Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Комплекс Саланевіча


Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў. Паэт, лідэр агульнабеларускай кампаніі “Гавары праўду!”. Кандыдат у прэзiдэнты Беларусi на выбарах 2010 года. 

Старацца казаць праўду, старацца пісаць праўду… А як бы гэта і казаць, і пісаць праўду, не стараючыся?.. Ці магчыма яно ўвогуле, калі праўду трэба сказаць не пра іншага  пра сябе?..

Мудрыя рабіць гэтага не раяць.

«Ніколі не распавядайце пра сябе ні добрага, ні кепскага. У першым выпадку вам не павераць, у другім — прыўкрасяць».

Кожны раз, як толькі пацягне раскрыцца, расхрыстацца, так згадваецца гэтая выснова Канфуцыя, у слушнасці якой я пераконваўся не аднойчы.

І тым не менш...

«Калі я зазіраю ў самога сябе, у найцёмныя свае глыбіні, і бачу ў іх сябе самога такім, які я ёсць, то ўсе астатнія людзі, якімі б яны ні былі, здаюцца мне анёламі», — пачуў я аднойчы ад Андрэя Клімава. Вось праўда, якую ведае пра сябе кожны, але прызнацца ў якой знаходзяць у сабе мужнасць нямногія.

Гэта датычыць як кожнага асобнага чалавека, гэтак і народа, краіны...

Дзіўную даў нам Бог краіну. Усё ў ёй нібыта ёсць — у водах рыбы, у лясах звяры і птушкі, у гарадах і вёсках жыхары, якія самі сябе беларусамі называюць, а ладу беларускага, з якога само па сабе было б зразумела, нашто ўсё тут і дзеля чаго, няма і няма. І спрадвеку ў тым нехта вінаваты — то рускія, то палякі, то габрэі... Толькі не мы самі, о, не! Дзесяць мільёнаў не вінаватых у тым, што жывуць у айчыне без Айчыны, на таямнічай зямлі з цьмянай, нібыта чужой, гісторыяй і замглёнай, нібыта не сваёй, будучыняй.

Гэта зусім не характарызуе нас як нейкіх выкапняў. Стаўленне беларусаў да саміх сябе, да самаідэнтыфікацыі — ніякі не ўнікальны выпадак у гісторыі, так заўсёды было. Народ да нацыі вялі і прыводзілі ягоныя лідэры.

З нацыянальнымі лідэрамі маем мы гэткія ж праблемы, як і з нацыяй, бо адно з другога вынікае.

Хто ў нас мог так сказаць пра беларусаў (а значыць, пра сябе), калi яны выбралi Лукашэнку, як пра грузiнаў сказаў Мераб Мамардашвiлi: «Калi грузiнскi народ абярэ Звiяда Гамсахурдзiя, я пайду супраць грузiнскага народа»? Хiба Васiль Быкаў гэтак мог сказаць, каб яго пачулi — больш нiхто. Але і ён не сказаў. А тым больш нiхто не прамовіў, як той жа Мамардашвiлi: «Ёсць рэчы болей важныя, чым нацыя: iсцiна вышэй за нацыю».

Ісціна — там і тады, дзе і калі ёсць адказнасць. Але, на жаль, гісторыя чалавецтва — гісторыя дактрын, безадказных падробак пад ісціну.

Што, апроч мужнасці, трэба мець, каб сказаць: iсцiна вышэй за нацыю? Трэба мець нацыю. І менавіта сумневы ў тым, што мы яе маем (грузіны, маўляў, нацыя, а беларусы — хто іх ведае), змушаюць нас замест размовы з народам весці правакацыйныя спрэчкі пра тое, ці ёсць яна, нацыя, ці ёсць ён, беларускі народ, ці нічога гэтага няма?

Не сёння яно пачалося — і ўсё ніяк не сканчаецца.

«...Народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы ёсць зарука жыццёвасці і энергіі жыцця... Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не ўратаваў бы сябе ніколі». (Фёдар Дастаеўскі).

