«Маленькага прынца» у беларусай агучцы пакажуць у Гомелі

Праект «Беларускія ўікэнды» працягвае падарожжа па гарадах Беларусі з мультфільмам «Маленькі прынц». Трэцім абласным цэнтрам, жыхары якога ўбачаць яго ў прафесійнай беларускай агучцы на вялікім экране, стане Гомель.

Паказ мультфільма пры падтрымцы velcom адбудзецца 9 верасня ў 15:30 ў кінатэатры ім. Калініна.

Прэм'ера французскага мультфільма па матывах аповесці Антуана дэ Сэнт-Экзюперы ў беларускай агучцы з поспехам адбылася ў Мінску. На працягу наступных двух месяцаў паказы з аншлагам прайшлі ў Гродна і Магілёве.

Мультфільм у кінатэатры паглядзелі ўжо больш за 3,3 тыс. гледачоў, а трэйлер да яго ў сацыяльных сетках набраў больш за 600 тыс. праглядаў. Цяпер магчымасць пазнаёміцца з арыгінальнай інтэрпрэтацыяй адной з самых чытальных кніг у свеце з'явіцца і ў жыхароў Гомеля.

Праект «Беларускія ўікэнды» створаны яго кіраўніком Андрэем Кімам пры ўдзеле групы сяброў і аднадумцаў — вядомых беларускіх акцёраў Паўла Харланчука, Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Дзмітрыя Бейнарт-Саладухі, Сяргея Жбанкова, Уладзіміра Глотава. Менавіта іх галасамі загаварылі па-беларуску героі больш як 20 сусветных кінахітоў розных жанраў. А пасля таго, як у 2017 годзе партнёрам праекта стаў velcom, «Беларускія ўікэнды» атрымалі магчымасць выйсці на рэспубліканскі ўзровень.

У гасцей паказу 9 верасня будзе магчымасць набыць кнігу «Маленькі прынц» на беларускай мове, якую арганізатары «Беларускіх ўікэндаў» перавыдалі сумесна з кампаніяй velcom. Значная частка накладу будзе перададзена ў бібліятэкі школ горада Гомеля.