Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Байнет шутит: право на димакратию
    Не успел президент отменить в стране диктатуру, уже началась анархия — цены на бензин вверх, холод собачий...
  2. Лоббировать институт омбудсмена гражданскому обществу лучше единым фронтом
    Речь о создании в Беларуси института уполномоченного по правам человек ведется с начала 90-х…

Общество

Алея ліхтароў у Брэсце: а чаму Гогаль?..

 

Адной з самых яркіх падзей Дня горада ў Брэсце, які святкавалi 27 ліпеня, стала адкрыццё, а пазней і ганаровае запальванне алеі ліхтароў на вуліцы Гогаля, што ў самым цэнтры. Карэспандэнт Naviny.by прагулялася па толькі што адкрытай алеі ды паслухала, што пра новую “фішку” горада думаюць берасцейцы.

 

Алея ў сакрэце

“Гэтыя ліхтары былі ўсталяваныя недзе з тыдзень таму і стаялі заматаныя. Да самага апошняга моманту ўсё трымалася ў страшэннай таямніцы, каб ніхто да адкрыцця іх не бачыў”, — распавядае мне калега, якая жыве і працуе ў Брэсце.

Ідэя стварэння арыгінальнай алеі з 28 каваных ліхтароў належыць мэру Брэста Аляксандру Палышанкову, які прынцыпова не хацеў траціць на ажыццяўленне сваёй задумы грошы з бюджэта. “Сёння мы адкрываем яшчэ адну славутасць горада, якая будзе прывабліваць як берасцейцаў, так і гасцей горада. Гэта падарунак Брэсту ад прадпрыемстваў, арганізацый і прыватных асоб, прысвечаны тысячагоддзю горада. Кожны ліхтар – імянны. Побач з ім ёсць зорка, на якой напісана назва той арганізацыі, якая яго падаравала гораду”, — адзначыў Палышанкоў, адкрываючы алею.

Некаторыя ліхтары на вуліцы Гогаля зроблены па матывах твораў пісьменніка, што лагічна. Тут табе і “Вий”, і “Вечера на хуторе близ Диканьки”, і кавалак “Мёртвых душ”, і “Нос”. Але большасць твораў – фантазіі прыдпрыемстваў і кампаній, якія і прафінансавалі праекты. Аўтарамі каваных твораў мастацтва выступілі кавалі з Брэста, Бярозы ды Мінска. У планах адміністрацыі горада да тысячагоддзя Брэста, то бок, праз шэсць гадоў, павялічыць колькасць “літаратурных” ліхтароў да сарака.

Неўзабаве пасля цэрымоніі адкрыцця па алеі гуляла шмат людзей, многія фатаграфаваліся, асабліва актыўнічалі дзеці. “Во, матуля, які чорт!” – крычаў хлопчык, паказваючы на каларытнага чорта, які матэрыалізаваўся з твораў Гогаля ў Брэсце. “Да, вельмі добра зроблена!” – пагадзілася матуля, здымаючы ліхтар з усіх бакоў.

 

“Гогаль – наша класіка!”

Але далёка не ўсе былі замілаваныя новай ідэяй брэсцкага мэра. “Не разумею, пры чым тут Гогаль? Чаму б не зрабіць ліхтары па творах беларускага пісьменніка?” – чую рытарычнае пытанне жанчыны ва ўзросце. “А мы не свае, мы чужыя ў гэтай краіне! Навошта для нас нешта рабіць?” – пагаджаецца з ёй іншая кабета. Мы з калегамі падхопліваем пытанне і пачынаем абмяркоўваць, чаму ў нас, як заўжды, сапраўды вартая ўвагі ідэя скіраваная не на беларусаў, а на замежнікаў.

“Самае цікавае, што недалёка, таксама ў самым цэнтры, такая ж прыгожая алея імя Міцкевіча! Чаму б не зрабіць такі праект па ягоных творах?” — не разумее калега...

Мы iдзем далей і сустракаем каля аднаго з лiхтароў спонсара Юрыя Ганчарэнку і галоўнага архітэктара Брэста Алега Ляшука. “Гэты ліхтар не паводле твора Гогаля, ён зроблены па эскізе школьніцы, якая перамагла ў конкурсе праектаў ліхтара для гэтай алеі. А я праспансіраваў яго. Вось хай лепш вам архітэктар больш раскажа”, — перадаў Юрый Мікалаевіч слова галоўнаму архітэктару.

“Так, сапраўды, праводзіўся конкурс на найлепшую ідэю ліхтара сярод школьнікаў. Ён дастаткова цікавы, я лічу, — распавядае Алег Ляшук. — Кожны ліхтар у алеі адлюстроўвае ідэю яго аўтара. Тут ёсць, канешне, і працы з сімволікай прадпрыемстваў, арганізацый. Вось тут – скрыпічны ключ каля музычнай школы, далей швейная машынка, якая паказвае, што Брэст – горад, у якім шмат швейных прадпрыемтваў, ёсць і ліхтары проста з сімваламі прадпрыемстваў.”


Алег Ляшук

Падыходзім да ліхтара, пра які нам распавёў архітэктар. Каб сесці за машынку “Зінгер” і сфатаграфавацца, выстройваецца даўгая чарга. “Iдэя мне падабаецца, цікава зроблена, — дзеліцца Вольга. – Але кола павінна быць з правай рукі – у мяне такая самая машынка дома стаіць! Не ведаю, хто рабіў гэты ліхтар, але яўна не той, хто шые”.

Падыходзім да “хуткай язды” па Гогалю. “Ну нарэшце, адшукалі ліхтар, які зроблены не па фантазіях спонсараў, а па творах “нашага класіка”!” – радуецца калега. “Паглядзі, якія класныя коні! Фактурныя такія, аб’ёмныя!” — кажа хлопец дзяўчыне, фатаграфуючы яе на фоне конскіх галоваў.

Наш азнаямляльны шпацыр па новай славутасці Брэста скончваецца каля ліхтара паводле “знакамітага твора Гогаля” “Маленькі прынц”. “А што тут прынц робіць? Не, ну вы бачылі? Нешта я заблыталася. Што да чаго?” – пытаецца сяброўка. “О! Гэта ж Экзюперы! Прынц, ружа – усё правільна. А Гогаль, Гогаль тут прычым?” – не разумее і дзяўчына ў акулярах з кнігай у руцэ.

Застаецца спадзявацца, што пасля алеі ліхтароў у гонар Гогаля ў беларускіх гарадах будуць запальвацца прыгожыя каваныя ліхтары ў гонар Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і іншых вартых нашай пашаны землякоў.

Оценить материал:
Средний балл - 4.67 (всего оценок: 12)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • А чаму б не па творах Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", "Русалка-спакусніца" цi iншых. Цi у Бярэсцi пра iх ня ведаюць?
  • Сапраўды, для беларуса там будзе неяк няёмка ( "Какой русскій не любіт быстрой езды?" ! Тут адразу узнікае пытанне: А беларусы, яны памяркоўныя і заўсёды "тармозяць" і рускіх не даганяюць?! Гэта вельмі нагадвае адкрытую самаНЕпавагу (

Интересные Факты

Загрузка ...