Калі беларус Дастаеўскі, які стаў нацыянальным рускім геніем, гэта напісаў? Паўтара стагоддзя таму! А нам дасюль настойліва даводзяць, што самостойнай беларускай мовы, культуры, гісторыі, а значыць, самастойнага беларускага народа не існуе. І неверагодна, але многія з нас ківаюць: “Так-так, няма нас, няма...” І не адно дурні ківаюць. Адзін з найвядомых беларусаў (стопрацэнтны, як ён сам пра сябе казаў, беларус) І. Саланевіч (удзельнік антысавецкага падполля, аўтар трактату “Народная манархія”) таксама ківаў: так-так... «Нашых беларускіх самастойнікаў я ведаю як аблупленых. Уся гэтая беларуская самастойнасць ёсць своеасаблівы комплекс непаўнавартасці».

Вось яно, карэннае, вызначальнае ў адносінах да нас: непаўнавартасныя. У мове, культуры, гісторыі, дзяржаўнасці... І калі б тое даводзілі толькі чужыя. Дык не: даводзяць і свае. Як антысаветчык Саланевіч (беларуская самастойнасць ёсць комплекс непаўнавартасці), гэтак і homo soveticus Лукашэнка («па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага»).

Цяпер трэба ўспомніць Андрэя Клімава, зазірнуць у сябе самога і прызнацца ў тым, у чым прызнавацца не варта, але што ж... Я таксама ў сваіх «цёмных глыбінях» лавіў сябе на «комплексе Саланевіча», на адчуванні непаўнавартасці беларусаў як нацыі, як народа. Адчуў я гэта на Дзяды 1988 года па дарозе на Курапаты, убачыўшы, як побач з могілкамі, дзе ў зямлі ляжалі мёртвыя, паслаліся на гэтай жа зямлі, хто стаўшы на калені, хто сеўшы на кукішкі, жывыя. Паслаліся перад сілай, шэрай у шэрых шынялях, што насоўвалася на іх па полі, дзе яны спыніліся на мітынг. Нехта спрабаваў выпрастацца, падняцца, каб прарваць тую сілу, яе шэрыя ланцугі, але ўсе астатнія крычалі: «Сядайце! Няхай яны ідуць  сядзем перад імі! Нічога не робім! Сядай, Беларусь!».

І Беларусь села. У холадным полі пад сцюдзёным ветрам, пад колкім, што ляцеў дробным шротам, снегам...

Уражаны, я хацеў напісаць, што нельга перамагчы на каленях, на кукішках! Але я быў разам з усімі... і напісаў не пра сядзячы мітынг, а пра маўклівы.

Мы ведалі, пра што маўчалі з імі,
Жывыя з мёртвымі і мёртвыя з жывымі.
І ўпершыню, маўклівы сцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.

Мне казалі пасля: «Якая ў вершы сіла, якая вера!» А я не мог сказаць, што напісаны ён праз бяссілле, праз нявер’е...

Было гэта 25 гадоў таму, толькі аднойчы — і болей ніколі. Але не-не дый кальне тое адчуванне іголкай пад сэрцам.

Вось з чым трэба нам сканчаць раз і назаўсёды! З адчуваннем бяссілля, з нявер’ем. Маўляў, што мы можам? Ды ўсё! І ўжо многае змаглі.

Сярод усіх даволі расплывістых вызначэнняў нацыі (агульнасць псіхалагічнага складу, гісторыі, культуры, самасвядомасці) ёсць і вызначэнне дакладна акрэсленае: «Нацыя — гэта народ, арганізаваны ў дзяржаву». Хіба мы не маем гэтага? Маем. І няхай хто заўгодна з чужых даводзіць нам, што нас няма, і хай для некага са сваіх не зусім гэтакі ў нас, як некаму хацелася б, народ і не такая, як некаму марылася, дзяржава, але і народ, і дзяржава ёсць! І будзе ўсё астатняе, што павінна быць у працавітага народа ў сучаснай дзяржаве, калі будзем помніць Дастаеўскага: «Народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы ёсць зарука жыццёвасці» — і пазбавімся «комплекса Саланевіча».

З кнігі «Знакі прыпынку»

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.29 (всего оценок: 38)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева