рыбакамі, і сам Ён таксама аднойчы частаваў іх рыбай, смажанай на вогнішчы. Неверагодна, праўда!

Але я не пра тое. Я пра рыбу. Я люблю чырвоную рыбу, бо яна вельмі карысная і ўтрымлівае нейкія тлустыя кіслоты Амега-3. Ад тых тлустых кіслот, дарэчы, якраз-такі і не тлусцеюць. І Амега-3 — прыемная назва. Альфа і Амега. Пачатак — канец. У мяне са спробай здабыць сабе Амега-3 тлустыя кіслоты вось якраз ледзь канец і не здарыўся.

А было яно так.

Пайшла я ў краму. Вырашыўшы прыдбаць сабе на вечар тлустых кіслот Амега-3, якія ўтрымлівае рыба фарэль (наўрад ці яна іх утрымлівае, вырашчаная на камбікорме ў садках, але сам сябе не падманеш — дык каму тады верыць?). Канечне, чакана і натуральна, што ў рыбным аддзеле ніхто мяне не чакаў. Бо супрацоўнікі супермаркету занятыя звычайна больш важнымі справамі, чым стаяць за прылаўкам і пытацца, як папугай: «Што вам? Што вам? Колькі?». Няма чаго ім больш рабіць у пятніцу вечарам.

Памаячыўшы каля прылаўка, безнадзейна спрабуючы ўхапіць за сінія халаты прадаўцоў, што імкліва праносіліся паўз мяне туды-сюды з заклапочаным выглядам твару, я вырашыла прагуляцца па краме, ацаніць, так бы мовіць, асартымент, і праз паўгадзіны вярнуцца за рыбай.

Медытатыўна выпіўшы кавы ў кафетэрыі (пяць тысяч), мужна вытрымаўшы націск сына, які вымагаў грошы на пірожнае (Нельга! Яны шкодныя! Гэта ж вугляводы! Ад іх вугры будуць!Ты будзеш непрыгожы!), я зноў рушыла ў паход за рыбай. Натуральна, за гэты час там ніхто не з'явіўся. Але мне спяшацца не было куды, і таму я вырашыла правесці эксперымент: вылічыць — праз які ж час ўсё-такі нехта ў сінім халаце з'явіцца за прылаўкам.

Праз 10, 15 хвілін ніхто не з'явіўся. Прыйшлі толькі два хлапцы з півам і падбітымі вачыма (у абодвух), якія хацелі кількі сушанай. Але калі мне чырвоную дарагую рыбу ніхто не хацеў прадаць, дык што казаць пра нейкую кільку? Хлапцы пачалі сварыцца і абурацца, маўляў, вечна ў гэтым аддзеле рыбы не дапрасіцца. Я ім патлумачыла, што я ўжо тут гадзіну маячу, і нічога, жывая. Яны ж мне параілі абурацца. Я не ўмею абурацца, я культурны чалавек. У мяне вочы не былі падбітыя ў той дзень, як у некаторых.

І так мы стаялі. Я і яны. Я маўчала, хлапцы крычалі, але на нас ніхто не звяртаў увагі. Прадаўцы насіліся туды-сюды, грузчыкі цягалі скрынкі, касіркі прабівалі тавары па касе, людзі набывалі малако і сасіскі.

І ў мяне нарадзілася «геніяльная» ідэя прадстаўлення — метадычнай распрацоўкі «Як звярнуць на сябе ўвагу прадаўцоў у краме». Я пачала... крычаць. «Людзі! Дапамажыце! Мне блага! Я паміраю, хачу рыбы! Ну хоць хто-небудзь! Дапамажыце!».

Як вы думаеце, якая была рэакцыя? Ніякая. Абсалютна. Нуль. Прадаўцы так і бегалі, грузчыкі так і цягалі скрынкі з півам, пакупнікі працягвалі стаяць на касах з сасіскамі. Я працягвала лямантаваць. На мяне ніхто нават і не азірнуўся. Ніхто не спачуваў. Ніхто не смяяўся. Ніхто не здзекаваўся. Ніхто нават не глянуў. Ніхто нават не пакруціў пальцам ля скроні — маўляў, з глузду з'ехала, ці што, крычыць у краме! Нуль. Толькі сын мой смяяўся. Астатнія — ні смяяліся, ні плакалі. Ні рэагавалі. Ніяк. Ніхто і вухам не павёў, і позу анемічную і адпаведны ж анемічны выраз твару не змяніў.

Грузчык, які тут жа, ля мяне парадкаваўся са скрынкамі з півам, сказаў, не зірнуўшы нават не мяне, ні заплакаўшы і не заўсміхаўшыся, без ніякай эмоцыі: «Ага. Кінуліся».

Стаміўшыся крычаць (бессэнсоўна!) я працягвала ўпарта стаяць ля прылаўка, склаўшы кампанію хлапцам з падбітымі вачамі. Яны ўжо не абураліся, а неяк медытатыўна глядзелі на сушаную кільку, неяк так безнадзейна глядзелі.

І тут прыйшла Яна. У сінім халаце. І пачала крычаць на тых хлапцоў, маўляў, ах, вы рыбу захацелі?! А хто-небудзь з вас падумаў, што я гароднінай займаюся, і мне гэта рыба не трэба 100 (сто) гадоў! А вы стаіце тут, працаваць перашкаджаеце, з вашай рыбай!

Мне яна рыбу тую не дала ў рукі. У рукі чырвоная рыба з Амега-3 не даецца, ніяк. Яна паклікала Андрэя, закрычаўшы на ўсю залю. Маўляў, Андрэй — гэта такі спецыяльны чалавек, які занясе ўжо амаль маю рыбу на касу. У яго, напэўна, такая пасада: «Даносчык рыбы на касу». Сама я несці рыбу на касу не магу, бо рыба дарагая. Я магу яе з'есці па дарозе.

Я стаяла і чакала Андрэя. Ну ён не доўга ішоў, хвілін дзесяць, не больш. Прыйшоў Андрэй, узяў тую амаль ужо маю рыбу і некуды знёс. «Э, паважаная! Дзе мне зараз шукаюць тую рыбу?!», — спалохана спыталася я ў прадаўца. «На касе!», — гыркнула яна. «А на якой касе, тут жа іх дваццаць?!», — разгубілася я. «Ідзіце за Андрэем! На якую касу ён занясе, там будзе ваша рыба!» — сказала мне тая жанчына ў сінім халаце, якая займаецца гароднінай, і вельмі рэдка — рыбай. І пайшла займацца далей. Гароднінай.

Я бегла па краме, распіхваючы пакупнікоў, спрабуючы сачыць за шырокай спіной Андрэя, які шпарка недзе крочыў, зносячы маю (ўжо амаль маю) рыбу. На сёмую касу ён яе занёс. Там, дзе большая чарга была. Самая большая.

Мараль тут такая. Не, не так. Мараль тут не адна, а некалькі. 1. Крычы-вішчы — ніхто цябе не пачуе, нідзе, ніколі. 2. Анемічнасць — гэта нацыянальнасць. 3. Усё-такі мне здаецца, што ў краме на Савецкай рыба каштавала не 65 600, а 64 300. Дарма я пайшла ў тую краму на праспекце, дарма. На Савецкай было танней на 1300 рублёў.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


 

Оценить материал:
Средний балл - 4.59 (всего оценок: 22)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Алёна, я с ... как бы выразиться точней... "С удовольствием" - не те слова... Наверное - "с пониманием". Именно с гражданским созвучным пониманием воспринимаю ваши публикации... Но тут не удержусь и покритикую. Это материал журналистки "на грани нервного срыва"... Фильм, уж не помню чей, проходил когда-то на экранах "Женщины на грани нервного срыва"... === Потерпите, Алёнушка. Скоро, неделя всего, - экстремум функции графика светового дня. Солнце начнёт прибывать, и дурацкое тёмное бессолнечное настроение неизбежно начнёт уменьшаться в размерах. Мда... Вижу, что просмотров статьи уже за полтысячи, но никто походя привета не передал... Запросто, даже походя - два пальца руки в виде буквы V... Читательское: "Мной прочитано". "Мой привет!" Действительно - преисполненная безнадёги очередь в кассу N 7... Как-то и не смешно...