У Магілёве беларусізуюць назвы прыпынкаў

Амаль усе яны дагэтуль падаваліся на расейскай мове. Рупліўцы беларушчыны спадзяюцца, што паволі расейскамоўныя назвы прыпынкаў заменяць на беларускамоўныя.

У Магілёве узяліся беларусізаваць назвы прыпынкаў грамадскага транспарту. Амаль усе яны дагэтуль падаваліся на расейскай мове. Рупліўцы беларушчыны спадзяюцца, што паволі расейскамоўныя назвы прыпынкаў заменяць на беларускамоўныя.

На тое, што ў Магілёве пачалі перапісваць на беларускую мову назвы прыпынкаў грамадскага транспарту, звярнуў увагу гісторык Ігар Пушкін. Ён не хавае: убачыўшы тое, дужа зьдзвіўся.

«У вочы кідаецца ня столькі назва самога прыпынку, колькі словы „Прыпынак“ і „Остановка“, — кажа суразмоўца. — Гэта дужа заўважна і закладвае ў менталітэт аснову для маўлення і мыслення».

Жыве навуковец у адным са спальных раёнаў абласнога цэнтру. Некаторыя тутэйшыя прыпынкі, кажа, беларусізавалі. Беларускамоўныя назвы, дадае ён, з'яўляюцца на адрамантаваных прыпыначных паветках.

Падыход транспартнікаў да падачы назваў прыпынкаў на беларускай мове, заўважае Ігар Пушкін, абвяргае довады, што пераход на беларускую мову павінен абавязкова адбывацца на жаданне гараджан.

Суразмоўца згадвае нядаўнюю сустрэчу чыноўнікаў з прадстаўнікамі грамадскасці, на якой абмяркоўвалі стан беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве. На гэтай сустрэчы гаварылі, што ў бацькоў няма жадання, каб іхныя дзеці вучыліся па-беларуску, таму няма і беларускамоўных класаў.

Ігар Пушкін на такія аргументы рэагуе: бацькоў ад пачатку пазбаўляюць выбару:

«Напрыклад, бацькам прапануецца: на якой мове яны б хацелі, каб іхнае дзіця вучылася? Гэтак нібыта высвятляецца пазіцыя бацькоў. А павінен быць выбар: вось табе беларуская кляса, а вось расейская. А далей павінна быць жаданне таго ж гарадскога аддзелу адукацыі адкрыць беларускую клясу. Калі жаданне ёсць, то такая кляса з'явіцца», — тлумачыць суразмоўца.

«Вось жа з'явілася жаданне ў транспартнікаў, і ніхто не запытваўся ў гараджан — на якой мове яны хочуць, каб былі напісаныя назвы прыпынкаў, — працягвае Ігар Пушкін. — У нас дзве мовы дзяржаўныя. Калі ласка, вам напісана і на беларускай».

Суразмоўца адзначае, што беларускамоўныя назвы прыпынкаў у ягоным раёне чаргуюцца з расейскамоўнымі. На адным баку вуліцы назва прыпынку на беларускай мове, удакладняе ён, а на другім — на расейскай.

У аддзеле транспарту і камунікацыяў Магілёўскага гарвыканкаму пацьвердзілі: назвы прыпынкаў сапраўды пачалі пісаць па-беларуску.

«Ёсць такая тапанімічная камісія пры гарвыканкаме, і па яе рэкамендацыі вырашылі, што назвы прыпынкаў павінны быць на беларускай мове», — паведаміла супрацоўніца аддзелу.

Ейны калега дадаў: «Гэта звязана з тым, што ў нас дзве мовы дзяржаўныя — і беларуская, і расейская. Гэта не азначае, што назвы будуць перапісвацца. Але калі адбываецца афармленне прыпынку па-новаму, тады пішацца на беларускай мове. Вы ж разумееце, афармленне таксама каштуе грошай».

Сябра тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме, гісторык Аляксандр Агееў згадвае: на адно з пасяджэнняў прыходзіў супрацоўнік транспартнага аддзелу па параду, як падаць назву прыпынку — «Тэатр лялек». Раней ён называўся «Плошча Леніна», але тэатр папрасіў, каб прыпынак перайменавалі, і просьба была выканана.

«Тады мы і звярнулі увагу, што назвы прыпынкаў напісаныя ў Магілёве спрэс па-расейску, і гэта не нармальна», — згадвае Аляксандр Агееў.

«Пазіцыю камісіі падтрымаў тады намеснік старшыні гарвыканкаму, — дадае суразмоўца. — Ён прызнаў, што ў горадзе сапраўды перакос у гэтай справе і яго трэба выпраўляць. Дужа цешыць, што ў супрацоўнікаў гарвыканкаму, якія уваходзяць у камісію, не было пярэчанняў наконт падачы назваў прыпынкаў на беларускай мове. Нават была прапанова, каб назвы усіх прыпынкаў падаваць, як у Менску, па-беларуску».

Пакуль жа назвы бальшыні прыпынкаў, у тым ліку цэнтральных, у Магілёве застаюцца расейскамоўнымі. Беларусізацыя да іх яшчэ не дайшла. Вылучаецца хіба што згаданы прыпынак «Тэатр лялек». Ён у цэнтры гораду і аточаны расейскамоўнымі назвамі «Площадь Ленина».

Яшчэ адна назва прыпынку ў цэнтры гораду спалучае ў сабе і беларускую, і расейскую мовы: «Остановка „Чырвоная Зорка“».


  • У Магілёве узяліся беларусізаваць === если "беларусизаваць" прыгожае слова, то я тогда анджелина джоли...