У Мсціславе назавуць плошчу імем Пятра Мсціслаўца
Мсціслаў заставаўся адзіным горадам, у якім не было помніка Леніна і плошчы імя Леніна.
У Мсціславе райсавет ухваліў рашэнне ўвекавечыць імя беларускага друкара Пятра Мсціслаўца. Яго імем назавуць цэнтральную плошчу горада. Акрамя таго ў старой частцы райцэнтру дзвюм вуліцам вернуць гістарычныя назвы: Кармеліцкая і Пірагоўская.
Помнік Пятру Мсціслаўцу на цэнтральнай плошчы гораду.
У райсавеце адзначылі, што цэнтральная плошча перад райвыканкамам назвы дагэтуль ня мела, але на ёй стаіць помнік Пятру Мсціслаўцу.
«Таму райсавет і зацвердзіў назву плошчы, як плошча імя Пятра Мсціслаўца. Гэта знакавая гістарычная асоба ня толькі для Мсціслава, але для ўсёй Беларусі», — паведаміў старшыня райсавету Святаслаў Кусаў.
Паводле суразмоўцы, у гістарычнай частцы гораду будуць пераназваныя дзве вуліцы. Адной з іх, якая ля Кармеліцкага касцёлу, вернуць назву — Кармеліцкая. Яшчэ адну, якая насіла імя Урыцкага, назавуць Пірагоўская.
Святаслаў Кусаў удакладніў, што пакуль гістарычныя назвы вернуць толькі часткам вуліц у старым горадзе. Канчаткова імя Ўрыцкага з мапы гораду яшчэ ня знікне.
«Мсціслаў вельмі старажытны горад. І як ёсць, напрыклад у Таліне — стары Талін, а ў Менску — стары Менск, дык чаму б ня быць і старога Мсціслава. Увекавечванне імя Мсціслаўца і вяртанне гістарычных назваў вуліцаў адбываецца ня толькі ў межах падрыхтоўкі гораду да Дажынак. Гэта адзін з крокаў па наданні гораду статусу горад-музей пад адкрытым небам», — адзначыў Святаслаў Кусаў.
Пётр Мсціславец разам з Іванам Фёдаравым (Федаровічам) заснаваў у 1564 годзе ў Маскоўскім княстве друкарню і выдаў у ёй першую ў Масковіі друкаваную кнігу «Апостал». Падзякі, аднак, не дачакаўся. Разам з Фёдаравым вымушаны быў ратавацца ўцёкамі на радзіму — у Вялікае Княства Літоўскае. Тут ён заснаваў новую друкарню і працягнуў справу Скарыны.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў вітае рашэнне мсціслаўскіх уладаў па ўвекавечванні імя Пятра Мсціслаўца. Яго і Івана Фёдарава руплівец беларушчыны называе беларускімі патрыётамі.
«Іх у Маскве ледзьве не забілі, і калі ён разам з Фёдаравым уцёк у Вялікае Княства, яны ў дваіх шмат чаго беларускага надрукавалі. Таму яны нашы патрыёты. Мсьціславец і Фёдараў, ён жа Федаровіч, сябры і яны абодва зь Беларусі», — даводзіў Алег Трусаў.
«На плошчы, якой надаюць імя Мсціслаўца, некалі збіраліся паставіць помнік Леніну, — кажа старшыня ТБМ. — Але па незразумелых прычынах улады гэтага не зрабілі. І Мсціслаў заставаўся адзіным горадам, у якім не было помніка Леніна і плошчы імя Леніна Калі рабілі гэтую плошчу, то загінула шмат старых будынкаў. Была знесеная частка гандлёвых радоў. Так улады рыхтавалі плошчу пад помнік Леніна».
Садова-паркавая фігура Мсціслаўца
Як згадвае Алег Трусаў замест помніка Леніна паставілі помнік Пятру Мсціслаўцу:
«Яго адкрылі на Дзень беларускага пісьменства і друку. Такім чынам у горадзе стала два помнікі друкару. Адзін напаўлегальна мы паставілі яшчэ ў савецкі час. Помнік гэты стаіць пад Езуіцкім касцёлам і аформлены ён як садова-паркавая фігура. У час, калі ставілі першы помнік, Мсціславам кіраваў дужа прагрэсіўны старшыня райкаму партыі Катушкін. Ён шмат чаго дазваляў беларускага рабіць у Мсціславе».
Неўзабаве Мсціслаў прыме абласны фестываль працаўнікоў сяла «Дажынкі-2016». Пры падрыхтоўцы да яго пацярпелі некаторыя помнікі архітэктуры. Так, зусім побач з цэнтральнай плошчай райцэнтру будаўнікі наткнуліся на старыя сутарэнні. Паводле знаўцаў даўніны, гэта частка гандлёвых радоў. Паколькі сутарэнні ня мелі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, іх засыпалі. На засыпанай пляцоўцы зрабілі стаянку.
Обсудим?