У Магілёве каталікі ўпершыню правялі імшу па-руску

Некаторыя каталікі, якія прыходзяць на службы па-беларуску, ня ўтойвалі сваёй незадаволенасці рускамоўнымі набажэнствамі.

У Магілёве ўпершыню адбылася каталіцкая імша на рускай мове. У кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава прыйшлі на яе 34 чалавекі.

Цягам некалькіх дзён у канцы беларускамоўных службаў святары абвяшчалі, што ад нядзелі 2 кастрычніка пачнуцца службы па-руску. Святары тлумачылі: быў зварот ад вернікаў, якія папрасілі праводзіць такія службы, бо не разумеюць беларускай і польскай моваў. Адзначалася, што набажэнствы на рускай мове — эксперымент, і далейшы яго лёс будзе залежаць ад наведванняў.

Касьцёл Унебаўзяцця Панны Марыі

 

Незадаволенасць рускамоўнай імшой ёсць, але не публічная

Тым часам некаторыя каталікі, якія прыходзяць на службы па-беларуску, ня ўтойвалі сваёй незадаволенасці рускамоўнымі набажэнствамі. Іх дазвол вернікі разглядалі як правакацыю ці дапускалі, што каталіцкія іерархі пагадзіліся на ініцыятыву пад ціскам уладаў.

Вернікі адзначалі, што не змаглі адшукаць у гісторыі магілёўскага касцёлу, каб службы адпраўлялі на рускай мове. Разам з тым ніводзін з незадаволеных не пагадзіўся публічна агучыць сваёй пазіцыі. Сваю адмову тлумачылі тым, што касцёл ня месца для палітыкі.

Устрымаліся ад каментароў наконт рускамоўных набажэнстваў і магілёўскія святары. У прыватных гутарках яны давалі разумець, што дазвол на службы па-руску — гэта місіянерскі крок.

Служба на рускай мове

 

Мы выхоўваліся па-руску і хочам рускамоўнай імшы

Святая імша на рускай мове была прызначаная на 17 гадзінаў. Вялікага наплыву вернікаў на яе не назіралася. Час ад часу на цвінтары забіраліся невялікія купкі людзей, якія між сабою гутарылі, а потым заходзілі ў касцёл.

“Мы беларусы, але мы рускамоўныя беларусы. Усё жыццё мы пражылі ў нашай вялікай краіне — Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік”, — адрэагаваў на пытанне журналіста, чым выкліканая неабходнасць правядзення рускамоўных набажэнстваў, вернік, які прыйшоў на службу з жонкай.

“Мы выгадаваліся на рускай мове і, галоўнае, мы думаем па-руску. Працэнтаў дзевяноста беларусаў таксама думаюць на рускай мове. Гэта мае вялікае псіхалагічнае значэнне для чалавека, — патлумачыў сваю пазіцыю суразмоўца. — У той жа час мы любім, нам падабаецца беларуская мова, але думаем мы ўсё ж на рускай. Таму яна нам і родная”.

“Мы большую частку жыцця пражылі ў Санкт-Пецярбургу. Выйшлі на пенсію і прыехалі ў Беларусь”, — далучылася да гутаркі жонка суразмоўцы.

 

Пачуеш беларускае слова і не разумееш

“Я сёння пабываў на беларускамоўнай імшы, і найбольш актыўныя вернікі напружыліся, пачуўшы абвестку, што ў касцёле адбудзецца служба па-руску. Некаторыя з іх ня ўтойвалі, што такі крок разглядаюць, як правакацыю?” — пытаю суразмоўцаў.

“Я магу і па-беларуску гаварыць, — паспяшалася адказаць магілёўская каталічка. — Я вывучала набажэнствы па-беларуску і па-польску. Мяне завуць Браніслава, і бабцю маю звалі Браніслава. Яна таксама была каталічка. Аднак іншым разам пачуеш беларускае слова і ня ведаеш, што яно азначае, бо думаеш усё роўна на рускай”.

“У нас жа і малітоўнікі на рускай мове ёсць”, — паказала малітоўнікі кабета, спяшаючыся з мужам на службу.

Малітоўнікі на рускай мове

 

Прыйшла паглядзець, колькі вернікаў ня ведаюць беларускай мовы

“Прыйшла, каб паглядзець, хто не разумее беларускай мовы. Дзеля цікавасці прыйшла, — заявіла наступная суразмоўца. — Гэтай ініцыятыве «русский мир» паспрыяў”.

“Ня думаю, каб дваццаць вернікаў наважыліся на такі крок. Гэта ня першая ўжо спроба. Папярэднія скончыліся нічым, і гэтая скончыцца гэтаксама”, — упэўнена адзначыла беларускамоўная каталічка.

 

Побач Расія

Наступная суразмоўца ў купцы са святаром абмяркоўвала навіны каталіцкага жыцця. На пытанне, ці прыйшла яна на рускамоўнае набажэнства, пэўна не адказала, аднак ініцыятыва такая ёй даспадобы.

“Мы знаходзімся побач з Расеяй, і людзям, якія прыязджаюць адтуль, сапраўды цяжка маліцца па-беларуску ці па-польску. У каго слабая вера, той прыйдзе, паслухае і скажа: «Ай, мне неяк незразумела». І перастане хадзіць у касцёл. Перастане змагацца, і самі ведаеце, да чаго гэта прывядзе”, — выклала сваю пазіцыю дзяўчына і тут жа дадала: “Калі ж служба будзе на роднай мове такіх вернікаў, то нават для пяцёх яе трэба праводзіць, у гэтым ёсць сэнс”.

“А чаму, — пытаю ў суразмоўцы, — такая ініцыятыва ўзнікла цяпер, а ня год ці два таму?”

“Бо больш святароў стала, — адказала яна. — Раней не было рэсурсаў, а цяпер яны зʼявіліся”.

Прыйшлі да біскупа рускамоўныя вернікі, каб была імша на іхняй мове, — далучыўся да гутаркі святар. — Калі б да яго прыйшлі нямецкамоўныя, то біскуп меўся б зрабіць імшу па-нямецку. Трэба быць адкрытым для людзей, каб яны сустрэлі Хрыста”.

 

Нязвыкла беларусу чуць у касьцёле рускую мову

“Я сёння паспеў пагутарыць з вернікамі-беларусамі, і яны напружана ставяцца да весткі, што службы будуць на рускай мове”, — кажу да дзяўчыны. Тая, паразважаўшы, адказвае:

“Проста для іх нязвыкла чуць імшу на рускай мове. Беларусы ж заўжды моляцца па-беларуску. Для нас гэта натуральна. Таму, калі на рускай мове, то гэта неяк дзіўна. Аднак такія вернікі не разумеюць, што трэба ня толькі пра сябе думаць, але і пра тых людзей, якія не разумеюць беларускай. Пагатоў, як сказаў айцец Раман, нават калі ёсць просьба да біскупа, то ён ня можа адмовіць. І як можна адмовіць чалавеку маліцца на ягонай роднай мове?”

 

Падазрона, што беларусы не разумеюць беларускай мовы

Яшчэ адна маладая каталічка прызнаецца, што з недаверам ставіцца да ініцыятывы наконт рускамоўнай службы. Суразмоўца бачыць у ёй няшчырасць:

“Я ўсё сваё жыццё хаджу ў касцёл, і службы праходзяць па-беларуску і па-польску. Да рускамоўнай імшы стаўлюся троху насцярожана. Я прысутнічала на такіх службах, калі адбываліся міжнародныя сустрэчы з удзелам беларускай, рускай і ўкраінскай моладзі. Але тады руская мова дапамагала паразумецца.

З аднаго боку, рускамоўныя службы, можа, і дапамогуць людзям, якія кажуць, што не разумеюць па-беларуску. А з другога боку, дужа падазрона, што гэтыя людзі не разумеюць беларускай мовы, хоць яны ў Беларусі жывуць”.

 

Мы інтэрнацыяналісты — за мір і спакой

“Рускамоўныя службы — гэта дужа добра, — заяўляе наступная суразмоўца, якая прыйшла на імшу. — Мы ж жылі ў адной краіне — Савецкім Саюзе, і руская мова для нас была асноўнай. Я, напрыклад, гавару на рускай мове, думаю на ёй, хоць магу гаварыць і на беларускай. Не істотна, на якой мове будуць службы — на беларускай, рускай ці лаціне — галоўнае, каб людзі прыходзілі ў касцёл”.

“Наколькі карэктна казаць пра Савецкі Саюз, Савецкі Саюз жа закрыў гэты касцёл?” — пытаю суразмоўцу.

“Так, але ён не закрыў наша жыццё, — адказвае яна. — Мы гадаваліся ў Савецкім Саюзе ў рускамоўным асяродку. Мы інтэрнацыяналісты. Мы вітаем усе мовы. Аднолькава ставімся да ўсіх нацыянальнасцяў, бо яна не вызначае чалавека. Калі ўсе жывуць у міры і згодзе, то гэта добра”.

 

Правакацыі ня бачу

“Я ніякай правакацыі ў гэтым ня бачу, — адрэагавала яшчэ адна наведніца касцёлу на згадку пра незадаволенасць беларускамоўнымі каталікамі правядзеннем рускамоўных службаў. — Я не надаю вялікага значэння мове. Для мяне галоўнае — адчуваць сябе камфортна, каб было лёгка выказваць свае думкі. А іх я магу выказваць на рускай мове”.

“Я трымаюся больш місіянерскага духу. А чаму руская мова выклікае такое негатыўнае стаўленне на нашай прасторы?” — задала рытарычнае пытанне жанчына.

 

Чаму беларусы не аддаюць сваіх дзяцей у беларускія класы

“Я прыехала ў Беларусь даўно, я не беларуска, — ня стала ўтойваць суразмоўца. — Але я люблю беларускі народ і гэтую краіну. Я крыху была здзіўленая, што беларусы не гавораць на беларускай мове, але ўспрыняла гэта як належнае. Ня хочуць і не гавораць”.

“Беларускія класы спрабуем адкрываць. Трое чалавек сёлета толькі ў іх пайшло. Чаму людзі, якія негатыўна ставяцца да службы на рускай мове, аддаюць сваіх дзяцей не ў беларускія класы, а ў рускамоўныя школы? — зноў паставіла пытанне жанчына і гэтым разам паспрабавала на яго адказаць: — Трэба дзяцей з пялюшак вучыць гаварыць па-беларуску, з сям’і пачынаць, каб дзеці пайшлі ў садок беларускамоўнымі. А ў школе пачыналі вучыць рускую мову як дадатковую. А не патрабаваць ад касцёлу, каб ён вучыў беларускай мове”.

Як кажуць у магілёўскім касцёле, рускамоўныя каталікі пагадзіліся, што набажэнствы на іхнай мове будуць адбывацца толькі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.