Аліна Талай і Юрый Жыгамонт правялі ў Пінску ўрокі беларускай мовы для школьнікаў
Лёгкаатлетка Аліна Талай і тэлевядучы Юрый Жыгамонт сталі настаўнікамі беларускай мовы і правялі 5 кастрычніка ў Пінску спецыяльныя ўрокі «Чытаем па-беларуску з velcom». У гэты дзень незвычайныя заняткі прайшлі ў некалькіх сярэдніх школах горада.
Ініцыятар праекта — кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.
Падчас урокаў Аліна Талай распавядала пра тое, чаму важна размаўляць на роднай мове і правяла інтэрактыўную гульню са школьнікамі на веданне спартыўных тэрмінаў.
Нягледзячы на свой юны ўзрост, вучні актыўна дапаўнялі настаўнікаў на беларускай мове, распавядалі пра любімых пісьменнікаў Беларусі і чыталі вершы на памяць.
«Я з радасцю далучылася да такога цікавага праекта, як «Чытаем па-беларуску з velcom». На самой справе вельмі займальна праводзіць ўрокі ў школах, назіраць за эмоцыямi дзяцей і настаўнікаў, бачыць іх жывую рэакцыю на праект і тое, што ён сапраўды ім цікавы. І немалаважна, што гэта ініцыятыва ужо ахоплівае ўсю Беларусь», — падзялілася ўражаннямі Аліна Талай.
«Я вельмі рады, што зноў магу сустракацца з маленькімі беларусамі ў рамках сацыяльнай ініцыятывы «Чытаем па-беларуску зvelcom». Гэтымі сустрэчамі я імкнуся данесці да дзяцей усю прыгажосць беларускай мовы, распавесці пра тое, як важна ведаць сваю гісторыю і памятаць свае карані. Таму вельмі знакава, што ў гэтым навучальным годзе праект пачаўся менавіта з Брэсцкай вобласці, дзе шмат месцаў з вялікай гісторыяй», — пракаментаваў вядомы беларускі акцёр, вядучы праграмы «Падарожжа дылетанта» Юрый Жыгамонт.
Галоўная задача сацыяльнай адукацыйнай ініцыятывы «Чытаем па-беларуску з velcom» — развіць цікавасць да роднай мовы і папулярызаваць чытанне на беларускай мове. Праграма урока адаптавана пад юны ўзрост удзельнікаў, таму ўключае ў сябе разнастайныя інтэрактыўныя гульні і дыялог, які па-новаму падае веды па мове і літаратуры.
У пастаянны склад настаўнікаў уваходзяць вядомыя беларускія пісьменнікі і акцёры, такія як Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алена Масла, Таццяна Сівец і Наталля Бучынская. Таксама ў ролі настаўнікаў беларускай мовы ў рамках праекта часта выступаюць вядомыя тэлевядучыя, спартоўцы і акцёры.
Обсудим?